Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Мастацтва не-вучыцца. Гродзенка, што не ўмела маляваць, піша копіі класічных карцін

“Зорная ноч” зусім не дэпрэсіўная, а ва “Узыходзе сонца” галоўнае – злавіць святло”, — так гродзенка Святлана Лапнеўская расказвае, як стала сама сабе Ван-Гогам і Монэ. Замест таго, каб вучыцца жывапісу, яна пачала маляваць копіі класічных палотнаў. Праўда, не адна, а ў кампаніі такіх самых аматараў, пад кіраўніцтвам прафесійнага мастака.

Раней малявала толькі ў школе

“Заўсёды хацела маляваць, адчувала, што ў мяне атрымаецца, але неяк ад самага пачатку не складвалася”, – расказвае Святлана. У школьны час яна займалася плаваннем і валейболам – на маляванне банальна не хапала часу. Пазней спрабавала вучыцца маляваць па кніжках ды маляванках для дарослых, але і гэта аказалася “не тое”. Дома ўсё расцягваецца і скончыць карціну хутка не атрымліваецца. Ізноў усё ўпіраецца ў  тое самае – “не хапае часу”.

 svetlana-lapnevskaya-kopii-kartin-s-red-art-6

Калі пачула ад калегі, што ў горадзе з’явілася суполка, дзе за некалькі гадзін можна намаляваць копію вядомай карціны, зразумела – вось яшчэ адзін шанец спрабаваць сябе ў жывапісе. Гэтым разам усё атрымалася. Цяпер раз на пару тыдняў Святлана наведвае сустрэчы клуба “Red Art” і збірае калекцыю копій палотнаў любімых жывапісцаў, напісаных уласнаручна. Пазней плануе аформіць іх у рамкі і развесіць  дома.

Вар’яцтва арыгіналаў і рэалістычнасць копій

Першай карцінай, якую дзяўчына малявала, было Ван-Гогаўскае “Пшанічнае поле з варонамі”. Верагода, гэта апошняя карціна мастака. Яна навеяна вар’яцтвам і пісалася ў псіхіятрычнай лякарні. Святлану, аднак, гэта не палохала. Увогуле, сябе яна лічыць рэалісткай, што цвёрда стаіць на нагах і цвяроза ацэньвае сітуацыю. Чорныя вароны для яе такая самая частка жыцця, як і залатыя каласы. А тое, што ў жыцці бываюць змрочныя моманты, зусім не нагода ўсё драматызваць.

svetlana-lapnevskaya-kopii-kartin-s-red-art-4

“Проста падабаюцца яго карціны – гэтыя віхры і турбулентнасці, гэтыя аблокі закручаныя…” Святлана паказвае яшчэ адну копію з Ван-Гога — “Зорная ноч”. Гэту карціну і яна сама, і мастак, што кіраваў працэсам малявання, ацанілі як вельмі дакладную. Хаця Святлана не мінае дадаць, што “талента, як у Ван-Гога, не мае”.

“Прырода і коцікі”

Дзяўчына выбірае карціны для паўтарэння згодна ўласнаму адчуванню прыгажосці. А яму найперш адпавядаюць “прырода і коцікі”. “Усе мае карціны — гэта пейзажы. Партрэты ці нацюрморты мяне менш цікавяць. Вабіць такая “даўняя” прырода, несапсаваная цывілізацыяй. Па мне, шпілі храма больш прывабныя, чым, напрыклад, трубы “Азота”.

svetlana-lapnevskaya-kopii-kartin-s-red-art-2

Яшчэ адной “жарсцю” Святланы з’яўляюцца коцікі, каторых у яе дома цэлых тры. Праўда, ніводзін з іх не падобны да герояў з карцін Пепе Шымада ці Эндзі Уорхала. Усе трое былі падабраныя ў розны час на вуліцы.

svetlana-lapnevskaya-kopii-kartin-s-red-art-7

З найбольшым гонарам паказвае Святлана копіі з прац Манэ. “На ўсіх карцінах хацелася нешта яшчэ дадаць. А тут нічога больш не трэба, я задаволена”. Манэ мастак-імпрэсіяніст, але Святланінаму рэалістычнаму погляду на жыццё ён таксама адпавядае. “Уражанні гэта таксама рэальнасць. Тут усё сапраўднае – туман, раніца, усё “па-чэснаму”.

ankcgn7ozty

“Вучыцца акадэмічнаму малюнку не хачу. Хачу маляваць”

“Я разумею, што гэта проста гульня, што я не змагла б сама маляваць, як Манэ”, – Святлана ізноў вяртаецца да звыклага рэалістычнага меркавання аб творчасці. Працэс стварэння копіі карціны яна параўноўвае з тым, як малое дзіця пераводзяць праз дарогу.

svetlana-lapnevskaya-kopii-kartin-s-red-art-3

Маўляў, тут тлумачаць, як змешваць фарбы, якімі мазкамі маляваць, але адначасова – не ўмешваюцца і не забіраюць пэндзаль. “Калі б малому сказалі – “вось дарога, пераходзь” – невядома, ці гэта б атрымалася. Так і я адна, напэўна, не змагла б перамаляваць карціну. Мастак, нібы за руку, правёў нейкімі таямнічымі сцежкамі, якіх я сама не знайшла і не пабачыла б”. Уражанні ад гэтых “таямнічых сцежак”, памножаныя на радасць атрымання выніку – як раз тое, што патрэбна даросламу чалавеку, лічыць Святлана.

svetlana-lapnevskaya-kopii-kartin-s-red-art-15

Яна нават шчыра прызнаецца, што такі спосаб малявання ёй імпануе больш. Бо калі ісці вучыцца акадэмічнаму малюнку, то прыйдзецца дэтальна і падрабязна праходзіць усю праграму. “Так, будзеш умець будаваць перспектыву, маляваць партрэты, але да такіх карцін яшчэ не хутка дабярэшся. На жаль, у адукацыі часта бывае, што пакуль дойдзеш да патрэбных ведаў, мусіш прайсці цэлыя горы лухты. А за гэты час можна і цікавасць страціць”. Зараз, са словаў Святланы, ёй “патрэбны менавіта гэтыя пейзажы і больш нічога”.

Навошта маляваць? Дзеля натхнення!

Прычыны, што пабуджаюць  хадзіць на сустрэчы суполкі Red Art і маляваць усё новыя карціны, гэта радасць і натхненне. Пасля самай першай спробы малявання душэўны пад’ём быў такі, што за пару гадзін дома пакрыла ўсе сцены пакоя вадкімі шпалерамі, якія доўгі час не магла дарабіць. Атрымалася, з яе словаў “не па-Ван-Гогаўску”, а роўна і прыгожа. Хаця крыніцай натхнення стаў менавіта гэты мастак.

“Часам думаю – можа не пайсці гэтым разам? Надвор’е кепскае, ці стамілася за дзень. Але стараюся пераадолець такі настрой, бо ведаю – пасля малявання ізноў вылячу, як на крылах”.

svetlana-lapnevskaya-kopii-kartin-s-red-art-9

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments