Дадаць навіну
Панядзелак, 16 ліпеня 2018, 14:52

На Дзятлаўшчыне збіраюцца аднаўляць сядзібу, дзе жыў Ігнат Дамейка

Пра сваю ідэю аднавіць сядзібу і стварыць пры ёй музей уласнік будынка Канстанцін Шуляк паведаміў падчас візіту нашчадкаў Дамейкі ў Жыбартоўшчыну, піша svaboda.org.

«Мы б хацелі аднавіць, наколькі гэта магчыма», — сказаў Канстанцін Шуляк.

Канстанцін Шуляк і Пас Дамейка
Канстанцін Шуляк і Пас Дамейка

Жыбартоўшчына належала дзядзьку Дамейкі — таксама Ігнату. Будучы навуковец жыў тут у 1822−1823 гадах. Маючы 82 гады, Дамейка зноў прыехаў у Жыбартоўшчыну да дачкі і зяця, якія жылі ў маёнтку.

«Вельмі прыемна быць у месцы, дзе наш продак правёў шчаслівыя гады ў сваім дзяцінстве, — сказала Пас Дамейка, Ігнатава праўнучка, падчас візіту ў Жыбартоўшчыну. — У сваіх успамінах ён пісаў: „Я вельмі шчаслівы знаходзіцца тут. У тым самым пакоі, дзе я жыў дзіцем“».

Ён пражыў у Жыбартоўшчыне амаль чатыры гады, а потым вярнуўся ў Чылі.

«Мы яго лічым не толькі героем Чылі, але і героем Беларусі», — сказаў Аляксандар Дубовік, старшыня Дзятлаўскага райвыканкаму.

Стэнд каля сядзібы ў Жыбартоўшчыне
Стэнд каля сядзібы ў Жыбартоўшчыне

Канстанцін Шуляк патлумачыў, што арганізуе на тэрыторыі маёнтку аграсядзібу. Найперш пабудуе гасцявы дом, а потым возьмецца за аднаўленне сядзібы Дамейкаў. Цяпер сядзіба ў аварыйным стане і патрабуе кансервацыі.

Таксама Канстанцін Шуляк плянуе адкрыць тут музей. Ён будзе прысьвечаны гісторыі мясцовага краю, у тым ліку сямʼі Дамейкаў.

«Спадзяёмся, што праз колькі год вы ці вашы дзеці зможаце прыехаць сюды і прыпыніцца», — сказаў Канстанцін Шуляк.

Чацьвёра прамых нашчадкаў Ігната Дамейкі з Чылі, ЗША і Аўстраліі наведваюць на гэтым тыдні Беларусь. Яны ўжо пабывалі ў Мядзьвядцы, Жыбартоўшчыне, Дзятлаве, Шчучыне, Міры, Заполлі і іншых мясцінах, звязаных з Ігнатам Дамейкам. Паездкі праходзяць у межах навуковай канферэнцыі, прымеркаванай да 215-й гадавіны народзінаў Дамейкі. Канферэнцыю праводзіць Нацыянальная акадэмія навук.

У Міністэрстве замежных спраў у панядзелак адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі пра Ігната Дамейку, якую напісала ягоная праўнучка Пас Дамейка.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: