У Міжнародны дзень валанцёра 5 снежня ў кавярні «Наша кава» сабраліся тыя, для каго валанцёрства — блізкая і неабывякавая ідэя. Сустрэчу зладзіла рэдакцыя Hrodna.life.

Усіх, хто заглянуў у кавярню, чакала цёплая атмасфера, самыя розныя гісторыі валанцёрства і круасаны. Тых, хто вырашыў раcпавесці сваю гісторыю, барысты частавалі кавай.

Валанцёры ахвотна дзяліліся сваім досведам і поглядамі. Прыйшлі людзі з самым розным досведам: міжнароднага валанцёрства і працы ў нашым горадзе, тыя, хто да валанцёрства прыйшоў яшчэ ў дзяцінстве, і тыя, хто ў сталым узросце, хто дапамагае хворым, жывёлам, дзецям, дарослым, хто арганізуе мерапрыемствы на валанцёрскіх асновах, прасоўвае велаініцыятывы. Усіх аб’ядняла адно — яны робяць свет навокал лепшым.

Прыйсці і застацца

Валанцёрская прыгода большасці актывістаў ВелаГродна, якія наведалі кавярню цэлай тусоўкай, распачалася з Марафону «Суседзі». «Нам было трошкі нудна, нас паставілі на буфет, — смяецца Насця. — Мы затрымлівалі людзей, давалі ім пячэнне і ваду. Асноўны зарад атрымліваеш, калі людзі затрымліваюцца, дзякуюць, усміхаюцца, калі ўсё робіш хутка, каб людзям было прыемней і лягчэй». Сёння Насця — каардынатарка валанцёраў у ВелаГродна.

У кавярню прыйшоў таксама Марк, які ўжо некалькі гадоў дапамагае ў Музеі Януша Паруліса: «Я першы раз прыйшоў у музей, апынуўся ў гэтай атмасферы, рабіў рэпартаж, фатаграфіі. Пазнаёміўся з Янушам і застаўся. Я не задумываюся над тым, што мая праца — гэта валанцёрская актыўнасць. Валанцёрства — гэта пазыў душы. Яно змяняе маё жыццё ў лепшы бок».

«Я прыйшла выпадкова ў хоспіс, мяне прывяла аднагрупніца. Мы рыхтавалі мюзікл, потым усё зацягнулася, я пачала дапамагаць дзеткам, прысутнічала на сустрэчах і засталася. Дзякуючы валанцёрству я стала больш адкрытай да людзей», — распавядае Надзея, якая два гады працуе вланцёркай у Гродзенскім дзіцячым хоспісе.

Валанцёрыць ніколі не позна

Студэнтка Універсітэту Залатога Веку Ліля распавядае, што яе валанцёрства пачалося калі яня прыйшла ва УЗВ, у якім дзейнічае праграма дапамогі былым вязням канцлагераў. У рамках праграмы валанцёры шукаюць тых, хто знаходзіўся ў фашыстоўскіх лагерах падчас другой сусветнай вайны, сустракаюцца з імі, вызначаюць іх патрэбы, праводзяць час, падтрымліваюць кантакт. У Лілі - незвычайная гісторыя, бо падапечная, якой яна займаецца — яе былая класная кіраўніца ў школе.

den-volontera-nasha-kava-04

Паваланцёрыць за мяжой

Эмрык — француз, які прыехаў у Гродна па праграме Еўрапейскай валанцёрская службы. Адмыслова да дня валанцёра ён падрыхтаваў традыцыйныя круасаны, якімі частаваліся прысутныя. На штодзень хлопец дапамаге ў ГА «Цэнтр «Трэці сектар» — вядзе моўныя сустрэчы, майстэрні па праграмаванні і іншае. Падчас сустрэчы ў кавярні ён і Кася, валанцёрка з Польшчы, распавядалі пра магчымасці замежнага валанцёрства ў рамках ЕВС.

den-volontera-nasha-kava-03

Віталь, які спецыяльна для сустрэчы збег са шпіталя, мае падвойны досвед валанцёрства: у Беларусі і за мяжой. Ён дапамагае ў арганізацыі «Валанцёрскай службы «Вясны», якая займаецца назіраннем на масавых мерапрыемствах і ў судах, у асноўным у адміністрацыйных працэсах, дзе могуць здарацца нарушэнні правоў чалавека. Таксама ён некалькі гадоў запар ездзіў валанцёрыць у Польшчу. «Я калісці намагаўся пайсці ў манастыр і патрапіў да францішканаў, некалькі гадоў ездзіў да іх у Кракаў, дапамагаў гатаваць ежу і раздаваць яе тым, хто ў патрэбе».


Асноўная думка вечара: валанцёрства — гэта стыль жыцця. Няважна ў якім узросце чалавек да яго прыходзіць, яно проста застаецца ў яго жыцці і з часам перастае быць валанцёрствам, а становіцца тым, без чаго жыць немагчыма.

den-volontera-nasha-kava-05