Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Падпішыся, каб атрымліваць навіны Hrodna.life рэгулярна на сваю паштовую скрыню.

Як скласці свой радавод? 5 парадаў гісторыка Семенчука, які стварыў генеалагічную майстэрню «Naščadki»

Кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук праводзіць у Гродне сустрэчы сваёй гістарычна-генеалагічнай майстэрні «Naščadki». Мэта — дапамагаць ахвотным шукаць карані свайго радаводу.

Генеалогія — гэта не толькі занатоўванне дат, прозвішчаў ды сямейных сувязяў, гэта перадусім спроба зразумець продкаў, іх час, гісторыю, іхні свет, перакананы гісторык, які адказаў на пытанні карэспандэнта Свабоды.

Чаму варта шукаць карані

— Вас цікавіць гісторыя вядомых родаў, чужыя карані. А ці знайшлі свае? З чаго пачыналі вы генеалагічныя пошукі?

— Будучы прафесійным гісторыкам і археолагам, пра сваю сям’ю я ведаў шмат. Калі мяне два гады таму звольнілі з Гродзенскага ўніверсітэта, у мяне з’явілася шмат часу. Я прывык працаваць у архівах. І сямейныя звесткі пацьвердзіліся архіўнымі дакументамі. Па мужчынскай лініі Семенчукі, якія раней былі Семянчэнямі (прозвішча змянілася паміж 1939 і 1946 гадамі), у большасці былі прымакі, такая склалася традыцыя. Першым быў Восіп Семянчэня, 1795 год. Потым яго сын быў у прымаках. Мае прадзед, дзед, бацька, я сам і сын — таксама прымакі. Прачытаў у «рэвіскай сказцы», што Восіп Семянчэня жыве з дачкою Міхала Жука на зямлі Жукоў, і мянушка была Семянчэняў у Чарлёне (вёска ў Мастоўскім раёне) — Жукі.

І давялося высветліць чароўную гісторыю. Дачцэ Паўліне сямнаццаць год. Яна закахалася ў школе ў Глеба. Паўстала пытанне — дзе вучыцца далей, вырашылі пашукаць, ці мае ён шанцы атрымаць «карту паляка». Я яму ўрэшце сказаў, што шанцаў ты не маеш, але гэта табе не перашкаджае вучыцца ў добрых універсітэтах. Але высветлілася нечакана, што продкі дачкі і Глеба сто гадоў таму бегалі па адной вуліцы ў вёсцы Чарлёна. Пра гэта ніхто не ведаў, ні мы, ні бацькі хлопца. А калі даведаліся, ніхто не верыць.

Шукаць варта. Карані бываюць вельмі цікавыя. Бывала, сядзіць перад табой студэнт, а ты яму кажаш: ці ведаеш ты, што твой продак у 1567 годзе выстаўляў столькі коней, каб бараніць нашу радзіму ад маскоўскага дэспата? Ды не, кажа, мы ўсе калгаснікі, сяляне. А я яму кажу: вы былі шляхтай з канца ХV стагоддзя. Альбо такі выпадак: адзін праваслаўны святар зацікавіўся радаводам. І высветлілася, што продкі былі шляхтай, каталікамі.

Калі глыбока пакапацца, то ў кожнай беларускай сям’і знойдзецца камуніст і ахвяра камуністаў. Але ў савецкі час памяць сямейная стала кароткай.

З чаго пачынаць

— З чаго варта пачынаць пошукі? Якімі могуць быць шанцы на станоўчыя вынікі?

— Калі вы хочаце брацца за свой радавод, варта пачынаць з метрычных кніг. У каталікоў сытуацыя лепшая, чым у праваслаўных і былых уніятаў. Бо праваслаўныя і ўніяты ў пошуках свайго Бога знішчалі дакументы адны адных. А потым далучыліся бальшавікі. Дакументы ў некаторых касцёлах захаваліся ад пачатку ХVІІІ стагодзьдзя да 1950 году, калі ў храмах забаранілі весці запіс дадзеных.

Чытайце яшчэ:  Дзе канчаецца Еўропа? Як сёння выглядаюць замкі-блізняты ў Крэве і Медніках

Калі ў 1915 годзе насельніцтва прымушалі выязджаць у бежанства ў Расію, з сабой абавязаныя былі забіраць метрычныя кнігі. І 90% не вярнулася. Але здараюцца цуды. Днямі адзін з сябраў паведаміў мне, што ў Валгаградзе захаваліся метрычныя кнігі адной царквы з Зэльвенскага раёну. У Маскве ў былой Ленінскай бібліятэцы я знайшоў на сённяшні дзень самыя старыя праваслаўныя метрычныя кніжкі з Бельску, які на Беласточчыне: за 1667–1800 гады, пяць кніг. Яны былі падораныя гэтай бібліятэцы і яўна былі вывезеныя падчас бежанства.

У 1939 годзе Саветы сабралі метрычныя кніжкі па навакольных цэрквах і змясцілі ў будынку пры турме ў Ваўкавыску. А 22 чэрвеня 1941-га ў яго трапіла бомба. Але нельга адчайвацца. Асабліва ў каталікоў гэтыя кніжкі рабіліся ў трох асобніках. У індурскім касцёле ў Гродзенскім раёне дакументы ад 1664 году. І такая асаблівасць. У каталікоў заўсёды пісалася, што жанчына — Ядвіга з дому Яцкоўскіх, замужам за Арлоўскім, няважна, шляхцянка ці сялянка. У праваслаўных прозвішча жанчыны не пісалася, толькі — Агаф’я, жонка Антона.

Пра што кажуць прозвішчы?

Генадзь Семянчук
Генадзь Семянчук

— Нашы прозвішчы не былі заўсёды нязменнымі. Як і калі яны змяняліся?

— Спачатку прозвішчы мянялі ў царскія часы. Пры польскай уладзе мянялася напісанне. Пры Саветах нярэдка мянялі таксама імёны. Напрыклад, каля Індуры, калі мужчыну звалі Казімірам, яму замянялі ў дакументах імя на Кузьму. Альбо магло не падабацца прозвішча Кароль. Міліцыянты затрымалі аднойчы дзядзьку: прозвішча? Цар. Адкуль? З Дварца. Ты што, здурэў? Але гэта не анекдот. У тых мясцінах, каля вёскі Дварэц, гэта даволі распаўсюджанае прозвішча.

Прозвішчы — наша таямніца, і на гэта трэба звяртаць увагу. Большасць даволі лёгка можна вытлумачыць. Семенчукі ад Семянчэні, ад Сямёна. Сэнс прозвішча мае значэнне. Але самае галоўнае: калі ты шукаеш, складаеш радавод, ты набліжаешся да гэтай разгадкі. Бо ніводзін спецыяліст-лінгвіст не зможа табе сказаць, адкуль пачаткі твайго прозвішча. Агульна могуць сказаць, што прозвішча можа паходзіць ад мянушкі. Але ў ХVІ стагоддзі гэта магла быць якасць чалавека, альбо занятак, альбо яшчэ што-небудзь. Тое, што было забыта, знікла з нашай мовы.

Што стане вынікам пошукаў?

І яшчэ пытанне: навошта нам гэтым займацца? Вынікам такім глыбокіх даследаванняў, на маю думку, павінен быць фільм, кніга або энцыклапедыя. Або ўсё разам. Трэба знайсці сцежкі на магілы сваіх продкаў. Толькі цяпер мы пачынаем усведамляць тое, што ўсе нармальныя людзі разумеюць: гісторыя для нас — гэта не гісторыя ўлады, а найперш гісторыя сям’і. І з такіх гісторый складаецца гісторыя народу.

— Калі да вас звяртаюцца па дапамогу, што ўдаецца высветліць?

— Звярнуўся да мяне студэнт з прозвішчам Тумаш. А я добра памятаю фатаздымак Вітаўта Тумаша, гісторыка з беларускай эміграцыі. Глянуў: генетычнае падабенства. Ён кажа: так, гэта стрыечны брат майго дзеда. І ён звяртаўся ў архіў. Яму далі адказ. Але адгалінаванне на эмігранта Вітаўта Тумаша раптам перарываецца. Звярнуўся яшчэ адзін знаёмы з Польшчы з просьбай пашукаць звестак, што датычаць парафіі Суботнікі (у Іўеўскім раёне).

Чытайце яшчэ:  «Гродна выглядаў бы як Прага, калі б не войны». У падвале шматпавярховіка ствараецца макет ідэальнага горада

Нядаўна атрымаў ліст з Аўстраліі. Людзі сталі цікавіцца сваім радаводам, думалі, што яны палякі, аказалася, што не, што яны беларусы. Іх пераканалі, што палякі, сваякі, што перасяліліся ў Польшчу. А яны кажуць: мы і па-польску не ўмеем размаўляць.

— Генеалагічныя пошукі робяцца папулярным заняткам, даволі масавай з’явай. Гэта можа сведчыць пра тое, што ў грамадстве адбываюцца змены?

— Жаданне ведаць глыбей сямейныя гісторыі, веданне радаводу — прыкмета сталасці. У грамадствах, якія ўпэўнена становяцца на ногі, гэта робіцца нормай — ведаць сваю гісторыю. Асабліва ў нашай сітуацыі, калі нас увесь час абкрадаюць, нешта прыдумляюць. Мне спадабалася, як наш міністар сказаў: не дазволім красці нашых Касцюшку, іншых. Але ж пакуль мы самі сябе абкрадаем: вуліцы не называем іхнімі імёнамі, помнікі не ставім.

Дзе вучаць спецыялістаў па генеалогіі?

Генеалогія — вельмі важная частка сацыяльнай культуры народу, дзяржавы. Хоць у нас гэта, як ні дзіўна, падраздзел пахавальнай дзейнасці. Калі вы хочаце адкрыць фірму, каб займацца паслугамі ў галіне генеалогіі, то знойдзеце яе толькі ў раздзеле разам з пахавальнымі канторамі.

Вядучыя ўніверсітэты Еўропы рыхтуюць адпаведных спецыялістаў, праўда, на юрыдычных і факультэтах культурнай антрапалогіі. У нас жа занятак генеалогіяй у пэўным сэнсе застаецца табуіраваным, хоць ужо шмат што дазваляецца. Ты маеш права займацца сваім уласным радаводам, або за трэцюю асобу, калі маеш натарыяльную даверанасць. Але не маеш права рабіць копіі ўласным фотаапаратам, што дазваляецца ў Польшчы, Літве, ва Украіне і стала магчымым таксама ў Расіі. Але гэта будзе пераадолена, таму што функцыі архіваў сёння не сталінска-савецкія. Масавае зацікаўленне адчыніла шырэй архіўныя сховішчы, чым гэта было яшчэ дзесяць год таму. Хоць, напрыклад, у былым партархіве не даюць звестак пра заробкі ў партыйных органах.

Мы пачалі пераадольваць свой страх таталітарызму. Мэта любога з іх — страх, няведанне, уніфікацыя. А калі мы пачынаем задумвацца пра саміх сябе, мы запаўняем пустату вакол нас. У архівах Мінску, Гродна, а таксама Беластоку, Варшавы ці Масквы, дзе я пабываў ужо двойчы, большасць людзей займаюцца сёння радаводамі. Яны шукаюць самі. Раней у гродзенскім гістарычным архіве было пяць месцаў для працы і заўсёды было вольнае. Архіў пераехаў у новы будынак, там дваццаць пяць месцаў, і часам даводзіцца чакаць на калідоры, калі вызваліцца для цябе.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments