Ён працуе толькі ў добрае надвор’е, зычыць поспехаў і ведае цікавосткі пра цэлы сусвет. Гэта — сонечны гадзіннік-панегірык, што захоўваецца ў Старым замку. Ён зроблены ў 1791 годзе мінскім каморнікам Ігнатам Мануірам у падарунак для крайчага Аршанскага павету Тадэвуша Бучынскага. Больш у Беларусі няма ніводнага сонечнага гадзінніка гэтага майстра.

sonechnyi-gadzinnik-ignata-manuira-5

Пра адметнасці ўнікальнага экспаната распавёў Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Сонечныя гадзіннікі ізноў становяцца папулярнымі ў Гродне

У свой час сонечныя гадзіннікі былі даволі папулярнай і распаўсюджанай з’явай. Праўда, зараз больш звыклымі падаюцца тыя, што размяшчаліся гарызантальна і ўпісваліся ў ландшафт. На Гродзеншчыне захавалася некалькі такіх гадзіннікаў. Рэшткі аднаго знаходзяцца на Аўгустоўскім канале, другі размясціўся перад касцёлам у мястэчку Ішчална Шчучынскага раёна. На старых мапах Гродна пазначана, што сонечны гадзіннік калісці быў і недалёка ад палаца Тызенгаўза. Сонечныя гадзіннік і зараз можна пабачыць у Гродне — на Савецкай плошчы і каля будынкаў Парка высокіх тэхналогій у даліне Гараднічанкі.

sonechnyi-gadzinnik-na-pl-savetskay-grodna

sonechnyi-gadzinnik-kalya-pvt-dalina-garadnichanki

Што да насценных сонечных гадзіннікаў, то яны размяшчаліся часцей з паўднёвага боку будынкаў - звонку, ці ў памяшканні, дзе ўвесь час шмат дзённага святла.

Сонечнае хобі даўняга чыноўніка

Стары замак у Гродне — адзіны беларускі музей, што мае ў сваёй калекцыі гадзіннік, зроблены Ігнатам Мануірам. Усяго да нашых дзён дайшло каля дзясятка вырабаў майстра. Захоўваюцца яны ў Польшчы і Літве.

Найвышэйшай пасадай, што займаў Ігнат Мануір, было месца мінскага каморніка. То бок, ён адказваў за землямерныя работы і быў даволі высокапастаўленай асобай. Што да вырабу сонечных гадзіннікаў, то хутчэй за ўсё, гэта было яго жыццёвым хобі. Натуральна, што і асобы, каторым пашчасціла атрымаць такія падарункі, таксама былі не з шэраговых людзей. Адзін з сонечных гадзіннікаў Ігната Мануіра быў падараны каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму.

«Няхай гадзіны адлічваюць твае поспехі…» — пахвальнае слова праз тры вякі

Сонечны гадзіннік, што зараз захоўваецца ў Гродне, патрапіў у музей яшчэ да вайны, калі ўзначальваў установу Юзэф Ядкоўскі. Асаблівасць гадзінніка-панегірыка ў тым, што ён спалучае ў сабе функцыянальнае і прэзентацыйныя значэнні. Яго «пахвальнае слова» — панегірык, прысвечаны аднаму з прадстаўнікоў роду Бучынскіх, Тадэвушу, крайчаму Аршанскага павета з воласці Бабінова.

sonechnyi-gadzinnik-ignata-manuira-1

«У гэтым компасападобным стрэмені няхай гадзіны адлічваюць твае поспехі, крайчы Бучынскі. Вялікі гонар для цябе, Радзіма, што маеш такіх людзей, як ён».

Гадзіннік выкананы ў выглядзе стрэмені, таму што ў Бучынскіх стрэмя было на гербе. Аўтарства панегірыка на сёння дакладна не ўстаноўлена. Магчыма, яго склаў сам Ігнат Мануір.

sonechnyi-gadzinnik-ignata-manuira-8

Гістарычныя казусы, расказаныя гадзіннікам

Цікава, што на час вырабу гадзінніка, у 1791 годзе, Аршанскага павету, як і воласці Бабінова разам са Смаленскім ваяводствам у складзе Рэчы Паспалітай ужо не было. Згодна з Андросеўскім мірам 1667 года гэтыя землі адышлі да Расіі. Але тыя прадстаўнікі шляхты, што пераехалі ў Рэч Паспаліту, захавалі свае званні і пасады. Напрыклад, яшчэ ў ХVIII стагоддзі існавала пасада смаленскага біскупа, хаця Смаленск даўно належаў іншай дзяржаве.

Апроч гэтага гістарычнага сведчання гадзіннік расказвае і аб дасягненнях астраноміі, што ад пачатку XVII стагоддзя актыўна развівалася і набірала папулярнасць. Дзякуючы гадзінніку Ігната Мануіра мы маем дакладныя звесткі пра стан астраноміі ў той час. Напрыклад, на гадзінніку пазначаны планеты і перыяды іх абарачэння вакол сонца. Для Сатурна, меркаваннем тагачасных астраномаў, гэты перыяд складаў 36 гадоў (па сучасных звестках — 29), Юпіцера — 12 (дакладна супадае з сучасным меркаваннем), Марса — 1,5 (687 дзён — 1,88 года), Венеры — 330 дзён (225), Меркурыя — 300 дзён (88).

sonechnyi-gadzinnik-ignata-manuira-10

Таксама на гадзінніку пазначаны разлічаныя на той час адлегласці да нябесных целаў. Напрыклад, адлегласць да Месяца — 104,9 марскіх міль, (каля 200 тысяч кіламетраў, па сучасных звестках — 384 403).

sonechnyi-gadzinnik-ignata-manuira-11

Меркаваннем Андрэя Вашкевіча, даўні ўзрост гэтага экспаната, яго захаванасць і інфармацыйная напоўненасць робяць сонечны газіннік Ігната Мануіра адным з найбольш і каштоўных экспанатаў Гродзенскага музея і цікавым артэфатам беларускай гісторыі.

sonechnyi-gadzinnik-ignata-manuira-3-vashkevich