Аднойчы знаёмы расказваў, як хадзіў на канцэрт гурта «Ленінград». Казаў так: «Вельмі спадабалася! Адчуванне, нібыта цябе абліваюць памыямі. Але калі так падумаць — „а прыкольна гэта“, то можна злавіць своеасаблівы кайф ад нестандартнасці сітуацыі».

Нешта падобнае адчула я, калі праходзіла тэхагляд на ГАП № 1.

Схема простая:

1) Ідзеш афармляць за белыя дзверы неведаюшто, там жа плаціш нейкія грошы за тэхагляд.

2) Едзеш на тэхагляд САМА! Ніхто за руль не сядзе, як на Гроднааўтасервіс, дзе я праходзіла да гэтай пары.

3) Вяртаешся за белыя дзверы, каб табе выдалі паперы.

4) З паперамі ідзеш за драўляныя дзверы да інжынера, які выпісвае табе патрэбную паперынку.

Расказаць хачу пра пункты 1 і 3 — адныя і тыя ж дзверы, адныя і тыя ж людзі: хлапец гадкоў 20−22 і цётачка — каля 55. Цётачка памятае часы савецкія, калі «вас многа, а я адна». Чаргі няма, але яна нібыта прысутнічае перад яе вачыма. Такой няўвагі, такой цудоўнай пагарды да чалавека я не адчувала… хіба ніколі. Хлапец яшчэ малады-малады, куртка ў яго «каламбія», а мазгі -наскрозь мэйд ін совет юніон.

Што яны такога сказалі? Ды нічога! Ніхто цябе не зневажае, да цябе проста ставяцца як да пустога месца. Табе тлумачаць так, каб ты не зразумела, а потым уздыхаюць: «Ну вядома, чаго ад такой чакаць». Ты проста фізічна адчуваеш сваю недалёкасць і нязначнасць. І атрымліваеш амаль асалоду, бо гэта музей — музей савецкасці і савецкага сэрвісу. Праўда-праўда.

Я думаю, такі сэрвіс не трэба мяняць. Яго трэба культываваць і турыстам паказваць. Яны такога нідзе не ўбачаць.

Ідэю аддаю турыстычным фірма дарма. Карыстайцеся, калі ласка.