Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Толькі выпіваў і памёр? Што насамрэч зрабіў Стэфан Баторый для Гродна

Фрагмент карціны Яна Матэйкі "Баторы пад Псковам"

Артыкул Hrodna.life, прысвечаны каралю Польшчы і вялікаму князю літоўскаму Стэфану Баторыю, выклікаў дыскусію сярод чытачоў блога s13.ru. Яна зводзілася да аднаго пытання: “А што ўсё ж зрабіў найвялікшы кароль для нашага горада, апрача таго, што памёр тут?”

Пытанне нельга пакідаць без адказу, таму сціпла, толькі ў агульных рысах раскажам пра дзейнасць Баторыя для горада над Нёманам. Яго палітычныя і вайсковыя заслугі закранаць не будзем.

Талерантны католік, які дапамагаў праваслаўным

Стэфан Баторый быў абсалютна талерантны ў дачыненні да іншых рэлігій і канфесій. Сам ён быў шчыра веруючым католікам, але многія з роду Баторыяў прынялі пратэстантызм, а ягоны сябар Андрэй Бекеш быў ці то радыкальным пратэстантам-арыянінам ці то нават атэістам.

Герб Баторыя - зубы дракона
Герб Баторыя — зубы дракона

Каб захаваць рэлігійны спакой у шматнацыянальнай краіне Баторый падтрымліваў не толькі праваслаўных, але і яўрэяў. Напрыклад, у 1581 г. ён выдаў прывілей гродзенскай Прачысценскай саборнай царкве (знаходзілася на месцы манастыра Раства Багародзіцы) і яе шпіталю на 10 коп грошай штогод.

Прачысценская царква, на якую ахвяраваў Баторый
Прачысценская царква, на якую ахвяраваў Баторый

Адна капа – 60 грошай. За 600 грошаў у той час можна было купіць больш за 6 тон збожжа або 6 валоў. Зразумела, што шпіталь для бедных пры царкве цалкам утрымліваўся за кошт вялікага князя і караля Стэфана Баторыя.

Караля любілі ўсе, незалежна ад нацыянальнасці

У яўрэяў Стэфан Баторый неаднойчы пазычаў грошы на вайсковыя паходы і іншыя дзяржаўныя справы. За гэта яны атрымалі ад яго прывілей пабудаваць каменную сінагогу літаральна ў ста метрах ад каралеўскага палаца. Будаваў сінагогу той самы дойлід, які вымураваў цудоўны Стары замак.

Харальная сінагога, будаўніцтва якой дазволіў Баторый
Харальная сінагога, будаўніцтва якой дазволіў Баторый

Ёсць нават легенда, што Стэфан Баторый, вяртаючы аднаму яўрэйскаму купцу пазычаныя грошы, дазволіў апошняму адну ноч пабыць каралём. Купец за ноч паспеў напісаць некалькі прывілеяў, якія значна спрасцілі жыццё яўрэяў Рэчы Паспалітай.

Гэта толькі легенда, але яна паказвае: караля і вялікага князя любілі ўсе ягоныя падданыя незалежна ад нацыянальнасці.

Прывілеі для Гродна

5 снежня 1576 г. Баторый пацвярджае ўсе ільготы гораду Гродна, зацвярджае правы гараднян на склады солі, вызваляе гарадскія саладоўні і бровары ад падаткаў, якія былі ўсталяваны яго папярэднікам Жігімонтам Аўгустам, як надзвычайная мера з нагоды вайны з Масковіяй. Соль у тыя часы каштавала дорага і магчымасць для гродзенцаў не плаціць падаткі за соль істотна ўздымала іх даходы.

Чытайце яшчэ:  “Было б сорамна, каб ведала і не дапамагла”. Дызайнерка з дзіцячага хоспіса пра тое, як стала валанцёрам

Праз некаторы час, ужо ў пачатку 1580-х гг., Стэфан Баторый дазваляе гродзенскім мяшчанам збудаваць на Нёмане млын, на Рынку – карчму і гандляваць там півам, віном і мёдам (гарэлкі гродзенцы ў тыя часы не ўжывалі) без аплаты акцызу. Прыбытак ад млына і карчмы ідзе на патрэбы горада.

Горад так узбагаціўся, што змог збудаваць мураваную ратушу

Млын быў вельмі цікавы. Два злучаныя паміж сабою плыты, паміж якімі было млыновае кола, што раскручвалася вадою. Гродзенцы малолі на млыне сваё збожжа і абслугоўвалі шляхту і сялян. Горад настолькі ўзбагаціўся, што прыкладна ў гэты час у Гродне паўстала першая мураваная ратуша, якая стала сімвалам незалежнасці горада над Нёманам.

У 1582 г. кароль загадвае не затрымліваць караблі гродзенскіх мяшчанаў з хлебам па Нёману ў Кёнігсберг. Гэта наогул была проста фантастыка. Прусія ў тыя часы была васалам Рэчы Паспалітай і самі прусакі падатку не бралі. Яго маглі ўзяць толькі каралеўскія мытнікі. Цяпер выходзіла, што прыбыткі тагачаснага гродзенскага бізнеса вырасталі ў шмат разоў.

Аўтаномія гарадоў і свабода гандлю

Шмат кароль зрабіў і для ўпарадкавання сістэмы вагаў, паштовых зносін, тарыфаў, увёў грыгарыянскі календар (5 кастрычніка 1582 г. у Гродне змянілася адразу 15 кастрычніка). Нагадаем, былая Расійская імперыя перайшла на Грыгарыянскі каляндар у адпаведнасці з дэкрэтам Леніна толькі ў 1918 годзе. Праўда, кароль не мучаў праваслаўных і не забараніў царкве карыстацца юліянскім календаром у сваім справаводстве.

Адным словам, галоўнымі прынцыпамі караля ў эканамічных справах была шырокая аўтаномія гарадоў і свабода гандлю. Важныя, актуальныя дасюль рэчы!

Збудаваў шэдэўральны замак, якому не было роўных

Баторый упершыню прыехаў у Гродна 29 ліпеня 1579 г. і з таго часу прыязджаў у наш горад 11 разоў, апошнія два гады жыцця (1584 – 1586 гг.) пражыў тут амаль без выездаў.

Гродна з гэтага часу становіцца яго рэзідэнцыяй. Баторый пачынае перабудоўваць замак Вітаўта на Замкавай гары (перабудова працягваецца да сярэдзіны 1580-х гг.). У выніку горад атрымлівае проста шэдэўральны палац, роўнаму якому не было тады ў Рэчы Паспалітай.

Галерэя замка Баторыя
Галерэя замка Баторыя

У 1584 г. па заданні Стэфана Баторыя зроблены праект перабудовы Фары Вітаўта з драўлянага храма ў каменны. Будаўніцтва завершана ў канцы 1586 г. У пачатку 1587 г. у Ватыкан адаслана паведамленне, што “касцёл цудоўны”.

Чытайце яшчэ:  «Гродна выглядаў бы як Прага, калі б не войны». У падвале шматпавярховіка ствараецца макет ідэальнага горада

Завяшчаў Гродна каля 6 млн долараў

За год да смерці Стэфан Баторый склаў завяшчанне, у якім пакідаў 96 фларэнаў любімай Трансільваніі і 20 тысяч вайсковаму шпіталю для старых жаўнераў у Варшаве. “Каханаму Гродна” кароль завяшчаў 30 тысяч фларэнаў.

Адзін залаты фларэн (тое самае, што дукат і роўна аднаму злотаму) быў па тых часах вялізарнай сумай грошай. За яго можна было набыць 15 адкормленых гусей або пашыць 2 пары абутку. Вельмі прыблізна перавёўшы гэтыя грошы на сучасную валюту выходзіць, што Баторый завяшчаў нашаму гораду каля 6 мільёнаў долараў. Такой сумы з асабістых даходаў ніколі не пакідаў нашаму гораду ніводзін уладар ці чыноўнік.

Пакінуў самога сябе і, магчыма, сына

І нарэшце, Стэфан Баторый завяшчае для Гродна… самога сябе – ён выказвае пажаданне, каб гэты горад стаўся месцам яго вечнага спакою. У пачатку 1584 г. кароль у прыватнай размове сказаў італьянцу Кампана: “мне гэты горад і для жыцця і для вечнага адпачынку найбольш дарагі”.

Кароль не меў дзяцей, праўда, хадзілі чуткі пра тое, што недзе ў лясах пад Гродна ён сустракаўся з прыгажэннай дачкой лесніка, які ахоўваў каралеўскія пушчы.

У XVII ст. у кнізе Валерыяна Неканда-Трэпкі “Liber chamorum…” пад нумарам 875 згадваецца нехта “Кнабоўскі, байструк караля Стэфана”, які ў 1613 годзе служыў у кавалерыі Рэчы Паспалітай разам з 12 сваімі коннікамі. Кнабоўскі быццам жыў у Гродне… Мо дзе па нашым горадзе ходзіць нехта з нашчадкаў вялікага караля.

Даў дзясяткі год міру і росквіту

Такім чынам Баторый не толькі выратаваў Рэч Паспалітую, даўшы нашым продкам яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў міра і эканамічнага росквіту, але і пачаў сапраўдны залаты век Гродна. Да 1600 г. горад пакрыўся каменнымі будынкамі, у 1629 г. у Гродне з’явіўся ўласны вадаправод, а ў 1650 годзе было вырашана пабудаваць каменны мост праз Нёман. Але літаральна праз пяць гадоў пачалася крывавая вайна, ад наступстваў якой Гродна і ўся наша Беларусь не маглі аправіцца больш за два стагоддзі.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments