Выпісваць газеты ў савецкі час было трэба як мінімум па трох прычынах.

У школе прымушалі да палітінфармацыі выпісваць «Пионерскую правду». Класа недзе з сёмага, як толькі пачаў задумвацца пра сваю нацыянальную ідэнтычнасць, я пачаў выпісваць «Піянер Беларусі». З гэтага часу на палітінфармацыях мяне не прымушалі рыхтаваць выступы. Мне гэта падабалася. Часам я забываў выпісаць газету на паўгода. Але адна згадка назвы газеты здымала пытанні ў класнай кіраўнічкі.

150савецкаяпрэсаМаму на працы таксама прымушалі выпісваць газеты. Не ведаю чым кіравалася мама, але нам прыносілі толькі «Известия». Я ані разу не бачыў каб мама ці тата чыталі «Известия», але гэта газета заўжды ляжала ў нас у прыбіральні.

У майго сябра ў прыбіральні ляжалі «Аргументы и факты», а ў маёй цёткі газета «Правда». Можа гэта будзе гучаць дзіўна, але ў савецкай дзяржаве чамусьці не было туалетнай паперы. Можа, з таго часу засталася традыцыя чытаць газеты ў прыбіральне перад іх выкарыстаннем па прамым прызначэнні?