Марозіва на палачках было вельмі рэдка. Зрэдчас таксама траплялася «ягаднае» марозіва па пяць капеек у маленькіх папяровых кубачках, нечым падобнае да сучасных смузі, але я яго не любіў. Затое ў Гродна было марозіва ў вафельных і ў папяровых кубачках.

На кожнай порцыі была прыклеена да самога марозіва круглая паперка з назвай і іншай інфармацыяй. Асалода ад марозіва заўсёды пачыналася з таго, што здымалі паперку і аблізвалі яе адваротны бок, а паперку почасту клеілі на бліжэйшую роўную паверхню. Марозіва ў вафельных кубачках было даволі падобнае па смаку да сучаснага «пламбіра за 20 капеек». А вось з папяровых кубачкаў марозіва трэба было есці адмысловымі драўлянымі пляскатымі кіёчкамі.

Не магу сказаць, што пламбір у вафельных і папяровых кубачках адрозніваўся, але з папяровых кубачкаў я заўсёды адчуваў прысмак паперы і дрэва. Таму браў у папяровым кубачку толькі калі не было іншага. Асабліва пасля таго, як мой прыяцель загнаў тым кіёчкам сабе ў язык застрамку.

150 словаў пра эСэСэСэР. Марозіва