Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Пачалі капаць — знайшлі косткі. Што рабіць з закінутай падземнай прыбіральняй на месцы яўрэйскіх могілак

У цэнтры Гродна, на скрыжаванні Вялікай Траецкай і Дамініканскай, ёсць аўтастаянка, а побач — закінутая падземная прыбіральня. А яшчэ тут ёсць куча камення, каля якой рэгулярна з’яўляюцца кветкі. Толькі гэта нагадвае, што некалькі стагоддзяў тут былі найстарэйшыя яўрэйскія могілкі горада.

Могілкi знішчылі ў час Другой Сусветнай

Упершыню пра яўрэйскія могілкі згадваюць у дакументах пачатку XVI стагоддзя. Могілкі зачынілі на пачатку ХІХ стагодзя, тут ужо не хавалі, але месца беражліва ахоўвалi. У час Другой Сусветнай вайны могiлкi ўваходзілi ў склад гета №1. Тады там пахавалі некалькі дзясяткаў, а можа і сотняў забітых вязняў.

Тады ж, пасля вывазу яўрэяў у лагеры смерці, камяні з могілак гараджане расцягнулі на будаўнічыя патрэбы. Гэтак, гродзенскiя краязнаўцы лiчаць, што з магільных пліт была зробленая лесвіца на Завяршчызну.

Сучасная вуліца Вялікая Траецкая. За ёй старажытныя могілкі (цяпер аўтастаянка). 1930-я г.

Будавалі прыбіральню — знайшлі масавыя пахаванні

Побач з могілкамі знаходзіўся рынак, таксама вельмі старадаўні. Пасля вайны тут сталі з’яўляцца розныя аб’екты: пабудавалі дзіцячы садок і некалькi баракаў з кватэрамі для рабочых.

Адзіная ацалелая мацэва са старых яўрэйскіх могілак па вул. Траецкай. Доўгiя годы яна ляжала каля туалета. Зараз плinf знаходзiцца каля сiнагогi.
Адзіная ацалелая мацэва са старых яўрэйскіх могілак па вул. Траецкай. Доўгiя гады яна ляжала каля прыбіральні. Зараз гэтая плiта знаходзiцца каля сiнагогi.

Жыхары такіх дамоў мелі патрэбу ў прыбіральнях. У пачатку 1970-х гадоў для іх пабудавалі бетонны агульны туалет на некалькі кабінак. У час прац будаўнікі натыкнуліся на масавыя пахаваннi.

З успамінаў старшыні Савета ветэранаў-удзельнікаў першых баёў 1941 года на Гродзенскай зямлі Іраіды Макеевай. Запісала гродзенская журналiстка Наталля Макушына, студзень 2004 года:

«Дачка аднойчы прыбегла, кажа «Мама, пайшлі хутчэй, там яму капаюць і косці ў зямлі ляжаць, шмат». Мы тут жа жылі на Савецкай, я падхапілася, гэта ж побач, дзе крама на Кашавога. Экскаватар там капнуў і спыніўся, стаянку аўтамабільную там будавалі, а ў зямлі, божа мой, косці бачныя, пластамі ляжаць з зямлёй перамяшаныя. Адзенне яшчэ цэлае, кавалкі, анучкі нейкія каляровыя. У гарошак мне запомніўся такі кавалачак, лялька ці што была, ручкі маленькія.

Я дачцы кажу, ідзі дамой, няма чаго тут глядзець. А сама ў выканкам, што ж такое робіцца, трэба ж спыніць гэта неяк. Няма нікога ў кабінетах, нікога не знайшла. Пакуль хадзіла, вярнулася, а там ужо ўсё засыпалі. Так усё і засталося пад зямлёй, што там было, хто пахаваны? Могілкi там былш яўрэйскiя, але казалі, што яны зачынены даўно. Асфальт паклалі, і прыйшло камусьці ў галаву туалет там паставіць».

Прыбіральню тую зачынілі адразу ж як і адкрылі. Магчыма, паўплывала сведка тых падзей Iраiда Макеева. Цяпер ад той прыбіральні застаўся толькі бетонны падмурак.

Чытайце яшчэ:  Прафесія платнер. Хто сёння ў Беларусі вырабляе аўтэнтычныя рыцарскія даспехі?

Новую прыбіральню «забіў капіталізм»

З часам знеслі ўсе баракі і закаталі ўсё асфальтам — цяпер тут вялікая стаянка. Зноў пачалі казаць пра неабходнасць грамадскай прыбіральні. Яе збудавалі і стаіць яна тут дагэтуль.

Вытрымка з рашэння гарвыканкама ад 16.04.1986 года:

«Адвесці вытворчаму аб’яднанню жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры гарвыканкаме пад будаўніцтва падземнага туалета зямельны ўчастак па вул. Алега Кашавога плошчай 0,1 га».

Прыбіральню адкрылі ў тым жа годзе, а спыніла яна сваё існаванне ў пачатку 1990-х гадоў, калі перайшла з дзяржаўнай уланасці ў прыватныя рукі.

На стаянцы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў выстаўляліся палаткі для гандлю, выязджалі аўталаўкі ад крам. Быў гэтакі міні-рынак для выязнога гандлю. Прадаўцам і пакупнікам патрэбна была прыбіральня. Але гродзенцы часта ездзілі ў Польшчу, гандаль са стаянкі перамясціўся на калгасныя рынкі: Скідзельскі і Грандзіцкі.

Месца апынулася пустым, прыбіральня стала незапатрабаванай і закрылася.

Закрыць туалет запатрабавалі яўрэі

Нямногія ведаюць, чаму прыбіральню канчаткова зачынілі. У пачатку 1990-х у Гродне пачала нанова фармавацца яўрэйская абшчына. Аднойчы да нейкай памятнай даты прыехалі замежнікі. Для гасцей запланавалі падрабязную экскурсію па памятных месцах. Было б няправільна паказваць працоўны туалет на месцы старых могілак, палічылі ў абшчыне.

Чытайце яшчэ:  Зразумець хуткаплыннасць жыцця. Выйшаў фотаальбом Наталлі Дораш “Гродзенскія фотагісторыі”

Старшыня іўдзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі кажа, што менавіта мясцовая абшчына і запатрабавала ў гарадскіх уладаў у 1993 годзе каб прыбіральню на месцы могілак канчаткова зачынілі.

«Менавіта з таго моманту ў абшчыну сталі звяртацца людзі, у якіх па розных прычынах каля дома аказваліся яўрэйскія пліты з тых самых могілак. Менавіта з таго часу свядомасць гродзенцаў змянялася, людзі сталі больш патрыятычна адносiцца да гісторыі свайго горада i лепш да яўрэяў».

Можа, ужо час выкарыстаць закiнуты туалет па-іншаму?

Ужо больш за 20 гадоў каля стаянкі знаходзяцца закінуты туалет. Там часам можна пабачыць то нейкія ганучы ад бамжоў, то шпрыцы ад наркаманаў. Некалькі метраў далей — куча камення з кветкамі. Можа, прыйшоў час выкарыстаць закінуты туалет па-новаму? Напрыклад, зрабіць у памяшканні чарговы музей багатай гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны?

Толькі адна праблема: людзі, якія сёння сядзяць у кабінетах, нават не ведаюць пра існаванне гэтай прыбіральні.

8


Аўтар дзякуе Віктару Саяпіну, Вiктару Какарэка i Наталлі Макушынай за прадстаўленую інфармацыю.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments