Зніклага Максіма Мархалюка аб’явілі ў міжнародны вышук

Зніклага 16 верасня ў Белавежскай пушчы Максіма Мархалюка шукаюць і за межамі Беларусі. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў Следчы камітэт Беларусі, перадае “Свабода”.

На пачатку тыдня з’явілася інфармацыя, што нібыта на тэрыторыі Польшчы дальнабойшчык падвозіў у сваёй машыне 10-гадовага хлопчыка. Аднак, як пазней высветліла паліцыя, хлопчык не падобны да Максіма Мархалюка.

Паводле інфармацыі Следчага камітэту, міжнародны пошук Максіма быў аб’яўлены з 2 кастрычніка, але вынікаў пакуль няма. Тым часам у вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёну пошук працягваюць супрацоўнікі міліцыі, Следчага камітэту і МНС. Пра гэта Свабодзе паведаміла кіраўніца справамі Навадворскага сельсавету Вера Лісоўская:

— Цяпер ужо столькі людзей, як ехалі да нас з усяе Беларусі, няма. Пошукамі займаюцца адмыслоўцы. Але ў вёсцы людзі працягваюць думаць і гавараць пра гэта. Ужо так хочацца, каб з’явіліся добрыя навіны, усе чакаюць. І ніхто не можа ўявіць нават, куды ён мог знікнуць. З’явілася надзея, калі паказалі ў навінах, што нейкі хлопчык знайшоўся ў Польшчы, але высветлілася, што гэта не наш Максім… Усе перажываюць у вёсцы, чакаем навінаў.

Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы
Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы

Па факце знікнення Максіма Мархалюка Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная версія знікненьня, але асноўная па-ранейшаму застаецца нязменнай: Максім заблукаў у лесе.

Першыя паведамленні ў СМІ пра знікненне Максіма Мархалюка з’явіліся 18 верасня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю звярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і знік. Ужо а 22 гадзіне 16 верасня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.

У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх слядоў. Паводле звестак Міністэрства надзвычайных сітуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, не знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасці выпадкаў пошукавыя аперацыі завяршаліся поспехам у першыя ж суткі.

Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валанцёраў, але ў мінулую пятніцу супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках бяруць удзел адмыслоўцы.

Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы. 23 верасьня 2017 году
Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы. 23 верасня 2017 году

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: