У дзяцінстве я не бачыў ніводнага рэпрэсаванага і ніколі пра іх не чуў. Ніколі не бачыў антысаветчыкаў, якія казалі што савецкая ўлада кепская, што з ёй трэба змагацца. Ніколі не чуў пра антысавецкую партызанку і ніколі не бачыў лістовак, не чуў прамоваў, якія былі супраць савецкай улады.

Мой бацька не любіў камуністаў, але гэта была нелюбоў на такім побытавым узроўні, як класавае непрыняцце рабочым зажраўшыхся бюракратаў.

Пры тым, што ўсе мы як адзін былі ў акцябратах і піянерах, а многія ў камсамоле. І газеты і тэлебачанне, уся публічная прастора была прасякнута Ленінамі, лозунгамі, танкамі, чырвонымі сцягамі. Чаму ж мы не выйшлі ўсё гэта абараняць?

150 словаў пра эСэСэСэР. Хто яго разваліў?Бо ў школе нашыя настаўнікі стараліся навучыць нас думаць. Галоўнае пытанне на ўроках гісторыі было: «Чаму так здарылася?» Паступова гэтае пытанне «ЧАМУ?» асабіста я пачаў прыкладаць да любой сферы савецкай рэчаіснасці і ўсе адказы былі не на карысць камунізму і савецкай улады.

СССР развалілі настаўнікі сярэдняй школы.