Прайшло два месяцы пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу эскізных праектаў на стварэнне ў Гродне помніка Давыду Гарадзенскаму. Зараз пераможца скульптар Сяргей Аганаў працягвае працаваць над сваім праектам: дарабляе і ліквідуе нюансы. Як ідзе падрыхтоўка да стварэння помніка гродзенскаму кашталяну, даведаўся карэспандэнт Hrodna.life.

За месяц працоўная мадэль помніка павялічылася ў памерах, але майстар пакуль не спяшаецца яе паказваць — яшчэ шмат працы наперадзе.

«Са свайго боку я працягваю праект — раблю працоўную мадэль, можна сказаць, ідзе творчая праца, — кажа Сяргей Аганаў. — Што тычыцца іншых этапаў, то ў мяне пакуль няма ні тэрмінаў, ні інфармацыі. Падрыхтаваць працоўную мадэль — таксама доўгі працэс. Часта працы пасля конкурсу яшчэ дапрацоўваюцца, таксама і ў маім выпадку. Прыслухоўваюся да меркавання камісіі і выпраўляю некаторыя моманты, але гэта не павінна супярэчыць майму бачанню работы».

[irp posts="18 976″ name=" Для мяне Давыд Гарадзенскі - сімвал скалы і крэпасцi". Скульптар Сяргей Аганаў пра свой пераможны праект"]

На думку Сяргея, змены змогуць пабачыць не ўсе, а толькі людзі, звязаны з мастацтвам. Пры дапрацоўкі мадэлі ён камунікуе з гiстрыкамi, якія спецыялізуюцца на сярэднявеччы.

Судзіць працу па адной фатаграфіі - няправільна

Заказчыка і камісію мадэль помніка Сяргея Аганава задавальняе, а вось частку гараджан — не. Скульптар кажа, што гэта чаканая рэакцыя, але просіць незадаволеных не спяшацца з дачаснымі высновамі.

[irp posts="20 871″ name="У інтэрнэце збіраюць подпісы за перагляд вынікаў конкурсу на помнік Давыду Гарадзенскаму"]

«Судзіць працу па адной фатаграфіі - няправільна. Пераконваць людзей, што праца будзе добрая і ім спадабаецца, мне таксама складана. Многія прывыклі да зразумелых рэчаў: калі рыцар, то абавязкова бронзавая фігура з мячом і ўсё зразумела. Нешта новае заўсёды выклікае пытанні.

Для Гродна гэта будзе новая скульптура. Я выдатна разумею абураных людзей, але хачу сказаць: у маёй працы будзе ясна бачны сілуэт ваяра, ён будзе вылучацца са скалы. Гэта не проста камень будзе стаяць, а рэальная скульптура. Праца з каменя заўсёды выглядае цікава. Такую працу рабіць нашмат цяжэй, чым ляпіць двухмятровага чалавека з гліны, а потым пераліваць у бронзу".

Пасля падвядзення вынікаў конкурсу Сяргей атрымаў шмат віншаванняў ад калегаў і не толькі. Ён кажа, што такога ў яго яшчэ не было, каб так шмат людзей ацаніла працу.

Спяшацца не трэба

Калі пачнуцца асноўныя работы па помніку, скульптар сказаць не можа. Але раней працоўнай мадэлi трэба прайсці шэраг узгадненняў.

«Пытанняў арганізацыйных яшчэ вельмі шмат. За сябе скажу, што спяшацца я не буду, не хачу аддаваць сырую працу. Лепш я больш папрацую і зраблю з яе рэальна добры праект, які ў будучыні ацэняць як і сучаснікі, і нашчадкі».

[irp posts="8192″ name="Давыд Гарадзенскі: што ведаем насамрэч і што прыдумалі «ўдзячныя нашчадкі» пра героя, якому хочуць паставіць помнік"]