Які горад для гродзенцаў з’яўляецца цяпер «вакном» у Еўропу? Варшава, скуль можна паляцець самалётам па ўсім свеце, магчыма, для кагосці Вільня. Але так стала толькі ў ХХ ст. Да таго больш чым паўтысячагоддзя Еўропа для Прынёмання пачыналася з Кёнігсберга, які нашыя продкі называлі Каралявец.

З гандлю па рацэ жылі тысячы

Гродзенцы рушылі на Каралявец пасля грунвальдскай перамогі 1410 г. Нёманам да гэтага горада пайшлі плыты, стругі і віціны са збожжам. Зброя зброяй, але трэба было ганляваць, і самым простым спосабам дастаўкі нашай мясцовай прадукцыі да еўрапейскага спажыўца стаў Нёман і размешчаны на ім Каралявец.

Лодкі ўздоўж набярэжнай Кнайпхофа, паміж Крамным і Кавальскім мостом. Фотп каля 1890
Лодкі ўздоўж набярэжнай Кнайпхофа, паміж Крамным і Кавальскім мостом. Фотп каля 1890
Тысячы жыхароў наднёманскіх вёсак і мястэчак жылі з гэтага гандлю. Вясной па высокай вадзе на віцінах, наладаваных збожжам, салам, «палёным віном» (гарэлкай), пянькой для вырабу канатаў, яны пускаліся ў далёкую дарогу праз беларускія, літоўскія ды нямецкія землі, каб пасля шматлікіх начовак пад зоркамі на нёманскіх берагах убачыць пачатак Каралеўскага канала, ад якога пачынался ўласна Прусія.

Мы ім збожжа, яны нам — бурмістра

З Кралеўскага канала віціны заплывалі ў раку Прэгель, якую нашую продкі называлі Праголя і прычальвалі проста пасярод кварталаў ды дамоў Караляўца. Гэты горад тады нечым нагадваў Венецыю, толькі суровую, паўночную. Стуль тавары перакладваліся на марскія караблі і плылі ў Данію, Францыю, Англію. А гродзенскія хлопцы з напоўненымі срэбрам кішэнямі вярталіся дахаты.

Нёманскія віціны і прускія боты стаялі на Прэгелі нават у самым цэнтры горада
Нёманскія віціны і прускія боты стаялі на Прэгелі нават у самым цэнтры горада
Не толькі гродзенцы ехалі ў Каралявец, але і караляўчане ехалі ў Гродна. Згадаем Гануса Фандэберга, каралявецкага купца, які разам з братам асеў у Гродне і быў выбраны бурмістрам. Гродзенцы не мелі перасцярогаў да таго, што імі кіруе немец, бо той няблага кіраваў горадам, упершыню ў нашай гісторыі забяспечыўшы гараджан сапраўдным вадаправодам (на двары стаяў 1629 год).
Такія склады збіралі ізахоўвалі збожжа з Наднямоння
Такія склады збіралі ізахоўвалі збожжа з Наднямоння
Майстар з Караляўца Кшыштаф Пёйхер зрабіў для нас большасць алтароў Фарнага касцёла. Ты і арган Фарнага касцёла, які гродзенцы чуюць пад час імшы і канцэртаў, таксама прыехаў да нас з гэтага горада.

У Гродне жыла маса рамеснікаў з Караляўца. Пры чым тое былі рэдкія майстры, якія выконвалі спецыяльныя замовы. У 1612 г. у нашым горадзе на Віленскай (цяпер Савецкай) вуліцы выраблялі замшавую скуру Крысціян Крыгер, Ян Дваракоўскі і Готліб Лорэнц.

Сувязі перарвала катастрофа

Зразумела, што прывязанасць да надбалтыйскай сталіцы (а менавіта Каралявец быў той надбалтыйскай сталіцай Прынямоння) магла перарваць толькі катастрофа. Яна здарылася ў ХХ ст. Спачатку па выніках Першай Сусветнай вайны Нёман падзялілі Польшча, Літва і Нямеччына. Рух па рацэ амаль спыніўся, літоўцы не прапускалі па Нёмане караблі з Гродзеншчыны. У 1938 г. палякі ды літоўцы дамовіліся аднавіць судаходства па Нёмане, але пачалася чарговая ваенная завіруха…

Кралявец у пачатку ХХ ст. і ў 1945 г.
Кралявец у пачатку ХХ ст. і ў 1945 г.
У 1944 г. Кёнігсберг быў зруйнаваны бамбардзіроўкамі саюзнікаў, а ў пачатку 1945 г. яго даруйнавалі падчас баёў паміж немцамі ды савецкай арміяй. Некаторыя ўласнікі большых караблёў сышлі морам у Заходнюю Нямеччыну, дзе іх нёманскія караблі дагнівалі да 1970-х гг.

Рай у Нова-Бабруйску

Нямецкія назвы зніклі з карты Прусіі разам з самой Прусіяй. Разам з тыпова савецкімі тапонімамі, накшталт Кумачова або Марксава, з’явіліся і беларускія назвы. Лабіаў стаў Палескам, Кляйн Гні - Мазыром, а Ільмсдорф — Нова-Бабруйскам. Лічыцца, што ледзь не палова новага савецкага насельніцтва Прусіі пераехала сюды з найбольш пацярпелых ад вайны ўсходніх раёнаў БССР.

Як успамінаў жыхар Нова-Бабруйска беларус Віктар Жыткевіч: «Савецкая прапаганда абяцала нам рай, і мы сапраўды ўбачылі двухпавярховыя камяніцы, пакрытыя дахоўкай. Дома ў нас былі драўляныя хаты з саламяным дахам. Аднак першыя гады мы баяліся, дзверы на ноч зачынялі з сярэдзіны, апляталі калючым дротам».

«Беларуская» Калінінградчына?

Ужо бліжэй 1950 г. на Калінінградчыну пачалі мабілізоўваць і заходнебеларускую моладзь. Туды іх скіроўвалі вучыцца ў фабрычна-завадскія вучэльні, але з-за жудасных пабытовых умоваў большасць моладзі вярталася назад на Гродзеншчыну.

Кажуць, быў нават план цалкам аддаць усю Прусію пацярпелай ад вайны БССР, але гэтаму працівіліся савецкія маршалы і Сталін іх паслухаў. Гэта, мабыць, і добра, бо ў якія канфлікты магла ўцягнуць нашу рэспубліку ў ХХІ «беларуская» Калінінградчына, аднаму Богу вядома! Пачынаючы з 1959 г. беларускае насельніцтва Калінінградчыны скарацілася з фармальных 10 да 3,6%.

Сёння гэты рэгіён з’яўляецца блізкім гандлёвым партнёрам нашай краіны, але і далей працягвае існаваць як няпэўны часовы прытулак амаль для мільёна чалавек, з якіх толькі палова нарадзілася на тэрыторыі Калінінградскай вобласці. Рэшту складаюць рускамоўныя эмігранты з постсавецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі, Закаўказзя і часткова Прыбалтыйскіх краін.