Група замежнікаў даследавала Гродна і праводзіла апытанні на тэму грамадзянскай адукацыі з 7 па 9 мая. Яны прыехалі ў Беларусь у рамках праграмы «Europe on Track». Таксама ўдзельнікі праграмы правялi воркшопы і дыскусіі.

«Europe on Track» гэта моладзевы праект, у рамках якога шасцёра маладых людзей, падзяліўшыся на дзве каманды, праязджаюць усю Еўропу за адзін месяц. Гродна ўпершыню трапіў у маршрут праекта: сюды 7 мая прыехала каманда з трох чалавек пад назвай «Blue team»: Хорхе з Іспаніі, Рут з Ісландыі і Дзіма з Расіі. Усе члены каманды з’яўляюцца маладымі лідарамі, падарожнікамі, а таксама вопытнымі спікерамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

На шляху свайго падарожжа праз 11 краін удзельнікі бяруць інтэрв'ю, праводзяць апытанні, вядуць фота- і відэаблог, праводзяць воркшопы і дыскусіі. Асноўная тэма сёлета — грамадзянская адукацыя.

За месяц праз усю Еўропу: прадстаўнікі "Europe on Track" наведалі Гродна без віз

Дзмітрый (Расія)

Падарожнік і валанцёр Еўрапейскага Студэнцкага Форуму AEGEE

— Я першы раз у Беларусі, уражанні станоўчыя. У Гродне вельмі чыста і прыгожа, відаць, што людзі клапоцяцца пра свой горад. На першы погляд можна сказаць, што і дзяржава клапоціцца пра людзей.

Летась маршруты нашага праекта былі накіраваныя пераважна на заходнія і паўднёвыя краіны Еўропы, у гэтым жа годзе мы стараемся рабіць упор на ўсходнія. Упершыню мы наведаем Латвію і Расію. У Беларусі ў 2014 годзе ўжо была адна з нашых каманд — яны тады наведалі Мінск, у гэтым годзе ўключылі Гродна.

Мы стараемся наведаць шмат краін у Еўропе, каб раўнамерна сабраць інфармацыю з розных яе частак. У мінулым годзе тэма нашых каманд была звязана з мігрантамі, а ў гэтым годзе тэма — грамадзянская адукацыя. У будучыні нашымі даследаваннямі зможа скарыстацца кіраўніцтва Еўрасаюза і іншыя структуры.

За месяц праз усю Еўропу: прадстаўнікі "Europe on Track" наведалі Гродна без віз

Хорхе (Іспанія)

Малады іспанец наведаў больш за 30 краін, прысвяціў тры гады развіццю філіяла Еўрапейскага Моладзевага Форуму ў Дрэздэне. У багажы ў хлопца праца ў Google без вышэйшай адукацыі і паступленне ў магістратуру без бакалаўрыяту, а таксама арганізацыя больш за 40 міжнародных мерапрыемстваў.

— Знаёмства з Беларуссю ў нас пачалося ўжо на мяжы — нас з першага разу не прапусцілі. Мы ехалі па бязвізавым рэжыме, але, апынулася, прыехалі не на той прапускны пункт. Нас вельмі парадавалі на гродзенскім аўтавакзале беларускія калегі, якія нас вельмі цёпла сустрэлi.

У Гродне нам вельмі падабаецца, гараджане гасцінныя і добрыя. Многія іспанцы не ведаюць, што ў Беларусі ўсё добра. Напрыклад, у людзей, якія не падарожнічаюць, дагэтуль асацыяцыі з чымсьці дрэнным — гэта ўсё з-за палітыкі. Але для мяне Беларусь вельмі крутая краіна і я рады што сюды прыехаў. Пасля вяртання ў Іспанію я буду запрашаць сяброў і знаёмых у Гродна і іншыя гарады Беларусі.

За месяц праз усю Еўропу: прадстаўнікі "Europe on Track" наведалі Гродна без віз

Рут (Ісландыя)

Удзельніца міжнародных праектаў, шмат падарожнічала і працавала ў праектах па ўсім свеце, пераважна з фокусам на антыкарупцыі і роўнасці палоў. Была валанцёрам у В’етнаме, дэлегат Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад пры Савеце Еўропы.

— Паездка ў Беларусь была для нас вельмі доўгачаканай і вельмі хвалюючай. Нас з камандай на аўтавакзале сустрэлі 15 чалавек, яны крычалі і радаваліся. Гэта рэальна вельмі гасцінна, мы былі ў захапленні. Па тым часе, што мы знаходзімся ў Гродне, відаць, што мясцовая моладзь гатовая развівацца і вучыцца чамусьцi новаму.

Мне Гродна спадабаўся сваёй прыгажосцю і я ўпэўненая, што сюды яшчэ вярнуся. На жаль, жыхары Ісландыі пра Беларусь нічога не ведаюць, бо гэтую краiну ў навінах паказваюць вельмі рэдка, а калі паказваюць, то з негатыўнага боку. Хочацца больш пазітыву, каб больш еўрапейцаў даведвалася пра такую ​​выдатную краіну.

У Гродне замежнікі прабылi тры дні, а пасля адправiлicя ў польскі Кракаў. Скончыць падарожжа каманда ў Галандыі, дзе прадставіць справаздачу свайго даследавання.