Дадаць навіну
Нядзеля, 27 мая 2018, 07:17

Праект новага антыалкагольнага ўказа: спіртное зноў забароняць прадаваць пасля 22.00

Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

У апошняй рэдакцыі праекта ўказа па абмежаванні ўжывання алкаголю зноў уводзіцца забарона на продаж спіртнога з 22.00 да 9.00. Акрамя таго, у крамах плошчай больш за 400 кв. м алкаголь можна будзе набыць толькі ў спецыяльных аддзелах, піша TUT.BY.

1 лістапада праект антыалкагольнага ўказа павінен быць перададзены на ўзгадненне ў Савет міністраў, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Сяргей Красуцкі.

— У свеце не выпрацавана больш эфектыўных мер, акрамя абмежавання рэалізацыі алкаголю. У Беларусі пакуль зроблена не ўсё магчымае. Сёння алкаголь у свядомасці грамадзян прыраўнаны да прадукту харчавання: ён прадаецца нароўні з хлебам, тварагом і цукеркамі. Дзеці ходзяць міма шэрагаў алкаголю ў крамах і ўспрымаюць яго як нешта, што само сабой разумеецца. Нельга абмінуць алкагольны аддзел, калі прыйшоў у гіпермаркет па хлеб і малако.

Мы нараджаем пэўную культуру спажывання, — лічыць спецыяліст.

Ён распавёў, што ўзгадненне праекта ўказа праходзіць няпроста. Забарона на рэалізацыю алкаголю з 22.00 да 9 раніцы з’явілася ў апошняй рэдакцыі. Акрамя таго, у крамах плошчай больш за 400 кв. метраў алкаголь можна будзе прадаваць толькі ў спецыяльных аддзелах.

Забарона пакуль не тычыцца невялікіх магазінаў крокавай даступнасці, а таксама заправак.

— Гэта хоць бы мінімальны, але першы крок, каб прыняць гэты дакумент. Калі будзе станоўчы эфект, мы зможам праз некаторы час пашырыць забарону і на іншыя крамы, — патлумачыў кампраміснае рашэнне Сяргей Красуцкі.

Спецыяліст пракаментаваў заявы гандлёвых сетак, якія кажуць пра велізарныя стратах бюджэту пры увядзенні абмежаванняў па продажы алкаголю. Паводле яго даных, даходы дзяржавы ад рэалізацыі спіртнога ў два разы менш, чым тое, што дзяржава потым марнуе на ліквідацыю наступстваў яго ўжывання.

— Іх адзіны аргумент, што ўпадуць даходы дзяржавы. Але ўпадуць даходы гэтых гандлёвых сетак, а выдаткі дзяржавы зменшацца і, адпаведна, у сукупнасці даход павялічыцца. Калі мы не прадамо ні адной бутэлькі спіртнога, мы атрымаем прыбытак. Калі будзем прадаваць і далей, будзем несці толькі выдаткі, — растлумачыў Сяргей Красуцкі.

— Мы не прыхільнікі ўстанаўлення сухога закона і не заклікаем секчы з пляча. Мы за ўвядзенне паэтапных мер. Але мы цвёрда перакананыя, што спіртное — не прадукт першай неабходнасці, без якога нельга абыйсціся ў паўсядзённым жыцці. Даходы гандлёвых сетак не занадта зваляцца. Калі чалавек прыйдзе ў краму, а алкаголю не будзе, ён купіць што-небудзь іншае. Калі ён наогул нічога не купіць, ён зэканоміць і патраціць гэтыя грошы на вопратку, палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, — дадаў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў.

Сяргей Красуцкі запэўніў, што ў МУС ёсць усе механізмы, каб змагацца з магчымым усплескам нелегальнага продажу алкаголю. Ведамства, паводле яго слоў, крытычных выклікаў у сувязі з абмежаваннем не прадбачыць. «Мы не дазволім рэспубліцы заліцца нелегальным алкаголем», — сказаў на заканчэнне спецыяліст.

Акрамя таго, спецыяліст лічыць, што не варта чакаць і масавага перамяшчэння адпаведнага кантынгенту з крам у бары, дзе айчынны алкаголь прадаецца з мінімальнай нацэнкай.

— Прапаноўваючы абмежаванні, мы разумеем, што яны датычацца не шэраговага грамадзяніна, у якога ёсць даход і статус. Часцей за ўсё ў яго захоўваецца спіртное ў асабістым бары, і яму не трэба ноччу бегчы і дакупляць бутэльку пладова-ягаднага віна. Абмежаванні па часе датычацца, перш за ўсё, грамадзян пэўнага сацыяльнага статусу, якія не пойдуць у бар, дзе трэба купіць і закуску, і ёсць хай і мінімальная нацэнка. Акрамя таго, у барах не будуць прадаваць таннае віно, якое ў крамах у асноўным і купляюць.

Па статыстыцы, спажыванне алкаголю за год у Беларусі складае 11,14 літра, а згодна з аналітычнай справаздачай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) — 17,5 літра на душу насельніцтва старэйшых за 15 гадоў у год. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, Аналітычная справаздача СААЗ змяшчае дадзеныя за 2008−2010 гады, а паказчык 17,5 л ўключае ў сябе зарэгістраваны і незарэгістраваны алкаголь (сурагат і самагон).

Па дадзеных СААЗ, спажыванне чалавекам больш за 8 літраў нясе пагрозу не толькі яго здароўю, але і вядзе да дэградацыі грамадства, зніжэння працоўнай прадуктыўнасці і ўплывае на наступныя пакаленні.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: