Бязвізавы рух у Гродна і на Аўгустоўскі канал мае прыцягнуць турыстаў. Ці сапраўды мэта — спрасціць замежнікам жыццё, або можа гэта проста выдатны піяр для Беларусі? Такім пытаннем задаецца bia24.pl.

Паводле беларускіх уладаў, гэты эксперымент меў быць спрашчэннем для турыстаў: трэба мець толькі пашпарт, страхоўку і дакумент на ўезд, які выдае турфірма.

Цана такога пропуску, як піша bia24.pl, можа быць параўнальнай нават з цаной візы: індывідуальная віза каштуе 25 еўра, а за пропуск трэба заплаціць больш-менш 100 злотых. Праўда, сам працэс атрымання візы больш складаны: трэба згубіць час на візіт у консульства, запоўніць заяўку, пачакаць як мінімум некалькі дзён. У выпадку пропуску трэба толькі перадаць у турфірму свае дадзеныя, можна нават праз email. Гэта значна прасцей.

Як новыя магчымасці ацэньваюць уласнікі беластоцкіх турфірмаў?

Энтузіястам бязвізавага руху з’яўляецца Лех Пілецкі, ганаровы консул Малдовы і саўласнік фірмы New York S.C.:

— Гэта першы добры крок у кірунку адкрыцця граніц з Беларуссю. Трэба заўважыць, што ў Гродне жыве шмат палякаў. Варта з абодвух бакоў наладжваць і развіваць кантакты. Калі людзі будуць культурна карыстацца такой магчымасцю наведаць Гродзеншчыну, гэта прынясе карысць абодвум бакам.

Лічу, што гэта фантастычная рэч. Гэта рэклама не толькі для Беларусі, але і для Польшчы. Гродна калісьці быў польскім, там вельмі шмат польскага засталося з часоў да Другой сусветнай. Таму гэта таксама прасоўванне і нашай гісторыі.

[irp posts="3675″ name="Польскі відэаблогер у бязвізавым Гродне: хакей, беларуская мова і штраф 400 еўра"]

Кшыштаф Матыс, уласнік турфірмы Krzysztof Matys Travel, звяртае ўвагу на іншую мэту, якую мае гучнае інфармаванне пра лібералізацыю на беларускай мяжы. Паводле яго, дакладна спрасцілася працэдура атрымання дазволу на ўезд у Беларусь. Цэны ж індывідуальнай візы і бязвізавага пропуска параўнальныя.

— Беларусь атрымала файную рэкламу і дакладна гэтым скарыстаецца. Гэта геніяльны крок беларускіх уладаў. Ён даў ім бясплатную агромністую рэкламу ў польскіх СМІ. Палякі дагэтуль баяліся Беларусі, лічылі, што гэта нейкае небяспечнае месца, а цяпер як чуюць, што ёсць бязвізавы рух, ёсць спрашчэнні, дык пасмялеюць і масава рушаць на Беларусь, — лічыць Кшыштаф Матыс.

Бязвізавы рух павялічыць і колькасць візавых турыстаў

Абодва прадпрымальнікі перакананыя, што колькасць польскіх турыстаў у Беларусі павялічыцца.

— Ужо вельмі шмат людзей цікавіцца гэтай магчымасцю, — кажа Лех Пілецкі, але дадае, што патрэбная правільная рэклама і прасоўванне рэгіёну. — Добрае прасоўванне дапаможа нам прыцягнуць сюды палову Еўропы, бо Аўгустоўскі канал гэта цуд прыроды, — лічыць Пілецкі.

— Можна быць перакананым, што рух у Беларусь павялічыцца, — кажа Кшыштаф Матыс. Ён дадае, што не толькі ў межах бязвізавага руху. — Многія польскія турысты, калі зразумеюць правілы гэтага бязвізавага руху і пабачаць, што можна даехаць толькі да Гродна, а і за гэта заплаціць грошы, вырашаць паўдзельнічаць у стандартнай паездцы: зрабіць візу і паглядзець яшчэ штосьці акрамя Гродна.

Тым больш, што групавыя візы вельмі танныя — 10 еўра за чалавека, то бок нават танней, чым пропуск па бязвізавым руху.

Бязвізавы рух абмежаваны транспартам

— У рамках бязвізавага руху можна прыехаць у Беларусь толькі машынай або аўтобусам, а з мая да верасня — па Аўгустоўскаму каналу водным транспартам. Цягніком ці пешкі перайсці мяжу нельга, — кажа Кшыштаф Матыс. [ён дадае таксама, што праз Кузніцу нельга ехаць роварам, але гэта няпраўда — Hrodna.life]

[irp posts="2086″ name="Планы на мяжу: бязвізавы цягнік, «Лясная» для раварыстаў і новы пункт пропуску ў Сафіева"]

Прэс-сакратар Падляшскага аддзялення Польскай памежнай службы маёр Катажына Здановіч кажа:

— Пункт пропуску ў Рудаўцы — выключна рачны. У сезоне, калі ён адкрыты, можна там перайсці мяжу толькі з дапамогай воднага транспарту. Толькі ў выключных выпадках, пасля спецыяльнай заявы на імя Галоўнага каменданта Памежнай службы, можна атрымаць дазвол на пешы пераход. Дазвол выдаюць сумесна польскі і беларускі бакі, — тлумачыць Катажына Здановіч.

У Кузніцы, па словах Здановіч, можна перайсці мяжу на рэйсавым аўтобусе, асабістым аўто, матацыкле ці ровары. Пешы рух там пакуль устрыманы.

[irp posts="2629″ name="Турысцка-інфармацыйны цэнтр Гродна пачаў працу ў Беластоку"]

Багдан Дыюк, чалец Праўлення Падляшскага ваяводства, спадзяецца, што бязвізавых рух будзе развівацца.

— Пасля двух тыдняў ужо можна разважаць пра пашырэнне бязвізавага руху на цягнікі, або каб у 2017 годзе адкрыць пункт пропуску ў Рудаўцы трошкі раней [1 мая — панядзелак, 3 мая — выходны ў Польшчы, таму агулам у многіх атрымаецца доўгі ўікэнд — аж пяць дзён]. Мы б хацелі, каб ён адкрыўся ўжо 28 красавіка.

[irp posts="3749″ name="За два з паловай тыдні ў Гродне пабывала больш за 300 бязвізавых турыстаў"]

Кшыштаф Матыс кажа, што рэальна ацэньваць дасягненні бязвізавага рэжыму ад красавіка 2017 года, калі турысты пачнуць зноў цікавіцца падарожжамі пасля зімовага перапынку.