Дадаць навіну
Пятніца, 24 лістапада 2017, 17:19

«У паляку беларусы бачылі пана». 5 цытатаў з канферэнцыі пра палякаў у Беларусі

У Гродне 20-21 верасня адбываецца навуковая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная польскай меншасці ў Беларусі. Яе ладзіць консульства Польшчы ў Гродне. “Свабода” запісала 5 цікавых цытат ад выступоўцаў.

У канферэнцыі бяруць удзел навукоўцы з Беларусі і Польшчы. Сярод іх Аляксандар Смалянчук, Андрэй Унучак, Андрэй Чарнякевіч, Ігар Мельнікаў, Ігар Кузьняцоў, Дарота Міхальчук, Ежы Мілеўскі, Тадэвуш Гавін і іншыя.

 

1.

Ад падаўлення паўстання 1863 году да рэвалюцыі 1917 году эвалюцыя польскага руху на тэрыторыі Беларусі прайшла шлях у бок нацыяналізацыі. Да рэвалюцыі палякі ў большай ступені адчувалі сябе часткай беларускай і літоўскай зямлі. Пасля ўзнікнення незалежнай Польшчы польская супольнасць пачала цягнуцца непасрэдна да Польшчы.

 

2.

Для Кастуся Каліноўскага падчас паўстання быў натуральным саюз з Польшчай. Ён лічыў беларускія землі часткай Рэчы Паспалітай. Але ў часы БНР сітуацыя змянілася. Будавалася нацыянальная дзяржава, і заснавальнікі БНР лічылі, што Рэч Паспалітая — гэта час няволі для Беларусі. Беларускі нацыянальны рух, узяўшы за аснову будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, пачаў аддзяляцца ад той гістарычнай традыцыі, якая існавала ў часы Рэчы Паспалітай.

 

3.

Калі ўзнікла Польшча і абвясцілі БНР, то ўтварыўся канфлікт інтарэсаў. Польскія палітычныя групоўкі, якія на пачатку беларускага адраджэння выступалі іх хаўруснікамі, павінны былі скарэктаваць свае адносіны. Але і беларускі нацыянальны рух таксама моцна змяніўся, як вонкава, так і ідэалагічна. За час польска-савецкай вайны беларускі нацыянальны рух прайшоў эвалюцыю ад спробы паяднання, каб знайсці кампраміс, да антыпольскага супраціву, які быў дэклараваны восенню 1921 году на канферэнцыі ў Празе. Адна з прычын — гэта стэрэатыпы. Беларускія стэрэатыпы былі антыпольскія: у паляку беларусы бачылі пана. Атрымаўся польска-беларускі канфлікт, які працягнуўся яшчэ дзесяцігоддзі.

 

4.

Галоўны тэзіс, які вынікае з мікрагістарычнага даследавання ў міжваенны час на прыкладзе матэрыялаў з гмінаў Бершты і Скідзель, такі. Існаваў вельмі востры палітычны канфлікт паміж беларускім насельніцтвам і польскай дзяржавай. Але паміж людзьмі на ўзроўні міжлюдскіх адносін заставаліся прыязныя, нармальныя адносіны. Прычыны розныя: і традыцыі талерантнасці, і іншае. І таму падчас Другой сусветнай вайны паміж палякамі і беларусамі не было крывавых падзей, якія адбываліся ў іншых рэгіёнах.

 

5.

Паводле афіцыйных дадзеных, за 1937–38 гады ў Беларусі расстралялі 14 тысяч палякаў. Гэтая лічба не адпавядае сапраўднасці. Паводле перапісу 1937 году, на тэрыторыі Беларусі жылі больш за 100 тысяч палякаў, а праз два гады іх засталася 61 тысяча. 16,5 тысячы былі рэпрэсаваныя, але дзе астатнія 45 тысяч? Так, некаторыя маглі выехаць з тэрыторыі Беларусі, але ў выніку простых арыфметычных падлікаў спіс рэпрэсаваных і расстраляных узрастае да 30 тысяч чалавек. Навукоўцы не маюць магчымасці атрымаць дакладную інфармацыю з архіваў. За перыяд ад 1917 году да пасляваенных рэпрэсій у Беларусі былі фізічна знішчаныя каля 62 тысяч палякаў.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

0

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: