Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

«Гродна выглядаў бы як Прага, калі б не войны». У падвале шматпавярховіка ствараецца макет ідэальнага горада

На працягу дзесяці гадоў Ігар Лапеха са сваімі аднадумцамі робіць макет старога Гродна, адпаведна якому, як ён лічыць, павінны адбудаваць страчанае горадам праз гады і стагоддзі.

Сам Ігар Лапеха называе сваю працу макетам ідэальнага горада і абяцае, што праз некалькі месяцаў прадставіць яго для агляду, піша svaboda.org.

Ігар Лапеха — аўтар макета ідэальнага гораду
Ігар Лапеха — аўтар макета ідэальнага горада

У адным з новых раёнаў Гродна, у падвале шматпавярховіка, дзе па столі і сценах праходзяць каналізацыйныя трубы і правады, Ігар Лапеха, вядомы ў горадзе краязнаўца, у выходныя і вечарамі разам са сваімі аднадумцамі аднаўляе стары Гродна ў маштабе 1:200.

Макет не ўмяшчаецца ў даволі прасторны пакой, частка стаіць на стале. Лапеха, жартуючы, кажа, што зараз правядзе экскурсію па сапраўдным старым Гродне і дадае, што на ўзор ягонага ідэальнага горада, як яму бачыцца, павінны адбудаваць гістарычны цэнтр, цяпер напалову знішчаны.

Стары і Новы замкі
Стары і Новы замкі

— Па сутнасці, у Гродне захавалася толькі паўночна-заходняя частка горада, якая знаходзіцца па-за межамі гістарычнага цэнтра. Гэта значыць, захаваўся горад канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Прыгожы мадэрн, але гэта не само сэрца Гродна. Сэрца, на жаль, знішчана разбурэннямі апошняй вайны. А аднаўляўся горад па-савецку – зачышчаліся цэлыя кварталы…

Таму макет Лапехі ствараўся паводле прынцыпу, каб на канкрэтным месцы аднаўляць альбо найбольш яркі прыклад архітэктуры, якая існавала на гэтым месцы, альбо найбольш вывучаны аб’ект, які магчыма на канкрэтным месцы аднавіць.

Напрыклад, на макеце шараговая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якая была да вайны, захавалася на здымках і якую можна аднавіць. Гэта квартал за сінагогай, страчаныя кварталы на Падоле, практычна цалкам знішчаныя, а таксама квартал на вуліцы Замкавай, які быў знішчаны пасля Другой сусветнай вайны, калі будавалі Дом быту.

Палац Агінскіх
Палац Агінскіх

— Але звярніце ўвагу: на макеце можна пабачыць і больш раннюю забудову. Манументальныя аб’екты, як, напрыклад, палац Масальскіх на Замкавай. Ягоная выява маецца ў дакументах і яго можна аднавіць, хоць палац перастаў існаваць пасля пажару 1885 года і ад яго засталіся толькі чатыры акенцы ў будынку, дзе месціцца ганаровае консульства Украіны. Можна таксама аднавіць Баторыеўку, Сенацкую залу, палац Агінскіх, які таксама добра вывучаны.

Чытайце яшчэ:  Гродзенец шые гістарычныя сукенкі і вучыць танцаваць, як 100 гадоў таму

Мой позірк спыняецца на будынках сталінскай забудовы, і Лапеха адразу ўдакладняе, што ў ідэальным горадзе хацелася паказаць увесь спектр архітэктуры Гродна. І менавіта таму адзін квартал застаецца з будынкамі, пабудаванымі пасля вайны і да 1961 году ў стылі сталінскага ампіру.

Архітэктура Сталінскага ампіру
Архітэктура Сталінскага ампіру

— Пры ўсім пры гэтым мы вельмі скрупулёзна падыходзілі да гродзенскіх дамінантаў. Фару Вітаўта зрабілі такой, як яна выглядала за часамі Стэфана Баторыя. Тут нават відаць і капліца-пахавальня, знарок пабудаваная для караля Баторыя. А вось яшчэ каля новай ратушы засталося месца для старой ратушы, якую мы яшчэ не зрабілі. Ну а гэта Новы і Стары замкі – добра вядома, як яны выглядалі. Папросту праца гэта вельмі марудная, але ўжо праз некалькі месяцаў гродзенцы змогуць убачыць гатовы макет.

Касцёлы вельмі ўражваюць: вось Дамініканскі, якога няма з 1878 года і ад якога на Савецкай вуліцы засталіся толькі знакі на месцы падмурку. Уражвае Кармеліцкі касцёл, якога таксама не бачыла наша пакаленне… Уяўляю, што па гэтым горадзе нават мне давялося б хадзіць цэлы тыдзень, каб яго ўважліва паглядзець.

Дамініканскі касьцёл у Горадні, якога цяпер няма
Дамініканскі касцёл у Гродне, якога цяпер няма

Цікаўлюся ў спадара Лапехі, дзе плануюць выставіць макет ідэальнага горада, калі ён будзе скончаны. Аказваецца, там, дзе дазволіць арэнда, паколькі ўсе работы вядуцца на ўласныя сродкі. Дзесяць гадоў таму Ігар Лапеха сам распачаў рабіць ідэальны горад, і толькі гады чатыры таму вакол яго сабраліся яшчэ пяцёра цікаўных, якія цяпер працуюць разам.

— Гэтая ідэя прыйшла да мяне ў 2005 годзе, калі пачалі па жывому рабіць рэстаўрацыю Савецкай плошчы. І з-пад каўша экскаватара сыпаліся артэфакты, знішчаліся пэўныя падмуркі, вывальваўся культурны слой, а яго вывозілі недзе за горад. На гэта было цяжка глядзець. Ну а з часам сабралася каманда.

Лапеха распавядае, што дзеля стварэння макета ідэальнага горада была праведзеная вялікая комплексная праца ў архівах з дакументамі, якія датычацца архітэктуры Гродна. Ён кажа, што пра любы, нават самы маленькі дамок на макеце можа даць вычарпальную даведку.

Чытайце яшчэ:  "Убачыў у Друскеніках і зрабіў свой". Пад Гродна хлопец абкатвае горкі на самаробным сноўбайку

Як жа Лапеху і ягонай камандзе працуецца над макетам ідэальнага горада ў сутарэннях, дзе па каналізацыйных трубах увесь час нешта збягае? Ён сур’ёзна адказвае, што тут цёпла, суха і невысокая арэнда, а гэта, маўляў, галоўнае.

А яшчэ дае даведку, што для працы над макетам выкарыстоўваецца полівінілхларыд – пластмаса кшталту той, з якой вырабляюць сучасныя вокны. Усе работы вядуцца ўручную. Для размяшчэння макета спатрэбіцца зала не меней як шэсць на восем метраў.

Бэрнардынскі касьцёл
Бернардынскі касцёл

Лапеху найбольш даспадобы горад, які сфарміраваўся на пачатку ХVІІ стагоддзя за часамі Стэфана Баторыя. Калі быў адбудаваны замак, паўсталі новыя касцёлы, ратуша, палацы…

— На жаль, шмат што з гэтага было знішчана вайной 1655 года. Калі глядзець на Гродна ў тым кантэксце, то ён выглядаў не горш за Прагу, але, на жаль, быў знішчаны.

Сучасны цэнтр горада – плошчу Савецкую — Лапеха называе гуляй-полем, нечым прахадным, някамерным, дзе знаходзіцца транспартная развязка, але на сваім макеце ён паказаў, што ўсё гэта можна паправіць і вярнуць стары горад ягоным жыхарам і турыстам. Ён смела сцвярджае, што за навабуды, але гэта не азначае, што трэба бурыць старую камяніцу і на яе месцы будаваць такі ж дом, як гэта робяць цяпер у Гродне.

Старая частка Горадні; відаць, як шчыльна была забудавана Савецкая плошча
Старая частка Гродна; відаць, як шчыльна была забудавана Савецкая плошча

— Я за адбудову таго, што знішчана, бо інакш нам ніколі не жыць у старым горадзе з вузкімі вулачкамі, камернымі кварталамі і цудоўнай архітэктурай, пра які мы толькі ведаем.

Я звяртаю ўвагу Лапехі, што на такую працу патрэбна вельмі шмат цярпення, і трэба вельмі любіць гэты горад, каб не кінуць ствараць ягоны макет. Той, трохі ўсміхаючыся, адказвае:

— Так, праца цяжкая, вельмі цяжкая. І сапраўды, трэба вельмі любіць гэты горад, вельмі і вельмі…

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments