Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Горад прыязны да сталых людзей: якім ён павінен быць?

Годнае стаўленне ў паліклініках, ільготны праезд, працаўладкаванне, стварэнне ўмоваў для навучання — гэта няпоўны пералік таго, што можна зрабіць, каб Гродна стаў больш прыязным для сталых людзей. Такога меркавання прытрымліваюцца студэнты гарадзенскага «Універсітэту Залатога Веку», якія зняліся ў роліку, прымеркаваным да Міжнароднага дня сталых людзей.

Міжнародны дзень сталых людзей адзначаецца 1 кастрычніка.

У Беларусі з гэтай нагоды традыцыйна ладзяцца рознага кшталту канцэрты, сустрэчы ветэранаў і г.д. Аднак ці дастаткова гэтага, каб зрабіць жыццё сталага чалавека сапраўды годным?

Кіраўніца праграмы «Універсітэт Залатога Веку» (дзейнічае ў Гродне з 2010 г.) Лана Руднік (на здымку) прытрымліваецца такога меркавання:

Лана Руднік
Лана Руднік

— «Быць пачутымі, адчуваць сябе патрэбнымі, мець магчымасць развівацца — гэта куды больш важныя рэчы, чым быць запрошанымі ў якасці назіральнікаў на канцэрты, тэатральныя выступы раз на год на Дзень Сталых людзей.

Мы стараемся рабіць усё, каб у нашым горадзе, у нашай краіне нарэшце пачалі распрацоўвацца стратэгіі і мясцовыя планы па спрыянню актыўнаму даўгалеццю, каб сталых людзей успрымалі не як спажыўцоў медыцынскіх і сацыяльных паслуг, але як каштоўны рэсурс для грамадства, каб дзяржава нарэшце зразумела важнасць аб’яднання намаганняў усіх, хто працуе ў кірунку паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.

Толькі разам, без падзелу на сваіх і чужых, мы можам зрабіць нашыя гарады і вёскі сапраўды прыязнымі да людзей у любым узросце, дапамагаць сталым людзям адаптавацца да жыцця ў сучасным свеце, вучыцца, максімальна доўгі час падтрымліваць свой фізічны стан, адчуваць павагу з боку грамадства».

На Гарадзеншчыне, як і ў цэлым па Беларусі, амаль кожны чацьвёрты жыхар ужо дасягнуў пенсійнага ўзросту. З кожным годам колькасць такіх людзей будзе павялічвацца. Без рэфармавання сістэмы сацыяльнай і медыцынскай дапамогі, без падтрымкі ініцыятываў па навучанні, сацыялізацыі і перакваліфікацыі сталых людзей забяспечыць годны ўзровень жыцця гэтых людзей будзе немагчыма.

Таму ўжо зараз важна заняцца стварэннем нацыянальнага і мясцовага планаў дзеянняў па спрыянні актыўнаму даўгалеццю. На гэта, у прыватнасці, звярталі ўвагу ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася вясной у Гродне.

Распрацаваная ўдзельнікамі рэзалюцыя з канкрэтнымі прапановамі па зместу такіх планаў дзеянняў была накіраваная ў розныя структуры ўлады. Свае водгукі на прапановы даслалі прадстаўнікі некалькіх парламенцкіх камісій, міністэрстваў, аблвыканкамаў.


Праект “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments