Пасля 13 сутак арышту выйшлі на волю Вадзім Саранчукоў і Ежы Грыгенчы

Вадзім Саранчукоў — кіраўнік гарадской арганізацыі партыі БНФ у Гродне. Ежы Грыгенча – актывіст партыі АГП. Іх асудзілі 14 сакавіка за акцыю 19 лютага за адмену дэкрэту аб «дармаедах», піша Свабода.

Вадзім Саранчукоў не скардзіўся на ўмовы ўтрымання.

— Казаць асабліва няма пра што, бо турма ёсць турма, але жывы і здаровы. Адзінае, вельмі засумаваў па дзецях. (У Саранчукова трое непаўналетніх дзетак. — Р.С.) Пасля 13 сутак зразумеў, што барацьба працягваецца і ім не зламаць нас.

Ежы Грыгенча сустракалі сябры і жонка Валянціна. Жонка кажа, што муж вельмі змяніўся з выгляду. Першае, што Грыгенча сказаў Свабодзе — гэта перадаў падзяку ўсім сябрам, жонцы і блізкім за падтрымку, якую ён вельмі добра адчуваў у камеры.

— Дзякуй і за лісты, і за перадачы ад маіх блізкіх, сяброў і зусім незнаёмых людзей, якія дасылалі мне лісты. Магу сказаць толькі адно, што трэба працягваць нашу справу і найперш дамагчыся адмены дэкрэту № 3, а пазней будзе відаць, што рабіць.

Вадзім Саранчукоў і Ежы Грыгенча
Вадзім Саранчукоў і Ежы Грыгенча

Паводле Грыгенчы, нават у камэры ён шмат даведаўся ад людзей, якія сядзелі разам зь ім. Многія распавядалі пра жыцьцё, пра тое, як парушаюцца правы чалавека і ніхто аніяк на гэта не рэагуе.

— Нават у камеры дамогся таго, каб нас выводзілі на прагулкі, бо раней гэтага ніхто не рабіў, а сядзельцы папросту баяліся пра гэта сказаць. Дарэчы, у камерах пануе антысанітарыя, і таксама да гэтага няма нікому ніякай справы. З любой нагоды даводзілася пісаць скаргі. Да нас не даходзіла практычна ніякай інфармацыі, мы былі цалкам адрэзаныя ад знешняга свету.

Вадзім Саранчукоў, які выйшаў на дзве гадзіны раней, чым Грыгенча, сказаў Свабодзе, што ў камеру яму прыносілі новы адміністрацыйны пратакол. Там было напісана, што двое падлеткаў сказалі міліцыянтам, што напярэдадні «Маршу недармаедаў» ён даў ім улёткі з заклікам на акцыю.

Вадзім Саранчукоў

— Судовае паседжанне прызначана на чацвер. Я не ведаю, што гэта за падлеткі, і мне цікава, каго яны прывядуць на суд у якасці сведак.

Вольга Верамеенка сказала Свабодзе, што нарэшце атрымала ліст ад асуджанага на 15 сутак мужа — Сяргея Верамеенкі. Піша, што ўсё нармальна, каб не перажывала, дзякуе за перадачы.

Ліст Сяргея Верамеенкі да жонкі
Ліст Сяргея Верамеенкі да жонкі

— Напісаў яшчэ, што накіраваў скаргу ў абласны суд, у якой просіць адхіліць непісьменна складзены міліцэйскі пратакол на яго, вынесці прыватнае азначэнне абласнога суду датычна несанкцыянаванага назірання за грамадзянамі і нашай сям’ёй. Просіць суд прызначыць праверку адносна гэтых фактаў. Піша, што час праходзіць манатонна і вельмі нестае інфармацыі з волі. Перадае ўсім прывітанне.

Ежы Грыгенча і Вадзім Саранчукоў былі асуджаныя за ўдзел у «Маршы недармаедаў» на 13 сутак арышту, Сяргей Верамеенка — на 15 сутак. Ніхто з іх сваёй віны не прызнаў. За ўдзел у гэтай жа акцыі былі асуджаныя яшчэ 9 гарадзенцаў, яны атрымалі розныя штрафы.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: