11 сакавіка, раніцай, на 87 годзе жыцця, памёр вядомы гродзенскі паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч. Нягледзячы на свае сталыя гады, спадар Яўген увесь час займаўся творчай дзейнасцю, пісаў новыя мелодыя і вершы, піша racyja.com.

Пра выбітнага гродзенца ўзгадвае старшыня абласной суполкі Таварыства беларускай мовы Алесь Крой:

«Гэта быў незвычайны чалавек, такая асоба, якая з павагай ставілася да беларускай мовы, культуры, традыцый. Тыя ж „Дударыкі“ знакамітыя, якія ён стварыў і вазіў у розныя краіны — гэта таксама яго заслуга. Можа я не ведаю ўсіх яго рэчаў, якія ён рабіў у галіне культуры, але важна, што ён гэта вельмі любіў і яно ішло ад душы ў яго».

Яўген Петрашэвіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1930 году ў вёсцы Падбараны Мастоўскага раёну. Скончыў пачатковую школу ў мястэчку Луна. З 1939 года жыў і працаваў у Гродне з перапынкам на навучанне ў Мінску і службу ў войску (1949−55). Яўген Петрашэвіч быў стваральнікам легендарнага фальклорнага гурта «Гарадзенскія дударыкі» — удзельніка шматлікіх міжнародных фестываляў у Беларусі і многіх краінах Еўропы: Польшчы, Літве, Францыі, Нарвегіі, Швецыі. У Гданьску ансамбль атрымаў Гран-Пры «Złoty Kogucik».

За сваё жыццё Яўген Петрашэвіч выдаў зборнікі вершаў «Пасынкі», «Віншаванкі», «Байкі-непазяхайкі», «Балада пра Грунвальд», «Сказ пра Каложу». Напісаў цыкл песень-балад на гістарычную тэму Яна Чачота, зборнік песень «Беларускі вясёлкавы край», песеннікі «Спявайце, братцы, спявайце» і «Пяшчотнасць», пералічае «Новы час».

Як мастак Яўген Петрашэвіч з’яўляецца аўтарам гранітнай скульптуры ў гонар заснавання вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна, драўлянай скульптуры «Вікінг» у Даніі, зя якую атрамаў медаль вікінгаў.

Паводле папярэдніх звестак, як піша «Гарадзенская вясна», пахаванне адбудзецца 14 сакавіка.