Што cёння больш цікавiць Вiктара Шалкевiча i яго лiрычнага героя? Прамовы Трампа цi жыццё беларускай сойкi, дзяўчаты ў купальнiках «з шостым памерам», якiя скачуць у палонку на свята Хрышчэння, цi далёкі ад шоў абрад?

Якiя кнiжкi ён чытае i чаму любiць сланечнiкi? Што адбываецца ў яго новым футырыстычным рамане пра Малыя Набздзейкi, дзе адкрыўся «партал» у пекла i як нарадзiлася новая песня пра трох езуiтаў?

Пра гэта i многае iншае распавёў вядомы бард, актор, лiтаратар, шоўмэн карэспандэнту Krynica.info напярэдаднi свайго дня нараджэння і традыцыйнага канцэрта ў Мінску (канцэрт адбудзецца, дарэчы, ужо 12 лютага у КЗ «Мінск» (малая зала).

— Віктар, новыя песні ўжо для канцэрта напісалi?

— Безумоўна, новыя ўжо ёсць. Таму што ёсць у кожнага выканаўцы некія такія кропкі, да якіх трэба рыхтавацца.

— Ну, яшчэ ж такая, не круглая дата.

— Не, але ж яны так пішуцца, бывае, што натхненне часам прыходзіць, часам не прыходзіць, таму часам проста прымушаеш сябе гэта рабіць. Як вам сказаць, чалавек под канец жыцця робіцца лянівы і ўсё яго задавальняе, а тут трэба нешта ўспамінаць, тых людзей, якія прыходзілі, прасілі, каб песень больш пісалася. Так што напісаў аж пяць новых песень. А з нагоды песні «Ля Каложскай царквы» ў мяне ў группе з’явiлася самацэнзура: гітарыст Юра Хілавец паслухаў і сказаў, што яе спяваць не можна.

— Чаму?

— Таму што, кажа: што пасля нас застанецца? Ну, песня гэтая дастаткова двухсэнсоўная…

«Двухсэнсоўная» настолькі?

— Так, «двухсэнсоўная» настолькі, што далей ужо няма куды. Гэта раз. Па-другое, у мяне бывае час ад часу, што песні пачынаюць пісацца ў 78−79 годзе, а канчаюцца амаль праз 35−40 год. Гэта цікава, я на канцэрце пра гэта раскажу. Вось аднойчы будучы ў Вільне ў Вострай Браме ў касцёле Святой Тэрэзы я ўбачыў японца, які стаяў на каленях і маліўся. Японец! А ў мінулым годзе я быў у Канадзе і мяне сябры вазілі ў Мідлэнд, у месца, якое называецца Martyrs' Shrine, дзе ў 1646−1648 гадах індзейцы мардавалі французскіх езуітаў. Карацей, на гэтай горцы іх там рэзалі проста. Ёсць класны фільм, які называецца «Black robe» (чорная сутана) пра гэта.

Езуіты былі французскія, з нармальных харошых сем’яў, і іх там закатавалі. I на гэтым месцы у 1926 годзе пабудавалі касцёл вялікамучанікаў— прыгожы-прыгожы. I там людзі розных вызнанняў і нацыянальнасцяў, у асноўным католікі (нашы беларусы-ўніяты таксама) паставілі крыжы. Там стаяць помнікі — i маці Тэрэзе, і філіпінскім святым, індзейскім святым — карацей, там агромная такая прыгожая горка. Помнік Яну Паўлу Другому стаіць, два крыжы беларускія стаяць — да 1000-годдзя хрысціянства і пакутнікам Беларусі.

I я ўбачыў каля касцёла помнiк Францішку Ксаверыю. Гэта адзiн з самых першых французскiх святых, якi хрысціянiзаваў усходнюю Iндыю. Eзуiты дабралiся да Японii, праўда, iх там таксама парэзалi. Яны вымушаны былi ў 17-м стагоддзi адтуль з’ехаць, а ў 19-м туды вярнулiся. I калi вярнулiся, iх сустрэлi тыя самыя японскiя каталiкi, якiя два стагоддзя там жылi без iх. Карацей, песня называецца «Балада пра трох езуiтаў».

— I ўсё гэта ў вас закальцавалася з тым, што было аж…

— З 79-м годам. З тым японцам. Тут, калi гаварыць пра езуiтаў, мне здаецца, пра iх много няпраўды ў гiсторыi — штучна дэманiзаваны такi ордэн: яны гэта-тое нехарошае рабiлi. А на самой справе гэта зусiм не так. Абраз з выяваю «Трох японскiх езуiтаў» можна бачыць у нас у Гароднi ў правым нефе касцёла Францішка Ксаверыя. А на канцэрце я раскажу пра тое, што рабiлi тры японскiя езуiты, за што iх японцы замучылi.

— Своеасаблiва нараджаюцца ў вас песнi!

— Не тое слова! Вось так усё жыццё круцiцца. Колькi мiнула год, а гэта ўсё трымаецца ў памяцi. Вось так песня i склалася.

шалкевич2— А што яшчэ цiкавага з уражанняў пра Канаду? I наколькi там беларусы — сапраўдныя беларусы?

— Па-першае. Беларусы займаюць там нармальнае месца ў грамадстве. Не важна кiм яны там могуць быць — беларусамi цi кiмсьцi iншым. Дарэчы, я напiсаў пра вандроўку ў Канаду некалькi артыкулаў у газету «Вечерний Гродно». Не пра ўсё напiшаш, але ўсе тыя людзi, якiх я бачыў у Канадзе, у хатах якiх я быў, яны практычна жывуць так, як жывуць бiзнесмэны сярэдняй рукi ў нас. Я там бедных нашых не бачыў.

Увогуле ў Канадзе вельмi высокi ўзровень жыцця. I нашы жывуць там на нармальным акрэсленым узроўнi, не кажучы ўжо пра вялiкiя машыны, двухпавярховыя хаты з падваламi. Займаюцца людзi ўciм — хто працай ў камп’ютэрнай фiрме, хто — вокны збiрае на фабрыцы, а хто кiруе грамадскiмi аб’яднаннямi.

Зразумела, каб падтрымоўваць такi ўзровень жыцця людзi працуюць i працуюць. Гэта толькi тады, калi я прыехаў, мы там «впали в грех пьянства и чревоугодия», але было вельмi весела. Я вельмi рады за гэтых людзей, што яны менавiта такiм чынам улiлiся ў канадаскае грамадства. I жывуць яны там класна.

— А памiж сабой яна на беларускай мове размаўляюць?

— Так, ну пры мне ва ўсялякiм разе гаварылi — на мове статута Вялiкага Княства Лiтоўскага. На нармальнай лiтаратурнай мове. У Канаду выехалi, перад усiм, людзi добра адукаваныя, што вельмi прыкра для Беларусi, якая iх страцiла.

— Ну, яны ўжо там уладкавалicя, iм добра. Звернемся да Беларусi. Вось такое надзённае пытанне — як паўплывала на самаадчуванне вашага лiрычнага героя выбранне Трампа прэзiдэнтам ЗША? I наогул, чым ваш герой зараз зацiкаўлены, як ён жыве ў Беларусi? Цi носiць вышыванку, гаворыць на чыстай мове цi ходзiць на курсы, цi, можа, увогуле ўжо ходзiць з флагам БРСМ?

— Вы ведаеце, калiсьцi адзiн вядомы iтальянскi лiтаратурны крытык сказаў пра аднаго iтальянскага пiсьменнiка, па-мойму, пра Габрыэля д’Анунцыё: «он заразил великую итальянскую литературу сифилисом своей политики». Выдатней не сказаць. Гэта, на мой погляд, нейкае такое агульнае адурэнне. Калi iдзеш ў краму, а там стаяць дзве бабулькi i адна другой кажа: «I ты ведаеш, што гэты Трамп сказаў? Каб яму плацiлi за работу аднаго даляра…» Божухна, вам-та, бабкi, што? Мне гэта абсалютна не падабаецца. Мне здаецца, што людзi заўсёды павiнны абмяркоўваць свае праблемы, надзённыя, руку выцягнi — яны тут, а што iм Трамп?

Калicьцi Ленiн выдатна сказаў: «Увагу пралетарыята адцягваюць ад класавай барацьбы». Тое самае тутака. Людзям набiлi ў галаву ўсялякай дрэні, каб яны толькi не думалi пра тое, што ў iх будзе заўтра цi што ёсць сёння. Мне гэта не падабаецца. Для мяне абсалютна ўсё роўна. Я быў у Амерыцы, я ведаю, што гэты як раз карабель нiякiя карабельныя мышы не з’ядуць. Ён будзе плыць i плыць ўвесь час проста i проста. Смешна параўноўваць узровень жыцця там, за Атлантыкай, з узроўнем жыцця тутака.

— А тутака лiрычны герой ваш што робiць?

— Ён займаецца сваёй справай. Лiрычны герой вельмi ня любiць быць публiчным. Займаецца цалкам унутранымi справамi. Глядзiць, колькi i якiх слядоў на снезе пакiнулi птушкi i жывёлы, цi з’елi лясныя ланi тое, шо ён iм прынёс у мiнулы раз. Мне падабаецца маё жыццё — пры ўсiм пры тым, я атрымлiваю ад яго асалоду. Я страшэнна не цярплю, калi пра мяне нешта пiшуць, калi з’яўляецца дрэнныя злыя каментарыi. У нас жа народ з iнтэрнэту зрабiў духоўны сарцiр, проста аблягчаецца ўсiмi дзюркамi туды. Я гэта вельмi балюча пераношу. Я цiха-цiха, cпакойна сабе жыву. Гэта крэда маё. Тое самае робiць мой лiрычны герой.

youtu.be/XN2XtzEGbos

— Цiха-cпакойна, але ж пры гэтым вельмi многа ў вас розных спраў па працы творчай — тэатр, аўкцыёны, канцэрты, паездкi?

— Так. Дык гэта нармальна. I 2017 год ў мяне вельмi цiкава выглядае — я зноў кудысьцi палячу — i далёка, i блiзка палячу. I хапае ўсяго. Дарэчы, мая праца не патрабуе маральных ці матэрыяльных высiлкаў — камп’ютар, клавiшы цi проста папера ды аловак — i ўсё, ну яшчэ гiтара — больш нiчога ня трэба.

— А што з кнiжкамi — пiшуцца? Як там набздзейкаўскiя аповясцi? (*Крынiца — Вiктар Шалкевiч піша кніжку, якая называецца «Маланабздзейкаўскiя гістарычныя хронікі». Ён выдумаў такую вёску. Гэта будзе вельмі вялікі футурыстычны раман, а пачынаецца дзеянне з 2070 года, калі адначасова на тэрыторыі былога СНД узарваліся ўсе атамныя электрастанцыі, і распавядаецца, як людзі ратаваліся ад гэтага бедства).

— Ой пiшуцца! Жыццё дапiсвае новыя главы. Малыя Набздзейкi сталi арэнай розных падзей: праз iх i Жыгiмонт Аўгуст правозiў цела Барбары Радзiвiл, яны былi сталiцай удзельнага княства калicьцi, потым арэнай канфліктаў памiж унiятамi i праваслаўнымi. Потым туды прыйшлi немцы. Карацей, там усё ёсць, такая гiсторыя ў мiнiяцюры. Я час ад часу, калi перачытваю тое, што я напiсаў, я не веру: гэта я напicаў? Потым гляжу — так. Я-я!

— «Ай да Пушкин, ай да сукин сын!»

— Дзесьці блізка — ай да сукин сын! Кожны дзень нешта пiшацца, усё, што адбывалася ў свеце — ёсць там. Ёсць нават «дзірка» ў пекла. Мне пра гэта сон быў: агромнiстае такое шэра-жоўтае поле, шкляныя ванны з людзьмi, i калі яны пераворочваюцца тварамi ўверх, на iх налятаюць мухi, а потым вароны пачынаюць iх дзяўбці. Жудасная такая карцiна прыснiлася.

— У вас жа яшчэ нядаўна было перавыданне на польскай мове адной з кнiг -«Requiem па непатрэбных рэчах»?

— Так. Калi ўcё будзе добра, то ў гэтым годзе другая на польскай выйдзе — «Мястэчка G. і ваколіцы» .

 — Зараз вы выступаеце ў купалаўскiм тэатры. А з гродзенскага тэатра лялек, дзе доўга працавалi, сышлi — будзем пра гэта гаварыць?

— А што тут гаварыць? Гiсторыя настолькi незразумелая, што ах! Мяне папрасiлi напiсаць заяву, каб я па ўласным жаданнi звольнiўcя, ну я i звольнiўся, i абсалютна пра гэта не шкадую. Я не люблю рабiць з сябе «мученника за идею» i гэтакага змагара.

— Так, а з беларускай мовай у краiне што, на ваш погляд, зараз адбываецца? Яна сапраўды адраджаецца, цi пакуль што тут больш рознай мiтуснi?

— Па-першае, я раней казаў ужо, смешна, што ў сталiцы Беларусi ўзнiкае саматужны гурток па вывучэнні беларускай мовы. Мяне заўсёды гэта бавіла і дзiвiла. Да таго ж, мне здаецца, што перадусiм, гэтыя гурткi больш такiя матрыманiяльныя, людзi прыходзяць туды з чыста практычнымi мэтамi — там завязваюцца знаёмствы, людзi жэняцца. А гэта мова можа для iх быць, а можа i не быць.

Я лiчу, што павiнна быць нейкая нармальная дзяржаўная палiтыка перад ўсiм, а гэта ўсё такое — «план ребятишек был трогательно прост», але я не ведаю, чым гэта ўсё скончыцца. Гэта паўтараецца амаль што кожныя 10−15 год. Мне асабiста здаецца, што кожны нармальны чалавек павiнен мову ведаць з дзяцiнства, i няма чаго рабіць з сябе Магдалінаў, што пакаяліся, i казаць, што я раней не любiў, а цяпер люблю. Калi людзi сябе лiчаць нармальнымi, iнтэлiгентнымi людзьмi, яны павiнны ведаць некалькi моў, ну, а сваю родную — абавязкова. На том стаiм i стаяць будзем!

— Звяртаючыся да рэлігiйнай тэматыкi — наколькi для вас важна наведванне касцёлу, рэлiгiйныя нейкiя мерапрыемствы цi гэта так, час ад часу — агульны свецкi падыход?

— Ведаеце, я рос у дастаткова цiкавых абставiнах — у нас у Поразаве быў касцёл, а ксёндз з’ехаў, годзе ў 1956 у Польшчу, па дарозе памёр, яго сюды вярнулi, пахавалi, i потым людзi не далi гэты касцёл зачынiць. Мы хадзiлi туды з мамай увесь час. Я хаджу ў касцёл i цяпер — час ад часу, стаўлю свечкi, цiха пацеры гавару. Мне гэта проста не тое што дапамагае ў жыццi, гэта дапамагае проста спынiцца ў жыццi час ад часу — нават на 5−10 хвiлiн. Падумаць пра нешта вельмi важнае.

Я вось успамінаў касцёл у Мiдлэндзе езуiцкi — мы там таксама з сябрамі пасядзелi, памаўчалi. Я ўспамінаю катэдру Святога Патрыка ў Нью-Ёрку на 5-й Авеню, я там таксама доўга сядзеў пры алтары Станiслава Косткi i Антонiя Падуанскага. Успамiнаю тых служыцеляў, якiя ходзяць з такiмi доўгiмi «вiламi» з мяшочкамi для грошай — працягваюць iх — гэта чыста амерыканскае.

Я кажу, проста ў кожнага свой спосаб кантакту з Панам Богам i гэта добра. Хтосьцi павiнен увесь час вучыцца. Хтосьцi час ад часу — гэта ўжо залежыць ад чалавека. Прынамсi трэба кудысьцi хадзiць — ну калi душа гэтага патрабуе. Калi не, то не.

— А з кнiжак што чытаеце? Цi ёсць увогуле патрэба ў вас што-небудь чытаць, глядзець, слухаць музыку i, калi ёсць, то што канкрэтна ў апошнi час?

— Nihil novi (нічога новага). Усе мы выхоўвалiся (людзi з 1959−61 года) прыкладна на адных музычных, лiтаратурных творах, i час ад часу да гэтага вяртаешся. Я ў сябе ў хаце фактычна сабраў усе тыя кнiжкi, якiя чытаў у дзяцiнстве.

— Ух ты, цудоўна!

— Ага! Гэта, напрыклад, Мікалай Чукоўскi i яго «Водители фрегатов», классная кнiжка, як я ёй захапляўся тады! Ёсць яшчэ такая кнiжка «Крумкачы Ут-Роста» Петэра Асб’ёрнсена — гэта нарвежскi пicьменнiк, цудоўная кнiжка, пра Пера Гюнта, пра троляў, пра воранаў. Я час ад часу туды заглядаю.

Ёсць такi пicьменнiк, якога амаль ня ведаюць тут на Беларусi, бо не былi перакладзены яго творы, хаця ўсё i так зразумела — гэта Юзэф Мацкевiч, ён нават быў кандыдатам на Нобелеўскую прэмiю (але не атрымаў). Пiсьменнiк проста класны, незаслужана забыты. Ён апiсвае, што адбывалася ў нашых месцах ад пачатку першай сусветнай вайны да 50-х гадоў. Я яго страшэнна люблю чытаць.

Потым я знайшоў кнiгу пiсьменнiка, якi жыве ў Берасцi, Уладзiмiра Бешанава — класны гiсторык! Ён напicаў «Красный блицкриг» — кнiжка пра тое, як з 17 верасня 39-га года пачаўся «вызваленчы паход» Чырвонай армii ў Заходнюю Украiну i Заходнюю Беларусь, i чым ён скончыўся. Выдатная проста кнiга — выдатная! Яго дзесьцi не любяць, практычна ён кшталту Вiктара Суворава, проста шукае факты, на iх аснове робiць нейкiя такiя высновы. Шыкоўная проста кнiжка!

— Успамiнаецца ў гэтай сувязi ваша таксама выдатная проста i драматычная вельмi песня — «Вызваленчы блюз».

— Вось-вось. Самае смешная, што гэта кнiжка проста ўзяла i сама трапiлася мне ў рукi. Так часта здараецца — яны самi прыходзяць. Вось так дзе-небудзь бываеш, напрыклад, у Варшаве, на вакзале, i там глядзiш што цябе цiкавiць. Я знахожу нейкiя пласцiнкi старыя i кнiжкi, якiх нiхто не купляе, а мяне яны цiкавяць. Дарэчы, яны каштуюць вельмi смешныя грошы. А тое, што там напiсана — гэта проста выдатна. I потым у мяне на аснове ўсяго гэтага ўзнiкае нешта… Спicанае з 4-х навуковых работ — гэта 5-я навуковая работа. Проста нейкiм чынам гэта ўсё сiнтэзiруецца. А вось нядаўна купiў проста шыкоўную кнiжку тут у Мiнску — «Русский литературный анекдот» — проста сесці ды не ўстаць!

— I падводзячы вынiкi года…

— Усё было класна, быў Пiцер, была Канада, была Польшча. Кавалак свету я ўбачыў.

— А як гэта адбiлася ўнутры, штосьцi кардынальна ў поглядах на жыццё змянiла?

— Я кажу, што быў вельмi шчаслiвы бачыць, што ў беларусаў у Канадзе ўсё вельмi добра. Гэта зусiм iншая краiна, сама па сабе вельмi цiкавая, прыгожая. Грамадства дастаткова маладое, i там на вялiкай плошчы вельмi мала насельнiцтва. Я зразумеў, што людзi могуць жыць iнакш — не тое што лепш, а iнакш, чым у нас. Я не паэт-песеннiк, што штампуе песнi кожны дзень, я думаю, што ў мяне дзесьцi ўсё бачаная захавалася ўнутры i там ужо працуецца, i потым я там выдам што-небудзь пра 407-ы хайвэй — дарогу з Таронта да Атавы.

— I пра Нiягару?

— Ну пра Niagara Falls не, але пра 407-ы хайвэй, напэўна, выдам. Яно заўсёды так бывае, што гэта недзе там ляжыць, потым перапрацоўваецца. А потым выдаецца. Не адразу. Я ад сябе не патрабую, разумею, што трэба час ад часу варушыць у сябе там вiламi ўнутры, але ў прынцыпе гэта ўсё само зробiцца.

— А ад гэтага года чаго чакаецца ў творчым плане? Можа плануеце якiя-небудзь новыя жанры i фарматы музычных сустрэч са слухачамi выкарыстоўваць?

— Я баюся, што проста сёння ў гэтую агульную плынь «не ўладжу" — гэтага павальнага аптымiзму. Была, напрыклад, на Фэйсбуку нейкая маравая хвароба — усе пiсалi «Я люблю Беларусь!». Ня ведаю, але чым болей прыбывае гадоў, тым больш на гэта глядзiш як на нейкую дзiцячую забаву. Разумееце, практычна мы, жывучы тут і цяпер, заўсёды нейкiм чынам адрознiвалiся ад iншых — мы заўсёды былi не тое што замкнёныя ў пачуццях, а проста ўсё гэта больш унутранна перажывалi.

Просты прыклад з сучаснасцi. Вось Хрышчэнне праваслаўнае. Вырубаецца гэты крыж-палонка на возеры, прыязджаюць бацюшкi, ды амаль што не духавы аркестр там грае, крык, шум, фотаздымкi — там дзеўкi скачуць ў купальнiках з 6-м памерам, усё астатняе, амаль шоў.

А я ў прыяцеля свайго з-пад Варшавы Дарка Жукоўскага бачу на фотаздымках, што ён прыслаў, як гэта свята Хаджэнне на Іардань праходзiла ў польскiм памежным мястэчку Грудэк, альбо Гарадок, як каму болей да спадобы. Вечар, працэссiя такая праваслаўная, цiхая, спакойная, прайшла да палонкi. Бацюшка асвяцiў, жанчыны пачалi набiраць ваду. Нiхто там не блiшчаў голым торсам. Вось да гэтага, лiчу, трэба iсцi. Кажу: усё трэба перажываць перш за ўсё ўнутры. У сабе гэта ўсё важнае трэба насiць, i ад гэтага нешта потым адбываецца. А ўвесь гэты пыл, што пускаецца ў вочы, падымецца i асядзе дзесьцi.

— Духоўнасць iдзе знутры — таксама крэда Шалкевiча?

— Ну, безумоўна. Як гэта мне бацюшка знаёмы казаў: гэта, як свечачка, якая павiнна быць у кожным чалавеку, i каб яе вецер не задуў, кожны гэтую свечачку носіць ў сабе i пры сабе. Вось i ўсё.

— I яшчэ што-небудзь пра вельмi важнае для вас — пра вясну.

— Што вясна? Яна наблiжаецца. Кажу: я сланечнiкаў у сябе не сею — яны самi растуць. Сланечнiкi ў мяне на гародзе любяць чамусьцi прабiвацца самымi першымi. Сойкi iмi потым кормяцца. Не ведаю, якiм чынам яны ў мяне з’явiлiся, але яны не зводзяцца.

Дарэчы, першая песня на канцэрце будзе пра чорны сланечнiк i сiвога чалавека. Мне вельмi падабаецца, калi сланечнiк ўзыходзiць i пачынае распускацца. Ён вельмi аптымiстычная раслiна. I калi да гэтых сланечнiках пачынаюць ляцець пчолы, чмялi — гэта проста самы класны час. Гэта вясна.

Як паведамляла Крынiца, 12 лютага вядомы беларускi бард, акцёр i шансанье Вiктар Шалкевiч выступiць у Мiнску з праграмай найлепшых песень для ўсiх закаханых i не толькi.

КЗ «Мiнск» (малая зала) — Мінск, вул. Кастрычніцкая, 5.

12 лютага, 19:00.шалкевiч

Беларускі бард, акцёр, літаратар і шоўмэн Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці.

Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні, у тым ліку «Басовішча-92», «Восень бардаў-93» (Польшча). Выступаў з канцэртамі ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літве, Францыі, Германіі, Чэхіі. Выпусціў чатыры кнігі і восем музычных альбомаў.

За папулярызацыю сярод дзяцей ведаў пра тэатр быў узнагароджаны міжнародным ордэнам Усмешкі, кавалерамі якога з’яўляюцца Ян Павел II, Астрыд Ліндгрэн, Стывен Спілберг.

Віктар Шалкевіч у 2014 годзе стаў уладальнікам прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, якой ўзнагароджваюцца людзі, што праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.