Біл Тонсi быў салдатам паўднёўцаў, самазваным палкоўнікам канфедэратаў, рабаўніком цягнікоў і банкаў ды доўгі час хаваўся ад уладаў. Але калі сустрэў мексіканскую бандытку Марту Акудамадэра, спыніўся. Маладыя вырашылі стварыць сям’ю і пачаць жыццё з чыстага ліста. Такі быў сцэнар вяселля ў гродзенцаў Васіля і Таццяны, якія 11 жніўня адсвяткавалі вяселле ў стылі Дзікага Захаду.

Маладая пара — аніматары, без якіх не праходзіць ніводнае свята ў горадзе. Госці на іх вяселле таксама прыйшлі ў касцюмах эпохі Дзікага Захаду. Госці - работнікі культуры, аніматары, сваякі і сябры.

"Так цікавей". Гродзенцы адзначылі вяселле ў стылі Дзікага Захаду
«Нядаўна ў нашых сяброў было вяселле ў стылі постапакалiпсiсу, стымпанку і мы вырашылі працягнуць традыцыю — сваё вяселле зладзілі ў стылі Дзікага Захаду, — распавядаюць маладыя. — У нас не рэканструкцыя, а стылізацыя, так што госцi апраналіся як маглі. У многіх касцюмы атрымаліся вельмі цікавыя.

Чаму менавіта такое вяселле? Так цікавей. Гэта ўжо як лад жыцця. У нас такая прафесія, што ўвесь час трэба мяняць касцюмы, уваходзіць у ролі і без гэтага наша жыццё ўжо цяжка ўявіць".

На сваё вяселле Васіль і Таццяна шылі касцюмы ў адмысловых майстроў. Падрыхтоўка да вяселля доўжылася каля года. Госці таксама рыхтаваліся да свята: некаторым прыйшлося доўга шукаць тую ці іншую рэч, каб быць у патрэбным вобразе. Павіншаваць маладых прыйшлі мексіканскія музыкi, каўбоі і індзейцы.