Урокі труда мне падабаліся. Мне падабалася, што клас быў на першым паверсе ў самым закутку. Сюды ніхто не хадзіў, калі не ішоў на труд. Адсюль лёгка было фагарыць.

Мне падабалася, што наш «трудавік» размаўляў з намі зусім не так, як іншыя настаўнікі, бо не быў настаўнікам. Ён шмат што нам прабачаў…

Мне падабаўся пах дрэва, жалеза і машыннага масла ў класе. Мне падабаліся станок па дрэву, на якім мы рабілі падсвечнікі і старэнькі станок па металу, з якога мы змяталі стружку.

труд3Менавіта на ўроках «труда» я пазнаёміўся з кіянкай, стаместкай, нажоўкай, рубанкам. Менавіта там я навучыўся выразаць загостраным спецыяльным нажом на кавалках дрэва малюнак, які складаўся з ромбікаў. Навучыўся выразаць з фанеры лобзікам.

Нават неабходнасць насіць шэра-мышыны халат не рабіла заняткі менш прывабнымі.

Для агульнага развіцця на уроках труда было вельмі карысна!

Іншымі словамі менавіта на «Трудзе» я навучыўся рабіць шмат чаго, што ў далейшым сваім жыцці не рабіў ніколі.