Група польскіх велааматараў з Гданьска і Мальбарка ў канцы красавіка наведала Гродна па бязвізавым рэжыме. Турысты засталіся задаволеныя знаёмствам з Беларуссю і каралеўскім горадам, але таксама адзначылі яго недахопы і параілі больш працаваць над рэкламай і велаiнфаструктурай.

Група прыехала да Кузніцы на машынах, там на роварах пераадолелі мяжу ды адправіліся ў Гродна і наваколлі.

Старэйшы ў групе Адам Мішк, быў у Гродне ў 2016 годзе па візе. У гэтым годзе ён вырашыў сабраць сваіх сяброў і апрабаваць новы бязвізавы рэжым.

«Добра, што зрабілі бязвізавы ўезд. У вашым рэгіёне ёсць на што паглядзець. Тым больш у Беларусi з Польшчай агульная гісторыя. Уся паездка ў нас займае пяць дзён. Мы заехалі праз Кузнiцу, а будзем выязджаць праз Прывалку — у Літву. У Гродне мы ўбачылі замкі, храмы, наведалі іншыя славутасці, а таксама пабывалі на старых каталіцкіх могілках. Горад вельмі спадабаўся, асабліва людзі сваёй ветлівасцю. Як убачаць сцягі польскія на роварах — падыходзяць паразмаўляць. Прыемна».

Польскія велатурысты ў бязвізавым Гродне: "Людзі ветлівыя і горад прыгожы, але для велааматараў непрыстасаваны"
Велатурысты каля помніка пісьменніцы Элізы Ажэшкі
Жылі палякі ў Гродне ў здымных кватэрах. У дзень на аднаго выходзіла 25 долараў. Есці хадзілі ў розныя ўстановы горада: спадабаліся чабурэкі ў цэнтры. Таксама яны шукалі бюджэтныя сталовыя, пра якія чулі, але ў выходныя яны былі зачыненыя.

«Ёсць адна праблема ў Гродне — вельмі мала інфармацыі для турыстаў. Мы ехалі на роварах і ўказальнікі ў асноўным на рускай або беларускай мовах. Мы вучылі ў школе трохі рускую, але ўжо яе не памятаем.

Яшчэ нам патрэбна была добрая карта Гродна на польскай мове, дзе было б усё распісана: славутасці, дзе паесці, лазні і г. д. I яшчэ Гродна не прыстасаваны да велатурыстаў, бо вельмі мала веладарожак і ёсць вельмі высокія бардзюры — над гэтым трэба працаваць. У Польшчы таксама не ўсё адразу было. Хочацца верыць, што гэта ўсё паступова прыйдзе і ў Гродна", — дадаў Адам.

Польскія велатурысты ў бязвізавым Гродне: "Людзі ветлівыя і горад прыгожы, але для велааматараў непрыстасаваны"
На гродзенскіх пешаходных пераходах велатурысты спешваюцца. У Польшчы часта побач з пешаходнымі пераходамі ладзяць пераезды для раварыстаў, на якіх спешвацца не трэба.
Група велатурыстаў упэўненая, што гэта не апошняя іх паездка іх у Беларусь. Дома пра сваё падарожжа яны плануюць распавесці сябрам і калегам. Палякі адзначылі, што калі бязвізавы ўезд у Гродна будзе і далей дзейнічаць, то плынь турыстаў горад будзе павялічвацца, асабліва з Польшчы.