Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

150 словаў пра эСэСэСэР. Шакаладныя цукеркі было выбіраць лёгка!

Усе цукеркі, якія прадаваліся ў прадуктовай краме, я ўмоўна падзяляў на два тыпы: “Залаты ключык” і “шакаладныя”.

Цукеркі “Залаты ключык” былі той самай фабрыкі, але кожны раз – розныя на смак. І пакункі і абгорткі былі тыя самыя, але кожны раз ты выбіраў як латарэю. Адным разам “Залаты ключык” быў цёмным, і нават некалькі разоў трапляўся амаль чорны, і добра цягнуўся, акурат як я любіў. Але другім разам – не жаваўся, а быў нейкі мяккі і крохкі светла карычневага колеру. Таму спрабаваў намацаць смачныя цукеркі. Лічыў, што  цвёрдыя будуць смачныя. Але не заўсёды так здаралася.

Толькі з шакаладнымі не было праблем ніколі. У Беларусі чамусьці не хапала шакаладнай памадкі і ўсе шакаладныя цукеркі ў крамах, як бы яны не называліся, былі альбо з белай альбо з жоўтай сярэдзінай. Таму шакаладныя цукеркі я ніколі не выбіраў, а браў першае, што ляжыць.

Я проста абгрызаў шакалад зверху і ўпотай ад бацькоў выкідаў нясмачную сярэдзіну.

tsukerki

Публікацый: 27

Ігар Кузьмініч – гарадзенец, нарадзіўся ў 1972. Скончыў Гарадзенскую сярэднюю школу №14. У 1994 — скончыў факультэт правазнаўства , а ў  1997 — аспірантуру на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мае больш за дваццаць гадоў стажу працы ў Гродзенскім і Варшаўскім універсітэтах.

Выкладчык, даследчык, працаваў кіраўніком Інавацыйнага цэнтру юрыдычнай адукацыі, намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У якасці эксперта па міжнародных стандартах у галіне правоў чалавека, прававой адукацыі, арганізацыйнага развіцця працуе ў краінах Сярэдняй Азіі і Каўказа з міжнароднымі арганізацыямі.

Апублікаваў больш за трыццаць навуковых і навучальна-метадычных прац. Аўтар аўдыёкнігі «Казкі Жыцця Мікіткі і Данілка», якая стваралася пры падтрымцы сайта “Твой стыль”. На сённяшні дзень мае выдадзеныя  “Мастацкай літаратурай” больш за 10 казак.