Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

“Рэстаўрацыя – не аднаўленне як было”. Сцяпан Стурэйка пра спрэчкі вакол Старога замка

Стары Замак у Гродне, від з усходу. Мал. арх. Бачкова

Гісторык, культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка спецыяльна для Hrodna.life выказаў некалькі сваіх думак з нагоды спрэчак пра рэстаўрацыю Старога замка, якія доўжацца ўжо не першы год, але не прыносяць вынікаў.


Назіраючы за новай хваляй абмеркавання лёсу нашага гаротнага Старога замка, востра захацелся выказацца і мне. Аматары віртуальных мітынгаў могуць застацца незадаволеныя маім бачаннем сітуацыі. Тым не менш, галоўны сэнс таго, што я збіраюся сказаць – неабходнасць удумлівага і ўважлівага дыялогу, якога да гэтай самай пары не было.

Чытайце яшчэ:  Стары замак: злачынства пад выглядам "аднаўлення"

Аўтэнтыка ўсё адно будзе пакутаваць

Спачатку наконт бягучага праекта – насколькі я разумею, яго яшчэ ніхто не бачыў і падрабязна не вывучаў. Рэндары, малюнкі і макеты – гэта адно, а рэальны праект – зусім іншае. У любым выпадку той сюжэт спрэчкі, які на слыху – ён цалкам пра гіпотэзы.

Дакладна невядома як выглядаў замак. Ёсць толькі больш і менш пераканаўчыя вобразы, якія мы ствараем. Таму колькі паверхаў было на вежы не так важна. Што ні «адновім», усё будзе наватворам.

Чытайце яшчэ:  Работы па рэстаўрацыі Старога замку працягнуцца - вылучаны 1 млн рублёў

Скажу яшчэ адну непапулярную рэч – якое б рашэнне не прымалася, аўтэнтыка ўсё адно будзе пакутаваць, бо любая рэстаўрацыя – гэта перабудова і пазбаўленне ад нечага. Так што тут я б больш разважліва ставіўся да сітуацыі.

Кожны цягне коўдру на сябе, а плёну не будзе

Добрая навіна – грошаў на першую чаргу хутчэй за ўсё не хопіць, а вось узмацненне гары – можа і вартая справа. Так што час на дыскусіі яшчэ ёсць. Галоўная праблема на маю думку – тое, што самому абмеркаванню ўжо не адзін год, а яно ўсё нікуды не прыводзіць. Гісторыкі мераюцца ўласнай кампетэнтнасцю, вось і ўсё. Зараз яшчэ падключацца горадаабаронцы і эколагі (бо там жа мабыць дрэвы спілуюць), кожны пацягне коўдру на сябе, і плёну як заўсёды не будзе.

Чаму? Таму што не гучаць галоўныя пытанні.

Першае – сэнсавае. Якое пасланне мусіць трансляваць адноўлены помнік гораду і свету? Тут, я баюся, павярхоўная адраджэнская рыторыка заводзіць у тупік. Уласна кажучы, з яе акурат і нарадзілася тая сітуацыя, якую сёння абмяркоўваем. Гэта мусіць быць дыскусія пра каштоўнасці і прысваенне аб’екта канкрэтнымі гарадскімі супольнасцямі. Можа і не так кепска зрабіць там «гістарычны Дыснэйлэнд»? Але гэта трэба вырашыць. І ёсць методыкі абмеркавання, проста ніхто імі не карыстаецца.

Другое – музейнае. Які Горадні патрэбны музей? Усё ж дзеля музея! Які ён будзе – такі самы краязнаўчы? Ці музей горада? Ці музей сярэднявечча/адраджэння? Калі нехта думае, што дастаткова падняць з фондаў «скарбы», і вось вам музей – ён глыбока памыляецца. А яшчэ музей мусіць браць непасрэдны ўдзел у праектаванні, быць паўнавартасным сузамоўцам.

Тры крытэрыі якаснай рэстаўрацыі

Што тычыцца таго, якім бы мне хацелся бачыць замак у будучыні, то ёсць тры крытэра якаснай рэстаўрацыі.

1) Наколькі добра забяспечана функцыя аб’екта. Іншымі словамі наколькі музею, яго супрацоўнікам і наведвальнікам будзе там камфортна ў самым прымітыўным фізічным сэнсе. Вось тут узнікае мастацтва кампрамісу. Як зладзіць камфорт з мінімальным пашкоджаннем аўтэнтыкі?

2) Наколькі добра захавана ўсё тое, што мы прызнаем каштоўным (а што мы прызнаем – гл. галоўнае сэнсавае пытанне вышэй). Насамрэч захоўваць можна самымі рознымі спосабамі. Засыпанне пяском – таксама варыянт.

3) Наколькі добра праэкспанаваныя, паказаныя гістарычныя слаі, як шмат мы можам счытаць інфармацыі пра складанае мінулае помніка, узіраючыся ў яго. Акурат тут месцяцца ўсе тыя знешнія эфекты, якія дапамагаюць у раскрыцці паслання помніка. Але гэта хутчэй справа для дызайнера, бо як такім захаваннем ці аднаўленнем яна не вырашыцца – можна захаваць, але не праэкспанаваць; рэканструяваць, але пе паказаць мяжы рэканструкцыі і г.д.


Запомніце галоўнае: рэстаўрацыя – гэта не аднаўленне «як было». Проста выкінце з галавы гэты міф. Ніколі ў выніку не паўстае тое, што некалі было. Паўстае заўсёды «цяпер». Якасную рэстаўрацыю нельга выканаць на раз-два-тры. Супер-замежныя ці якія заўгодна спецыялісты не здольныя прыехаць і «зрабіць усім харашо», бо рэстаўрацыя – гэта працэс пераасэнсавання і ўпісання аб’екта ў бягучую грамадскую і культурную рэчаіснасць, тым больш такога знакавага як Стары замак. Але ж акурат пра пераасэнсаванне і ўпісанне мы сёння думаем менш за ўсё. Шкада.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments