Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Падпішыся, каб атрымліваць навіны Hrodna.life рэгулярна на сваю паштовую скрыню.

У ГрДУ з’явілася сацыялагічная лабараторыя, дзе кожны можа нядорага замовіць даследаванне

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя плануе праводзіць даследаванні не толькі для ўніверсітэта, але і для гарадскіх структур. Яе выгадна вылучаюць невялікія кошты. Супрацоўнікамі лабараторыі стануць студэнты – так яны навучацца працаваць з сацыялагічнымі дадзенымі. Лабараторыю прэзентавалі пад час Дзён сацыялогіі ГрДУ, якія праходзілі ў лістападзе.

Што такое сацыялагічная лабараторыя

Студэнцкая навукова-даследчая сацыялагічная лабараторыя гэта пляцоўка для студэнтаў і выкладчыкаў спецыяльнасці “Сацыялогія”, зацікаўленых у тэарытычных і прыкладных сацыялагічных даследаваннях. Студэнты навучацца арганізоўваць, праводзіць даследаванні і прадстаўляць іх вынікі. А таксама змогуць ініцыяваць уласныя праекты і, хто ведае, можа нават зрабіць важныя навуковыя адкрыцці лакальнага маштабу.

— Традыцыя даследаванняў у межах лабараторыі існуе даўно, — кажа Ілля Сульжыцкі, намеснік кіраўніка лабараторыі. – У ГрДУ раней ужо існавалі дзве сацыялагічныя лабараторыі. Новае пакаленне сацыёлагаў вырашыла адрадзіць традыцыю.

img_6141

Лабараторыя базуецца на кафедры сацыялагічных дысцыплін. Яе кіраўнік – загадчыка кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Наталля Казлоўская.

Удзельнікамі лабараторыі могуць стаць студэнты-сацыёлагі, але яна адкрыта для дыялога і з іншымі студэнтамі. За працу яны атрымаюць маральнае задавальнне і матэрыяльныя бонусы.

Сацыялагічнае даследаванне – за невялікі кошт

Сацыялагічная лабараторыя плануе не абмяжоўвацца ўніверсітэцкімі даследаваннямі, але і выконваць праекты па замове горада. Ілля кажа, што іх выгадна вылучае нізкая цана. Бо галоўнае, каб студэнты атрымлівалі практычныя веды.

— Магчыма, у будучыні розныя арганізацыі будуць мець патрэбу ў ацэнцы меркавання насельніцтва. Мы павінны стварыць попыт на нашы паслугі. Наша задача ў тым, каб данесці думку, што такія даследаванні неабходныя для правядзення змен і вырашэння грамадскіх і гарадскіх праблем, – кажа Ілля. – У Гродне дагэтуль няма сваёй даследніцкай структуры. Даследаваннямі займаюцца прадстаўнікі гарадской улады, але цэнтра, які займаўся б толькі сацыялагічнымі даследаваннямі, у межах горада не існуе.

Чытайце яшчэ:  “Усэмка” на Базыліянскай: школа, якая памятае страшныя часы

Акрамя сацыялагічных даследаванняў, лабараторыя будзе арганізоўваць тэарэтыка-метадалагічныя семінары і навуковыя канферэнцыі, праводзіць майстар-класы, якія будуць карысныя і студэнтам сумежных спецыяльнасцей. У лабараторыі дапамогуць з навуковымі публікацыямі і афармленнем артыкулаў. А таксама пракансультуюць і дапамогуць чалавечымі рэсурсамі.

img_6151

Лабараторыя дапаможа любому студэнцкаму праекту, звязанаму з меркаваннем ці настроем людзей. За дапамогай могуць звяртацца і студэнты іншых спецыяльнасцей, якія дазваляюць вывучаць і вырашаць грамадскія праблемы.

Даследаванне па студэнцкім самакіраванні не пройдзе безвынікова

Адным з першых праектаў лабараторыі можа стаць даследаванне адносін студэнтаў да студэнцкага самакіравання, заказчыкам якога выступіў Каардынацыйны студэнцкі савет ГрДУ.

Каардынатары праекта – студэнт 5-га курса Вадзім Кашпар і студэнтка 3-га курса Ілона Недзялеўская – выканаюць даследаванне метадам анкетнага апытання. Яны лічаць, што актуальнасць даследавання сёння большая, бо Беларусь ужо далучылася да Балонскага працэсу. Але калі ў еўрапейскіх вузах самакіраванне развіта, дык у нас яго развіццё запавольваецца.

img_6157

Органы студэнцкага самакіравання існуюць практычна з моманту заснавання вуза, але выконваюць найперш рэкрэацыйную функцыю. Студэнтам прасцей звярнуцца наўпрост да адміністрацыі, чым вырашаць нешта студэнцкай супольнасцю.

Чытайце яшчэ:  “Усе людзі – з асаблівасцямі ў развіцці”. Дзеці з хоспіса і іх мамы прадэманстравалі калекцыю адзення “Святаяннік”

Апошні этап даследавання – напісанне рэкамендацый. Намеснік кіраўніка Ілля Сульжыцкі лічыць, што студэнты могуць рэальна паўплываць на існуючую сітуацыю. “Калі да нас звяртаюцца, значыць, існуе патрэба ў паляпшэнні дзейнасці студэнцкага самакіравання. Думаю, даследаванне не пройдзе безвынікова”, — кажа ён.

У перспектыве – стварэнне гродзенскай сацыялагічнай школы

– Наша цікавасць як выкладчыкаў кафедры ў тым, каб якасць падрыхтоўкі спецыялістаў па сацыялогіі палепшылася, — кажа Ілля. – Праекты, семінары, даследаванні накіраваныя на тое, каб студэнты маглі прымяняць веды на практыцы. Новае пакаленне сацыёлагаў будзе адкрыта для вырашэння грамадскіх праблем і будзе валодаць для гэтага неабходнымі навыкамі.

Ілля адзначае, што “новае пакаленне сацыёлагаў” – гэта хутчэй метафара і гэта не значыць, што папярэднія выпускі горшыя. Проста зараз ёсць магчымасць канцэнтраваць практычныя і тэарэтычныя магчымасці ў адных руках, каб дапамагаць студэнтам раскрыць свой патэнцыял.

img_6153

Пазней можна будзе казаць пра фарміраванне гродзенскай сацыялагічнай школы. Маленькі крок да гэтага – стварэнне студэнцка-навуковай сацыялагічнай лабараторыі.

– Гродзенская школа будзе канцэнтравацца вакол пэўных напрамкаў у сацыялогіі і метадалогіі. Зараз у студэнтаў ёсць цікавасць да якасных метадаў даследавання і тэарытычных канцэпцый, якія падмацоўваюць гэтыя метады. Таму можна казаць, што гродзенская школа будзе з ухілам у якасную метадалогію. Пакуль школа – гэта вобраз, які мы стараемся акрэсліць, – кажа Ілля.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments