Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Гродзенцы стварылі ўнікальную праграму, якая дапаможа бюджэтна падарожнічаць па свеце

Гродзенцы Юлія і Віктар пры падтрымцы партнёра з Чэхіі стварылі новае прыкладанне для смартфонаў, дзе аб’ядналі розныя сэрвісы для жыцця і зручнасці. BringMeGift мае дапамагаць і турыстам, і мясцовым жыхарам.

BringMeGift — гэта прыкладанне, якое дазволіць звычайным людзям і розным кампаніям абменьвацца паслугамі і зарабляць на гэтым. Кожны турыст зможа знайсці, а мясцовы прапанаваць паслугі: арэнда жылля, арэнда аўто, паслугі гіда і трансфер, харчаванне і забавы.

Прыкладанне аб’яднала ў сабе сэрвісы накшталт booking.com, airbnb, foodsharing, couchsurfing ды іншыя. Галоўнае адрозненне — усё праходзіць без схаваных плацяжоў, усе дамаўляюцца без пасярэднікаў. Такі сэрвіс будзе зручны для тых, хто аказвае паслугі: чалавек бачыць хто, адкуль і калі прыязджае ў той ці іншы горад і што ён шукае — застаецца толькі гэта яму прапанаваць. З дапамогай прыкладання чалавек сам можа прасоўваць свае паслугі і для гэтага не трэба плаціць за рэкламу, а таксама шукаць мэтавую аўдыторыю.

Юлія і Віктар — вандроўнікі са стажам і думку аб стварэнні адмысловага прыкладання яны выношвалі больш за два гады. Пара нават не магла ўявіць, што за гэты час родная Беларусь адкрые межы і дазволіць замежнікам уезд без візы. Добрыя навіны падштурхнулі гродзенцаў да працы.

«Зараз наша прыкладанне знаходзіцца ў аглядах на iTunes, мы чакаем рашэння. Калі ўсё будзе станоўча, то ў хуткім часе можна будзе спампаваць, але пакуль толькі на прадукцыю Apple. Калі будзе попыт, то прыкладанне з’явіцца і на Android , — кажа Віктар. — Аналагаў нашага прыкладання дастаткова, але мы пастараліся аб’яднаць усё ў адно, бо іншым разам нязручна шукаць усё ў розных сэрвісах. А ў BringMeGift усё ў адным месцы».

Прыкладанне дазволіць самастойна знаходзіць таго, каму можна прапанаваць свае паслугі. Калі, напрыклад, на booking.com размясціў сваю анкету і чакаеш, каб цябе знайшлі, то гэта працуе як рэклама. А BringMeGift дазволіць самому шукаць тых жа турыстаў і прапаноўваць свае паслугі, тлумачыць Віктар. Трэба будзе абраць горад і шукаць хто туды збіраецца, а таксама якія ў яго патрэбы. Гэта можа быць пошук гіда, начлегу альбо месца, дзе можна перакусіць. Пра спосаб аплаты можна дамаўляцца наўпрост. Гэта можа быць які-небудзь падарунак, грошы ці якія-небудзь спецыяльныя заказы.

Стваральнікі разлічваюць, што ў будучыні іх прыкладаннем будуць карыстацца ва ўсім свеце. Але для гэтага ім трэба будзе сур’ёзна папрацаваць над рэкламай. За два гады каманда ўклала ў свой прадукт ужо больш за 4000 долараў і гэта яшчэ не мяжа.

«Мы шмат дзе падарожнічаем і ведаем, што трэба сучаснаму турысту. Зараз шмат хто хоча падарожнічаць бюджэтна і мы імкнемся ім у гэтым дапамагчы. Наша прыкладанне падзяляецца на платную і бясплатную часткі, гэта, нам здаецца, будзе вельмі зручна. Як і ў любым сэрвісе, наша прыкладанне будзе працаваць у тым выпадку, калі там будзе нейкае пэўная колькасць людзей гатовых абменьвацца, супрацоўнічаць, прапаноўваць і г.д. Многія замежнікі ўжо падтрымалі нашу распрацоўку. У першую чаргу мы будзем разлiчваць на сяброў і знаёмых, а з часам i iншыя людзі падцягнуцца», — дадаў Віктар.

Прыкладанне BringMeGift працуе на пяці распаўсюджаных мовах у свеце: рускай, англійскай іспанскай, нямецкай і французскай. Магчыма, неўзабаве распрацоўшчыкі дададуць яшчэ некалькі моваў, у тым ліку і кітайскую.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments