Канцэрт гурта NaviBand у Гродне 8 сакавіка прайшоў з аншлагам і не падмануў чаканні слухачоў. Гэта былі дзве гадзіны добрай музыкі і мора эмоцый. А пасля канцэрта — працяглая аўтограф-сесія і сэлфі для кожнага ахвотнага. «Вы столькі энергіі аддаяце, дзе знаходзіце сілы?» пыталі прыхільнікі. «Вы ж бачыце, колькі мы ад людзей атрымоўваем. У гэтым адказ» — шчыра прызнаваліся музыкі. Таксама яны распавялі, як рыхтуюцца да Еўрабачання і чым напаўняюць жыццё па-за канцэртамі.

NaviBand 2017 Hrodna (23)

Еўрабачанне? На хадулях і ў касцюмах з бульбы

Ці не найчасцей у мызыкаў пыталіся пра падрыхтоўку да конкурса. Але здраджваць усе сакрэты Ксенія з Арцёмам не спяшаліся, аджартоўваючыся ў адказ: «Ксюша будзе выходзіць на хадулях, я буду жангляваць. А касцюмы будуць цалкам са скуры» — з гумарам адказвае Арцём. «Ці цалкам з бульбы зробім, як некалі Ледзі Гага з мяса» — «дакручвае жарт Ксенія. «Калі сур’ёзна, то падрыхтоўка ідзе, як трэба. Мы сабралі каманду і з ёй рушым» — падводзіць рысу Арцём.

NaviBand 2017 Hrodna (21)

Адну з песень на канцэрце ён зайграў на гітары, падаранай гуртом «Brutto». Да слова, зроблена гэта гітара гродзенскім майстрам Андрэем Кібенем.

NaviBand 2017 Hrodna (13)

Але ці паедзе тая гітара на Еўрабачанне, пакуль не ведама. «Яшчэ ўвогуле не вырашылі, буду я з гітарай, ці не» — кажа Арцём. А вось наконт «фірмовай» прычоскі Ксеніі яснасці больш. «Рожкі пакінем. Будзе такое беларускае хіпі».

NaviBand 2017 Hrodna (19)

Насторой - баявы?

«Бываюць дні, калі так шмат усяго, што не паспяваеш нават сачыць. Тады рукі самі сабой уніз цягнуцца і хочаца трошкі паспаць, не бачыць нікога, не слухаць нічога. Але гэта дзень — і ўсе. Ты ізноў у тонусе. Такі тэмп, ён падтрымлівае. Ты едзеш з канцэрта на канцэрт, сустракаешся з людзьмі і гэта крута» — распавяла Ксенія. «Мы вырашылі паездзіць, каб пераключыца з падрыхтоўкі, сустрэцца з нашымі слухачамі. Мы хочам падтрымліваць нашу хвалю легкасці і пазітыву. Толькі за кошт канцэртаў і сустрэч з людзьмі мы можам яе атрымаць» — дадаў Арцём.

NaviBand 2017 Hrodna (14)

Мова ці language?

На пытанне, чаму і як музыкі выбралі для конкурса песню на беларускай мове, яны адказалі вельмі проста: «Няма тут ніякай ідэі. Проста вырашылі, што трэба спрабаваць. Ну не атрымаецца, так не атрымаецца. Канцэртаў хапает. А тут — хоп! І атрымалася. Вось і усё» - кажа Ксенія.

«Спяваць па-англійску? А навошта? Navi спявае для людзей, якія жывуць тут, дзе нас будуць разумець і ганарыцца, што праз нас даведаюцца пра Беларусь і пра беларусккую мову, пра тое што яна існуе» — згаджаецца Арцём.

NaviBand 2017 Hrodna (12)

Таксама музыкі распавялі, што вельмі ўсцешаны тым, што іх творчасць спрыяе развіццю і папулярызацыі роднай мовы: «Мы атрымліваем шмат відэа і іншых паведамленняў са школ — што настаўнікі на ўроках па беларускай мове ставяць дзецям нашы песні ці кліпы. Гэта крута, мы атрымліваем неверагоднае задавальненне што, можам паўплываць на гэта.»

Планы і мары

«Чаго б я хацеў дасягнуць? Сабраць палац спорту сольным канцэртам. Гэтага мы хочам і будзем заўсёды паўтараць. Хачу, каб мы да гэтага прышлі, — прызнаецца Арцём. — Мне хочацца пазнаёміца са Стынгам асабіста. Калі ў мяне пакуль не атрымліваецца, то буду проста пра гэта казаць.

 — Ну і дзе твае пісьмо Стынгу? — мабыць не першы раз задае пытанне Ксенія.

— Напішу пасля Еўрабачання — абяцае Арцём.

NaviBand 2017 Hrodna (4)

Увогуле, адказу на пытанне пра мары музыкі раяць шукаць у іх песнях. «Ёсць такі радок - „превращай мысли, чтобы держать в руках“, — нагадвае Ксенія. — І вось гэта — пажаданне кожнаму чалавеку. І мы робім нешта з нашымі марамі, каб трымаць у руках. І не толькі трымаць, але і жыць з гэтай марай побач.»

На сцэне і па-за сцэнай - немагчыма быць іншым

Адказваючы на пытанні пра жыццё па-за сцэнай, Navi проста здзівілі сваёй шчырасцю:

Арцём: «Як на сцэне так і ў жыцці нашым. У нашай камандзе няма такой розніцы. Немагчыма быць іншымі, таму што мы не выконваем ролі на сцэне. Мы такія, якія ёсць. Мы ставімся аднолькава да нашай музыкі, нашай творчасці і нашага жыцця. У гэтым можа і ёсць нейкі наш сакрэт».

NaviBand 2017 Hrodna (25)

Ксенія: «Часта жартую ў адказ: „Ой, у нас такая „скучная жызьнь“ — толькі музыка адна“. Гэта жарт, канечне. Для нас ужо немагчыма раздзяліць — сцэна, музыка, студыя — гэта такое шчасце, калі ты не ідзеш на працу, дзе трэба нешта рабіць, чаго не хочаш, а ідзеш у студыю. Гэта нас задавальняе. Нас натхняе. Гэта тое, пра што мы марылі».

Тое, што не бачна гледачам

NaviBand 2017 Hrodna (5)

Аляксандр Табольскі, гітара: Заўсёды перад канцэртам мы абдымаемся. Як у песні «Абдымі мяне», мы абдымаем адзін аднаго. Гэта наш галоўны рытуал, каторы гледачы не бачаць. Таксама амаль нябачная з залі праца каманды — нашага дырэктара Жэні, гукарэжысёра Ярыка, тэхніка Лёшы, дызайнераў Сяргея і Марыны. Ці хлопцаў са студыі, якія дапамагаюць нам у студыйнай працы і запісваюць нашы альбомы. Можа таго не бачна, але гэта — не нейкія наёмныя работнікі, а сапраўды — нашы сябры, наша каманда."

вова бегер барабаны NaviBand

Вова Бегер, барабаны: «Не, я не даю інтэрв'ю, ёсць каму казаць». Наконт сваіх «барабанаў» згаджаецца, што гэта сур’ёзная сістэма і не згаджаецца, што яны — аснова гуку: «Усё ж, самыя галоўныя і самыя пазнавальныя — галасы». Аляксандр Табольскі раіць не крыўдзіцца на нешматслоўнасць калегі: «Музыкі - складаныя чалавекі. Яны размаўляюць на мове музыкі. Гэта цудоўна. А словы… Калі ён не хоча тлумачыць словамі, значыць лічыць, што музыкі дастаткова, што ёй усё сказаў.»

NaviBand 2017 Hrodna (6)

Уладзіслаў Чашчавікоў, бас: Аднойчы мне перастала падабацца тое што, я рабіў у іншшых гуртах. Я сыйшоў адусюль і мяне знайшлі. З той пары мы заўжды разам. Іграецца заўсёды па-разнаму. Тут ці ёсць пачуцці да залі, ці іх няма. І у гэты момант ты ці можаш нешта, ці не можаш. Проста пачынаеш працаваць — па законах фізікі. То бок ты робіш і чакаеш калі нехта дасць табе тыя пачуцці. Калі ў залі яны ёсць, то вельмі хутка робіцца ўсё цудоўна. Вось сённі калі людзі ўсталі, стала вельмі проста граць. А да гэтага была больш праца. Цяжка граць перад залай, што сядзіць. Я не разумею, ці падабаецца людзям, цяжка раскрыцца."

Жэня, дырэктар: «Праца мая можа не самая галоўная, але вельмі адказная. Прыходзіцца шмат рабіць, каб канцэрты сталі магчымымі. Едзеш у іншы горад, дзе нікога не ведаеш, невядома, да каго звярнуцца. Канечне, ёсць мясцовыя агентствы, прамоўтэры. Але ўсё роўна ёсць і апасенні, што людзі не даведаюцца, не прыдуць на канцэрт. Хочацца, каб беларусы ведалі пра беларускія групы. Мару які-небудзь вялізны будынак забрэндзіраваць — павесіць на ім агромісты плакат Navi — каб усе бачылі. Мы ўсіх чакаем на канцэрт, радуе, калі прыходзяць цэлымі сем’ямі. Мы таксама працуем, як сям’я. Ксюша, яна прыгожая, шчырая, Арцём — свабодны, творчы і кучаравы. Уся каманда годная. То і на канцэртах дзеці будуць выхоўвацца на добрай музыцы, а бацькі змогуць і павесяліцца і пасумаваць пад яе.

У Гродне думаў, што нічога не атрымаецца. За два тыдні было вельмі сумна з білетамі. Але ўрэшце — поўная заля. Зразумеў, што гродзенцы любяць усё рабіць у апошні момант. Яшчэ напэўна дата паспрыяла. Калі ўсе банальна купляюць торцікі-кветкі, то цікавей падарыць канцэрт. І мы радыя, што дапамаглі добра правесці святочны дзень гарадзенцам.

NaviBand 2017 Hrodna (24)

«Сёння для нас неверагодны зарад. Гэта першы канцэрт пасля Мінска, з гарадоў куды мы паедзем. І ён сапраўдны класны і я не ведаю, што людзям у іншых гарадах трэба будзе зрабіць, каб было лепш, чым гэты канцэрт» — музыкі не хаваюць радасці ад першага выступа ў туры па Беларусі, што пачаўся з Гродна. Каб яны маглі захаваць гэту памяць і часцей ўзгадваць пра падтрымку гродзенцаў, мы падарылі ім свае фірмовыя кубкі.

NaviBand + Hrodnalife