Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Віктар Шалкевіч: «Нарадзіўся ў дарозе, у такім стане і існую…»

Фота: Аляксандр Ждановіч, budzma.by

Ён артыст, чым бы ні займаўся: ці то ў тэатры, ці ў песнях, ці то як вядучы шоу, ці нават як пісьменнік. Пазнаёміцца з яго творчасцю можна ў Гродне (дзе Шалкевіч працуе ў абласным тэатры лялек) ці пабачыць яго на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, у афішы ёсць спектакль, у якім артыст удзельнічае). І нават складаныя аўкцыёны становяцца асобнымі спектаклямі дзякуючы Шалкевічу, піша zviazda.by.

А песні яго — у якіх з жартам, але пра сур’ёзнае — можна знайсці (спампаваць) і паслухаць. А думкі — у песнях ці ў літаратурных творах — пра краіну, сур’ёзныя, але ўсё адно нібыта разыграныя спектаклі, дзе паказана нашмат больш, чым асабістае. Так бывае, што праз знаёмства з адным чалавекам лепш адчуваеш грамадства, у якім ён існуе.

— Калі вы зразумелі, што ваша месца ў тэатры?

— Я сам нават не ведаю, як. Мая братавая ўспамінала: Віця ў першым ці другім класе сказаў: «А я буду клоўнам…» Яна мела на ўвазе, што хацеў быць артыстам. У дзяцінстве я з сябрамі разыгрываў нейкія пастаноўкі, у мяне лялькі гаварылі рознымі галасамі, хадзіў у
драмгурткі. Я жыў і вучыўся ў мястэчку Поразава (яно вядомае з XV стагоддзя, мела Магдэбургскае права), у нас была вельмі добрая школа і добрыя педагогі. Драмгурток вёў легендарны настаўнік літаратуры Сяргей Аляксандравіч Шкуноў. Я сябе нікім іншым не бачыў. А недзе ў дзясятым класе купіў кніжку «Вышэйшыя навучальныя ўстановы СССР» і знайшоў «Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, г. Мінск, Ленінскі праспект, 81». Я чалавек дамашняга выхавання, нікуды далёка не хацеў ехаць. А ў Мінск прыехаў і адразу паступіў.

— Няўжо бацькі не накіроўвалі ў якую «рэальную» прафесію?

— Мае бацькі дастаткова талерантныя, разважалі: «Хоча — то хоча…» Экзамены ў тэатральны інстытут пачыналіся задоўга да таго, як у іншыя ВНУ. Калі я прыехаў дахаты, ведаў ужо, што паступіў, бацькі хадзілі вельмі гордыя. А людзі шапталіся: «Мусіць, Антак паехаў у Мінск і нешта сунуў, каб Віця паступіў…» Маленькае мястэчка. Такія былі ўяўленні пра тое, як трапіць у сталіцу.

— Ці лёгка аказалася потым знайсці свой тэатр?

— Я пачынаў у тэатры працаваць з 80-га года ў Гродне, у абласным драматычным тэатры. Потым быў перыяд працы ў вучылішчы мастацтваў. Далей — Гродзенскі абласны тэатр лялек. А ў пачатку ХХІ стагоддзя пайшоў на палову стаўкі. Я зразумеў, што ў тэатры даросламу маладому мужыку рабіць няма чаго — гэта праца можа быць не дзеля таго, каб зарабіць грошы, а хутчэй дзеля задавальнення. Але ж тут можна прыгадаць песню Акуджавы: «…Как стану я перед женой?» І я сышоў, каб у тэатры займацца дзеля задавальнення. Як хобі. На жаль, прыходзіцца выбіраць: альбо зарабляеш грошы, альбо атрымліваеш сатысфакцыю ад працы. А калі не маеш ні аднаго, ні другога, то трэба шукаць нешта сярэдняе.

— Але каб усе так разважалі, як бы жылі нашы тэатры без мужчын?

— Пакуль малады, чалавек круціцца: грае ў адным, у другім тэатры, ёсць антрэпрыза, яшчэ недзе падпрацоўвае. Але калі сядзець толькі ў тэатры і сумленна выконваць свой абавязак, то на гэтыя грошы не выжывеш. Таму прыходзіцца нешта яшчэ рабіць.

— Нешта яшчэ — па чым вас пазнаюць як артыста, барда — гэта песні. Але яны ў вас вельмі тэатральныя, з гісторыяй, сюжэтам, кожная як маленькае апавяданне. Яны расказваюць пра сур’ёзныя рэчы з гумарам, які, падаецца, таксама акцёрскі….

— У нас шмат людзей на сцэне, якія едуць на голым патрыятызме: я за гэта ці за тое… А мне хочацца, каб не была нейкая прамалінейная размова, каб людзі пасмяяліся, пра нешта падумалі. Успамінаю сваю першую песню, якая з’явілася ў часы перабудовы і называлася «Культасветработнік — прымітыў блюз». Мяне аднойчы з вучылішча мастацтваў адправілі ў прафесійную камандзіроўку, ездзіць па школах і расказваць, якое добрае вучылішча, каб збіраліся паступаць. Я паехаў, убачыў у адным раённым мястэчку шмат цікавых рэчаў: помнік Леніну, у якога была шапка на галаве, шапка ў руцэ і (гэта я смяюся) шапка ў кішэні… Прыходжу ў райвыканкам адзначыць камандзіроўку, а напісана: «Ліфт зламаны». Падымаюся пехатою на пяты паверх. Упраўленне культуры: сядзіць жанчына, перад ёй дзве газеты разасланыя — на адной семкі, на другой лупіны… І нарадзіліся радкі: «Я культасветработнік — флагман перабудовы…» А потым пачаліся іншыя песні. Насамрэч жыццё прапаноўвае такую драматургію, што адмыслова не прыдумаеш, трэба проста глядзець навокал. А 90-я гады наогул былі цікавыя, таму што ўсё людзі рабілі ўпершыню, з імпэтам. Столькі было сапраўды таленавітых людзей, якія раптам раскрыліся нечаканым чынам для грамадства. Былі бардаўскія фестывалі, публіка, якая ахвотна на іх ішла. На жаль, з гэтага мала хто што скарыстаў. Нехта закрыўся, а нехта з’ехаў. Калі ездзіш па свеце, бачыш столькі нашых людзей, што з’ехалі…

— Яны памятаюць, што нашы?

— Я бачыў, як жывуць людзі ў Амерыцы, Канадзе — нашы, якія выехалі, як яны захавалі мову, культуру ў чужамоўным асяроддзі. Трымаюцца за гэта — значыць, яно каштоўнае. Яны і дагэтуль хочуць слухаць песні на роднай мове: вось мяне запрашаюць, дый у «Старога Ольсы» тур за акіянам. Насамрэч вельмі важна ездзіць, глядзець, каб лепш разумець: з якіх пазіцый і з якімі прыярытэтамі будаваць сваю рэчаіснасць і адносіны з іншымі. Ёсць адна такая рэч: бывае, што людзі лічаць сябе разумнымі, а ўсіх астатніх дурнымі. А бывае, што людзі сябе лічаць дурнымі, але ўсе астатнія — дурнейшыя за іх. Параўнанне — вялікая рэч, шмат што расстаўляе па месцах і дазваляе агледзецца з кірункам.

— Вы існуяце на памежжы культур, прычым як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Усё ж Гродна — асаблівы рэгіён, дзе адчуваюцца розныя ўплывы. Ці адбіваецца гэта на сучаснай культурнай атмасферы горада?

— Я не магу сябе лічыць старым гарадзенцам. Але мой бацька ў 31-м годзе служыў у Гродне на Фолюшы ў палявой артылерыі ў Польскім войску. Жыла ў Гродне на вуліцы Пясковай сям’я Крыўцаў, вельмі вялікая, досыць заможная і дружная — нашыя сваякі. Ежы быў доктарам, Ян працаваў у магістраце ў аддзеле асветы, Казімір быў настаўнікам… Бацька мой, малады салдат, захаджваў да іх у госці. У іх у хаце збіралася гарадзенская інтэлігенцыя і вяліся размовы на розныя тэмы, напрыклад, хто мы: ліцвіны ці палякі…

Калі я рос, заўсёды глядзеў на людзей, якія жылі навокал: у нас у Поразаве у кожнай хаце быў што ні чалавек — то асоба. Гэта былі людзі, якія шмат перажылі: і другую Рэч Паспалітую, і першых саветаў, і другіх саветаў. Некаторыя нават захапілі кавалак царскай Расіі. У нас у Поразаве былі нават людзі, якія служылі ад’ютантамі ў Юзафа Пілсудскага. Было ім пра што расказваць: у іх было цікавае жыццё. Іх толькі зачапі пытаннем — і яны пачынаюць апавядаць. Людзі былі выхаваныя, богабаязныя, зладзеяў амаль не было. Жылі з працы сваіх рук. У нас роўнае грамадства было: не было ў каго красці. Калі ўспамінаеш нашых старых, іх аповеды, — за кожным — гісторыя. Зараз на пальцах адной рукі можна палічыць такіх людзей, а раней — у кожнай хаце… Для іх не было праблемаю, з кім сябе атаясамліваць. Бацька мой усё жыццё паўтараў, што мы ліцвіны. Мы жылі на памежжы, а ў 20 кіламетрах ад нас пачыналася Палессе. І калі мы прыходзілі на паляшуцкае балота касіць, палешукі казалі: «О, ліцвіны прыйшлі…» Як карабель назавеш — так ён і паплыве. Таму трэба найперш усвядоміць, хто мы і дзе.

— Здаецца, чым бы вы ні займаліся, здаецца, што ад усяго ловіце кайф, нават ад аўкцыёнаў па продажы нерухомасці, ці так гэта?

— Таму што ўсё залежыць ад чалавека, наколькі ён з ахвотаю гэта робіць. Напрыклад, пасля аўкцыёна (на што не кожны адважыцца)
падыходзяць і кажуць «дзякуй» за беларускую мову. Ці: «Мы толькі на вас і прыходзім глядзець…» Тлумачу: аўкцыён — гэта мерапрыемства, дзе людзі смеючыся развітваюцца са сваімі грашыма. Трэба, каб гэтае здарэнне было цікавым. У 90-я гады я пачаў гэтым займацца з лёгкай рукі сяброў. Нешта атрымалася. Пачаў у Гродне, а потым прыехалі прадстаўнікі з Мінскага гарвыканкама і таксама запрасілі. Вось ужо два дзясяткі гадоў вяду аўкцыёны на беларускай мове. Аднойчы прадавалі хлебную краму. Адна жанчына ўстала: «Я вот из Москвы приехала и ничего по-вашему не понимаю…» Я кажу: «Калі мы, расіяне і беларусы — браты, як усе кажуць, дык няўжо брат не зразумее брата?» Зала пачала пляскаць. Гэта адказная праца, і насамрэч у любой дзейнасці ёсць плён, калі падыходзіць да яе асэнсавана. Акрамя таго, што ёсць карысць…

Разумееце, калі мы вырашыць нічога не зможам, не можам ашчаслівіць усё прагрэсіўнае чалавецтва, то можам пастарацца зрабіць шчаслівымі людзей, якія побач з намі. Напэўна, я гэтым і займаюся.

Мне вельмі падабаецца тое, як я жыву. Мама, нябожцыца, увесь час паўтарала: «Сынку, у цябе вельмі лёгкі хлеб». Хоць ён не такі лёгкі…

— Але ж гэта не зямлю араць…

— А я і гэта ўмею. Я і за плугам хадзіць умею, і магу сам пакасіць. Усяму гэтаму я навучаны. Час ад часу раблю, каб захаваць навык. Таму што ўсё ў жыцці бывае. Магчыма, час ад часу трэба вяртацца да таго, каб узяць капачку, ускапаць зямлю і пасадзіць бульбу.

— Вы садзіце ў сябе — у вас жа ёсць хата за горадам?

— Канешне. А колькі там грыбоў!.. Ёсць вёска ў памежнай зоне, называецца Салацце, гэта на старой чыгунцы «Санкт-Пецярбуг — Варшава». Пару кіламетраў ад літоўскай мяжы. Там жывуць цікавыя людзі: кавалі, мастакі, бізнесоўцы. Так сталася, што я там прыкупіў кавалак зямлі, пабудаваў сціплую хаціну. Дом нармальны, з усімі выгодамі. Там можна жыць. І я гэтым карыстаюся, калі хачу адысці ад мітусні. Вось там сапраўды адпачываеш. Калі ўвесь час на людзях, гэта не тое, што стамляе і раздражняе, але гэта нейкая адказнасць, ды і я сам па сабе чалавек не медыйны. А там — ходзіш па лесе, паглядаеш на дрэвы, на аблокі, на кветкі, нешта там у галаве мяркуецца паволі….

— Не ўсе вашы калегі з тэатраў, відаць, могуць сабе дазволіць мець такую «хаціну»?

— У калег не было такога векапомнага здарэння ў жыцці, калі мяне аднойчы «папрасілі» з Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, куды я прыйшоў працаваць пасля інстытута. Калі б гэтага не здарылася, я, магчыма, ужо даўно спіўся б. Ці, магчыма, з’еў бы сам сябе. Атрымалася, што займеў выдатны стымул неяк рухацца, каб пражыць. Гэта ў выніку пайшло мне на карысць. Таму што ў тэатры можна зарабіць пяць рублёў, але палячыцца ад нерваў на пятнаццаць. Зрэшты, у кожнага па-рознаму жыццё складваецца: у тэатры ёсць свая іерархія. Але яна часта заканчваецца, як толькі выйдзеш на вуліцу.

— Маючы хату ў вёсцы, вы ўсё роўна застаяцеся гараджанінам…

— Чалавек на дзвюх нагах стаіць…

— У вас, падобна, гэта жыццёвае крэда? Бо вы і там, і тут… Ці няма жадання прыбіцца да чагосьці аднаго?

— Адказ — у гісторыі майго нараджэння. Гэта сямейная легенда. У вайну наша мястэчка Поразава спалілі немцы. Цяжка было з працай, не было грошай. Бацькам далі пляц, і яны паволі ставілі хату. Але спачатку ставіліся хлявы. Таму што ў хляве павінна нешта рохкаць, пішчаць. Паставілі хлеў, ён быў не накрыты. Мая мама, мной цяжарная, на адмысловым станку стругала шчапу, каб гэты хлеў накрыць. У той час я вырашыў нарадзіцца на свет. Маму кінулі ў сані і павезлі ў Багудзенкі (быў там маёнтак Бутаўт-Андрайковічаў, які стаў радзільным аддзяленнем). Але я ўжо па дарозе высунуўся. Паколькі я нарадзіўся ў дарозе, то я ў такім стане і існую… Мне падабаецца.

29 кастрычніка. 19.00. Маладзёжны тэатр эстрады (Міснк, вул. Маскоўская, 18А).

Вядомы бард, актор і шансанье Віктар Шалкевіч з праграмай «Восеньскі канцэрт. Лепшыя і новыя песні». Квіткі ад 15 да 25 рублёў.

Даведкі: 29 6490888, 33 3091137

shalk-gar

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments