Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Падпішыся, каб атрымліваць навіны Hrodna.life рэгулярна на сваю паштовую скрыню.

“Памперсы — класна, толькі чалавечых зносін імі не заменіш”. Валанцёрка Ірэна Лабачэўская знаёміць выхаванцаў дзіцячага дома з прафесіяй цырульніка

Фота: Ірына Новік

Валанцёрства Ірэны Лабачэўскай пачалася ад таго часу, як яна стала мамай. Тады ўпершыню блізка сутыкнулася і з праблемай сіроцтва. “Пры мне аднаго з малых пакінулі ў радзільні”, – узгадвае яна. Так абставіны падштурхнулі  дапамаць пакінутым немаўлятам і прывялі ў дабрачынную арганізацыю “Хто, калі не я?”.

Усведамленне, што старэйшым дзецям дапамога патрэбна не менш чым немаўлятам, прыйшло з выхаваннем уласнага дзіцяці.  Тады Ірэна арганізавала для падлеткаў з дзіцячага дома курс па знаёмству з прафесіямі. Пачала са сваёй – распавяла і паказала, як працаваць цырульнікам.

Дапамагала як магла

Пакуль была ў дэкрэце са сваім малым, дапамагала як магла – перадавала ў дзіцячы дом памперсы і гігіенічныя прыналежнасці, дзялілася дзіцячымі адзёжкамі. У нашай арганізацыі шмат сяброў, якія гатовы ахвяраваць час і душэўнае цяпло дзецям, што засталіся без бацькоў. Шмат дзяўчат-валанцёрак ходзяць у дзіцячую бальніцу ці ў радзільню, каб дапамагчы медыкам даглядаць малых. Што да мяне, то з тым, як расло ўласнае дзіця, прыходзіла і разуменне — не толькі немаўлятам патрэбна падтрымка. Памперсы гэта, канечне, класна, толькі чалавечых зносін імі не заменіш.

Тады і вырашыла паспрабаваць сябе ў працы з падлеткамі і ўзялася весці прафарыентацыйны накірунак работы арганізацыі. Першым выкладчыкам стала сама — каб пазнаёміць дзяўчат з дзіцячага дома з асаблівасцямі ўласнай  прафесіі – парыкмахера.

Першая спроба

“Я ж выдатна разумею, што не магу для іх аплаціць навучанне ва ўніверсітэце ці, скажам, купіць мэблю ў кватэру. Але я магу навучыць іх карысным навыкам, скіраваць у жыцці, распавесці аб прафесіях і магчымасцях сацыялізацыі. Гэта таксама дапамога, у 15 гадоў не кожны можа самастойна вызначыцца з выбарам спецыяльнасці”.

У сваім нефармальным навучальным курсе Ірэна збіралася распавядаць аб  простых рэчах, што мімаходзь засвойвае любая дзяўчынка, якая жыве ў добрай  ў сям’і. Яна бачыць, як мама раніцай робіць прычоску, ці змывае макіяж увечары і пераймае досвед жаночай штодзённасці.

“Я ж сама памятаю, як была падлеткам – як вучылася бровы “шчыпаць”, як хацелася мамінай памадай вусны фарбаваць ці ўпотайкі пазногці красіць”. Падлеткі, што жывуць у інтэрнаце, такой магчымасці і прыкладу не маюць.

Ірэна Лабачэўская, валанцёрка дабрачыннай арганізацыі «Хто, калі не я?», праводзіць занятак для падлеткаў з дзіцячага дома.

Для першага знаёмства Ірэна запрасіла групу дзяўчат з дзіцячага дому разам з выхавацелькай наведаць цырульню, дзе працуе.

Чытайце яшчэ:  “Хатняя праца бывае цяжэй”. Гродзенская дальнабойшчыца пра жыццё на колах

“Гэта самая звычайная цырульня, у якую  ходзяць звычайныя людзі. Чаму я хацела яе паказаць? Магчыма, каб разбурыць стэрэатыпы і папярэдзіць завышаныя чаканні “крутога” салона. Як правіла, дзяцей з дзіцячага дома стыгуць на месцы. Мы дамаўляемся з адміністрацыяй, запрашаем валанцёраў-цырульнікаў, ставім у спартыўнай зале крэслы і стрыжом усіх ахвотных. Гэта добра, але ў самастойным жыцці да цырульніка трэба будзе хадзіць самім, не чакаючы запрашэння. Ды і майстар пачынае кар’еру са звычайнай цырульні. Да крутога салона трэба дарасці”.

Толькі для ахвотных

“З адміністрацыяй дзіцячага дома мы дамовіліся, што не будзем нікога прымушаць наведваць гэтыя сустрэчы. І для сябе я вырашыла, што колькі б дзяцей ні прышло, буду праводзіць заняткі”. На першую сутрэчу прыйшла толькі адна дзяўчынка. Выхавацелькі пабачылі, што Ірэна растроілася, пайшлі клікаць астатніх. Дзяўчаты прыйшлі, сталі моўчкі – позы закрытыя, не падыйсці. Але і прымушаць Ірэне нікога не хацелася – разумела, што ад навучання праз сілу карысці будзе не шмат. Сказала яшчэ раз, што могуць застацца толькі ахвотныя. Гэтым разам засталося чацвёра дзяўчат.

Удзельніцы навучальнага курса вучацца правільна падстрыгаць валасы і раўняць грыўкі. Нават калі ў парыкмахеры не пойдуць, такімі ўменнямі напэўна будуць карыстацца

З імі і распачалі першы навучальны курс. Распавядаць, кажа Ірэна, прышлося  «без вады», толькі па справе. І не лезці ў душу, бо яны вось так адразу не пускаюць чужога. «Ужо пасля дзяўчаты раскрыліся і мы пасябравалі. Дзве з іх, Яна і Маша, пасля дзявятага класа пайшлі вучыцца на парыкмахераў».

Веды ад лекара і візажыста таксама патрэбны

Каб падчас навучання прадставіць не толькі ўласную прафесію, Ірэна запрашала на некаторыя тэмы адмыслоўцаў з той ці іншай галіны. “Пра санітарыю і гігіену працы распавяла лекар Оля Нікіціна. Ад медыка парады пра здароўе пазваночніка ці папярэджанне прафзахворванняў гучалі больш пераканаўча. Ды і пра інфекцыі, якія можна “падхапіць” у цырульніка, які няправільна апрацоўвае інструмент, яна расказвала з усёй сур’ёзнасцю.

Яна Алістратава (на першым здымку злева) у межах гэтага навучальнага курса праводзіць заняткі па візажы. На яе парады ў дзяўчат заўжды ёсць попыт

Занятак па макіяжы правяла візажыстка Яна Алістратава. Мадэлямі сталі самі дзяўчаты. Колькі радасці было, калі пад прафесійнымі пэндзлямі змяняліся іх тварыкі – не перадаць.

Грыўкі, косы, каласкі

На сваіх занятках Ірэна старалася падзяліцца ўменнямі, што прыгадзяцца ў жыцці кожнай дзяўчынцы. Распавядала і паказвала, як правільна падраўняць грыўку, як падабраць стрыжку пад свой тып твару і знешнасці. Таксама разам вучыліся заплятаць рознага кшталту каласкі і косы і нават фарбаваць валасы – кожнай па пару пасмачак. На гэтыя заняткі дзяўчаты прыводзілі ў якасці мадэляў сваіх сясцёр ці сябровак. А некаторыя прафесныя прыёмчыкі адпрацоўвалі нават на прычосках выхавацельніц.

Чытайце яшчэ:  Практычнасць і эстэтычнасць. У Гродне адкрылася новая этнакрама “Лёля”
Косы і ўкладкі — тое, чаму больш удзяляецца ўвагі ў сёлетняй, другой групе Ірэны Лабачэўскай. Гэтым разам сабраліся не толькі вучаніцы выпускных класаў, але і малодшыя дзяўчаты

“Дзяўчаты, што займаліся са мной увесь гэты час – проста класныя. Хоць курс даўно скончыўся, адносіны падтрымліваем дагэтуль. Яны заўжды прысылаюць віншаванні і вітанні праз сацыяльныя сеткі, дзеляцца здымкамі сваіх прац”.

Сямейная гісторыя ў падтрымку валанцёрства

Жаданне Ірэны дапамагаць дзецям-сіротам падтрымлівае муж. Ён юрыст і таксама па-валанцёрску дапамагае арганізацыі “Хто, калі не я?”. Зараз распрацоўвае памятку для выпускнікоў дзіцячых дамоў. Са словаў Ірэны, у складаных сітуацыях былыя дзетдомаўцы могуць разгубіцца і часам не ведаюць сваіх правоў. Дапаможнік мае быць ім карыснай падказкай.

Што да сваёй бацькоўскай сям’і, то напачатку да валанцёрства Ірэны тут ставіліся насцярожана. Дапамагла прымірыць усіх з яе рашэннем даўняя сямейная гісторыя. “Мне ўдалося высветліць, што мой прадзядуля быў усынаўлённым дзіцем. Яго ўзялі ў сям’ю зусім чужыя людзі, выхавалі  і вырасцілі – ён стаў добрым сем’янінам. То, калі мама заводзіла размовы на тэму майго валанцёрства, я проста казала – некалі  з нашай сям’і дзіця не пакінулі, то зараз мы мусім іншым дапамагчы”.

Паступова і родныя, і сябры таксама падключыліся да дабрачыннасці – нехта грошы ахвяруе, нешта перадае неабходныя рэчы ці інакш дапамагае. “Праз гэта свет вакол выглядае дабрэйшым. Прынамсі – вакол мяне”, — робіць выснову Ірэна.

Працяг — ёсць

Сёлета Ірэна Лабачэўская таксама праводзіла профарыентацыйны курс для выхаванцаў дзічячага дома. “Гэтым разам прыйшло больш цікаўных, зацікавіліся і малодшыя, каторым па 12-14 гадоў. Некалькі разоў заглядвалі нават хлопчыкі”, – распавядае яна. У выніку  гэтага курса адзінаццацікласніца Аня зацікавілася візажам, а Ангеліна, што зараз заканчвае дзявяты клас, вырашыла, услед за Машай і Янай, паступаць у коледж бытавога абслугоўвання, каб вучыцца на цырульніка. Астатніх удзельніц і ўдзельнікаў навучання Ірэна запрасіла на заняткі і ў наступным годзе.

На занятках у Ірэны дзяўчаты з дзіцячага дома вучыліся нават фарбаваць валасы. Да заняткаў групы некалькі разоў далучаліся і хлопчыкі

У далейшых прафарыентацыйных планах арганіацыі  “Хто, калі не я?” — пашырэнне шэрагу прафесій, з каторымі можна пазнаёміць дзяцей. Таму Ірэна запрашае ахвотных прафесіяналаў далучацца да валанцёрскай каманды.

“Кожная прафесія па-свойму цікавая і мае свае магчымасці для самарэалізацыі. Падзяліўшыся досведам, кожны можна дапамагчы падлеткам зрабіць жыццёвы выбар”.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments