Першае, што я рабіў, калі ў рукі мне трапляў каляндарык на новы год — я правяраў, ці не прыпадаюць савецкія святочныя дні, як 8 сакавіка, 1 траўня, 7 лістапада, ды і Новы год на выходныя. У залежнасці ад гэтага я ацэньваў будучы год як добры ці кепскі, удалы ці не. Чым больш дзён адпачынку прыпадала не на выходныя, тым лепшым мне падаваўся год. Увогуле, мне падаецца вартым вывучэння феномен савецкага грамадства пабудаванага на пашане да працы і для гэтага асаблівага грамадства-працы так важным быў адпачынак.

Чырвоныя дні календара разглядаліся як дадатковыя дні адпачынку. Але, як аказалася, маглі быць і незапланаваныя выходныя. Так, пасля смерці Брэжнева абвесцілі траўр і зрабілі выходным дзень пахавання. Памятаю, як дзецьмі мы радаваліся выходнаму.

Праз не надта працяглы перыяд часу памёр Андропаў і таксама дзень пахавання прызначылі выходным. А тут зусім хутка памёр і Чарненка, але выходнага ўжо больш не прызначылі.

Гэта быў няўдалы год…

150 словаў пра эСэСэСэР. Красный дзень календара