Дадаць навіну
Чацвер, 23 лістапада 2017, 09:55

У Гродне збудуюць першую ў Беларусі царкву ў стылі мадэрнізму

Вось так мае выглядаць новы храм Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне.

Царква ў Гродне мае выглядаць абсалютна нязвыкла. Праект рабіў архітэктар з Польшчы, прафесар Юры (Ежы) Усціновіч. Падрабязней пра будучы храм «Нашай Ніве» распавёў яго настаяцель — айцец Андрэй Наздрын.

«У нас храм Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — гэта грэчаскі святы, якога шануюць і праваслаўныя, і каталікі. Таму, калі думалі, які храм будаваць у яго гонар, вырашылі, што патрэбен візантыйскі стыль, — кажа святар. — Праект выбіралі і святары, і прыхаджане, і горад. Усім спадабалася. Я нават трохі здзівіўся, бо часта чуеш пра штосьці незвычайнае, што «гэта не падобнае да праваслаўнага». А ў нас і прыхаджане сталага веку падтрымалі менавіта гэты вобраз храма. З радасцю казалі, што ў нас будзе ўнікальны храм, куды шмат людзей будзе прыязджаць маліцца».

Адметнасць пабудовы яшчэ і ў тым, што ў царквы будзе адзін вялікі купал.

«За аснову браўся Сафійскі сабор Канстанцінопаля. І ўнутры не будзе калоннаў, будзе адзіная вялікая прастора. Гэта, дарэчы, яшчэ і зручна — багаслужэнне будзе добра бачнае кожнаму верніку, — тлумачыць айцец Андрэй. – Пра нейкія канкрэтныя тэрміны пабудовы казаць цяжка. Некаторыя цэрквы ў нас будуюцца па два дзясяткі гадоў. У нашай епархіі рэкорд — 13 гадоў, за якія пабудавалі царкву Усіх Беларускіх Святых. То бок, іншыя вялікія храмы будавалі даўжэй.

Але, спадзяёмся, што ў гэтым годзе атрымаем дазвол на будоўлю, а ў наступным ужо пачнём. Калі ўсё будзе добра, то з божай дапамогай, праз 5 гадоў асвяцім наш храм, — кажа айцец Андрэй. — Каштаваць храм будзе каля мільёна даляраў. Сам праект не вельмі складаны. Самае складанае — знайсці добрых спецыялістаў, якія будуць яго будаваць».

Чытайце яшчэ:  Драўляная сцяна Каложы ў катастрафічным стане - яе можа знішчыць любы ўраган

Дарэчы, аўтар праекта — з Польшчы, бо на беларусаў не хапіла грошай.

«Вельмі хацелася, каб такія праекты распрацоўвалі ў нас. Але, на жаль, куды б мы ні звярталіся ў Беларусі, усё скончвалася вельмі вялікімі грашыма, — кажа айцец Андрэй. — Беларускія архітэктары хацелі каля мільярда недэмінаваных рублёў (гэта прыкладна 50 тысяч даляраў) за праект комплексу з царквой і вечаровай школай. А польскі прафесар Ежы Усціновіч пагадзіўся бясплатна. Ён праваслаўны не толькі на словах — практыкуючы вернік. І сказаў так: «Грошай усіх не заробіш, а памяць застанецца».

Архітэктар Юры (Ежы) Усціновіч
Архітэктар Юры (Ежы) Усціновіч

Усціновіч — вядомы архітэктар, які зрабіў ужо каля 30 праектаў храмаў.

Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Бельску Падляшскім. Архітэктар — Юры Усціновіч. Фота - artos.name.
Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Бельску Падляшскім. Архітэктар — Юры Усціновіч. Фота – artos.name.

«Дарэчы, сустрэча-выстава пройдзе 23 кастрычніка ў 18.00 у актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна па вуліцы Ажэшка, 23. На ёй выступіць і Юры Усціновіч, — кажа айцец Андрэй. — Запрашаем усіх ахвотных! Наш архітэктар ўжо амаль 30 гадоў будуе храмы, чалавек вельмі дасведчаны, таму прыходзьце, хто хоча, будзе цікава. Можаце, задаць пытанні, калі ёсць. Напрыклад, некаторыя, пабачыўшы наш праект, пісалі, што ён да мячэці падобны. Я адразу да архітэктара, маўляў, скардзяцца, што мячэць будуем. А ён кажа: «А чаму мячэці так выглядаюць, ведаеце? Іх будавалі па ўзоры таго самага Сафійскага сабора!».

Праваслаўная Царква Сыходжання Святога Духа на Апосталаў у Беластоку. Архітэктар - Юры (Ежы) Усціновіч. Фота — Яфім Эрыхман, pravmir.ru.
Праваслаўная Царква Сыходжання Святога Духа на Апосталаў у Беластоку. Архітэктар – Юры (Ежы) Усціновіч. Фота — Яфім Эрыхман, pravmir.ru.

Па праекце Усціновіча, дарэчы, маюць збудаваць яшчэ дзве царквы ў Беларусі: царкву Мікалая Японскага ў Мінску і царкву Святога Юр’я, ізноў жа, у Гродне.

Праект царквы Святога Юр'я (Святога Вялікамучаніка Георгія Пабеданосца) у Гродне.
Праект царквы Святога Юр’я (Святога Вялікамучаніка Георгія Пабеданосца) у Гродне.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

0

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: