Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

“Усэмка” на Базыліянскай: школа, якая памятае страшныя часы

Від школы з боку вуліцы Лермантава, былой Базыліянскай

Каля гарадской гімназіі па вул. Парыжскай Камуны стаіць помнік настаўнікам і вучням часоў Другой Сусветнай (або, дакладней, Вялікай Айчыннай) вайны. Праўда, у гады вайны школы на гэтым месцы не было, а вось дзе варта было б паставіць такі помнік, дык гэта каля спецыяльнай школы №4 па вуліцы Лермантава, якая шмат дзесяцігоддзяў таму мела №8.

Паставіць хату за адну ноч

Пасля Першай сусветнай вайны Гродна пачаў досыць імкліва павялічвацца на поўнач. Гродзенцы любілі тут сяліцца пачынаючы з сярэдзіны ХІХ ст., паколькі тут, на так званай Загараднай Слабадзе, або Слабодцы, паблізу ад Каложскіх (або Базыліянскіх) агародаў, паветра было значна чысцейшае, чым у цэнтры.

Від ад скрыжавання Лермантава і Чкалава
Від ад скрыжавання Лермантава і Чкалава

З 1920-х гг. раён значна павялічыўся. З’явілася вуліца Базыліянская (цяпер Лермантава), названая ў гонар базыліянскага грэка-каталіцкага манастыра на Каложы, паўстаў цэлы яўрэйскі квартал вакол новай гарадской рэзьні (цяпер вуліца Камунальная) ды гараской бальніцы (цяпер бальніца №1). А простыя сяляне з ваколіц Гродна пачалі сяліцца на схілах незаселенага тады Пярэселкаўскага рва. Людзі стараліся за ноч паставіць хаця б якую халупку і накрыць яе дахам. Тады ўлады дом ужо не зносілі.

Малітва, кубак малака і найдабрэйшы дырэктар

Гэты раён аказаўся адным з найбольш маладых у Гродне. Улады прынялі рашэнне пабудаваць тут школу, якая атрымала №8. Вялікі драўляны будынак паўстаў пры вуліцы Базыліянскай, самай “прэзентацыйнай вуліцы” на былой Слабодцы. Ужо з канца 1920-х гг. тут гучалі дзіцячыя галасы. Большасць вучняў былі хрысціянамі – дзецьмі небагатых месцічаў (90% дзяцей яўрэйскага паходжання вучыліся ў сваіх пачатковых школах).

Вучні і настаўнікі школы №8. Справа стаіць дырэктар Юзаф Вевюрскі
Вучні і настаўнікі школы №8. Справа стаіць дырэктар Юзаф Вевюрскі

Сёння ў Гродне жыве толькі некалькі чалавек, якія хадзілі ў даваенную школу – “усэмку” ў якасці вучняў. Яны згадваюць ранішнюю хрысціянскую малітву перад пачаткам вучобы, традыцыйны кубак малака, якім дакармлівалі найбяднейшых дзяцей польскія ўлады, а таксама найдабрэйшага дырэктара школы, бацьку чатырох дзяцей прафесара Юзафа Вевюрскага. Той жыў у драўляным доміку паблізу і ніколі не караў вучняў, больш чым гадзінным стаяннем каля “зэгара” – вялікага гадзінніка на школьным калідоры.

Дом дырэктара, які з'явіўся каля 1937 года
Дом дырэктара, які з’явіўся каля 1937 года

Тут жа, на вуліцах Жвіркі і Вігуры (цяпер Чкалава і Асіпенкі) ў так званай Настаўніцкай калоніі жылі іншыя настаўнікі школы, якія збольшага не былі карэннымі гродзенцамі і прыехалі з Пазнаньшчыны або Галіцыі.

Інтэлігенцыю бралі ў закладнікі

З пачаткам вайны ў 1939 г. большасць гродзенцаў працягвала працаваць ужо ў беларускай школе. А вось немцы ў 1941 г. забаранілі любое навучанне не на польскай мове, зрабіўшы ў былой школе казарму для жандармерыі.

Былыя вучаніцы школы чысцілі бульбу для вайсковай кухні, а настаўнікі перабіваліся часовымі заробкамі. Пачынаючы з лета 1942 года фашысты пачалі арыштоўваць прадстаўнікоў інтэлігенцыі і браць іх у закладнікі за забітых нямецкіх вайскоўцаў. Так быў арыштаваны і дырэктар Юзаф Вевюрскі. Яго павінны былі растраляць, але па просьбе бяздзетнага прафесара Яна Каханоўскага, стваральніка гродзенскага заапарка, Вевюрскага замянілі Каханоўскім. Так загінуў адзін з найбольш знкамітых гродзенцаў, паўтарыўшы подзвіг каталіцкага святога Максіміліяна Кольбэ.

Праект рэканструкцыі школы, 1930-я гг.
Праект рэканструкцыі школы, 1930-я гг.

Дырэктар Вевюрскі пражыў на вуліцы Чвартацкай яшчэ год, пакуль ізноў не быў арыштаваны фашыстамі як закладнік і не расстраляны імі. Гэтым разам выратаваць яго ўжо не было каму… Разам з Вевюрскім былі расстраляныя яшчэ некалькі настаўнікаў восьмай школы і члены іх сем’яў.

Від з боку вул. Лермантава, былой Базыліянскай
Від з боку вул. Лермантава, былой Базыліянскай

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments