Адна з экскурсій па Берліне прадугледжвае паход па модных крамах. Эксклюзіўнасць маршрута ў тым, што ўсе месцы спецыялізуюцца на апсайклінгу — перапрацоўцы рэчаў, якія ўжо нецікавыя для моднай індустрыі. Дызайнеры даюць ім новае жыццё. Такім чынам змагаюцца за зніжэнне бяздумнага спажывання і захаванне навакольнага асяроддзя.

У Гродне падобныя плыні таксама набіраюць папулярнасць. Толькі слова “апсайклінг” мясцовыя майстры пакуль не ўжываюць. Ды і спажыўцы клапоцяцца не пра ўстойлівае развіццё свету, а пра магчымасць зэканоміць.

eka-moda-berlin-grodna-4

Берлін: “Bis es mir vom Leibe fallt” – Насіць, пакуль не разваліцца

Маленькае атэлье з такой назвай працуе ў берлінскім раёне Шёнеберг. Працуюць тут дызайнеркі Арыяна Нікалеці і Ірэнэ Ніг. Дзяўчаты з’яўляюцца прыхільніцамі “зялёнай моды”, бо ўпэўнены — звыклая модная індустрыя вядзе да разбурэння навакольнага асяроддзя. Са словаў Арыяны, гэта другая па шкоднасці пасля нафтаздабычы прамысловасць.

eka-moda-berlin-grodna-2

“Яна стварае экалагічныя і сацыяльныя праблемы. З аднаго боку, гэта забруджванне навакольнага асяроддзя падчас вытворчасці адзення. З іншага — хуткая змена калекцый і трэндаў вядзе да таго, што рэчы служаць не доўга, а пасля выкідаюцца, і ствараюць праблему адходаў”.

Выхад дызайнеркі бачаць у апсайклінгу, каторы ў Еўропе развіваецца па двух асноўных накірунках. Першы – праца з астаткамі новых матэрыялаў, адходамі тэкстыльнай прамысловасці. Другі – перапрацоўка ўжыванага адзення.

“Асаблівасць нашага атэлье ў тым, што мы не шыем нічога новага. Па замовах кліентаў мы перарабляем рэчы, каб можна было працягваць іх насіць. Літаральна – пакуль не разваліцца”, — кажа Ірэнэ.

eka-moda-berlin-grodna-6

Дзяўчаты расказваюць, што часта замоўцы хочуць не толькі захаваць рэчы як такія. Бывае важна і памяць пра пэўныя звязаныя з ёй падзеі. Вось ружовыя шорты, што прынесла адна з кліентак, гэта напамін пра рамантычнае каханне. “Муж прыйшоў у іх на першае спатканне”, – расказала жанчына і папрасіла аднавіць рэч. Праўда, час быў да шортаў не літасцівы. Вырашылі скраіць новыя штаны з падобнай тканіны. А элементы арыгінала — накладныя карманы і клапаны — выкарыстаць у якасці аддзелкі.

eka-moda-berlin-grodna-5

“Працы з такімі рэчамі шмат, працэс выходзіць доўгім і нетанным. Нашы пастаянныя кліенты збольшага людзі забяспечаныя”, – прызнаюцца дызайнеркі. Але зрабіць бізнес прыбытковым пакуль не атрымліваецца. Страты ад працы атэлье кампенсуюцца іншымі праектамі, што паралельна вядзе яго ўладальніца, Элізабет Прантнер.

Гродна: Атэлье па рамонту адзення

Паслугі па рамонту і перашыву аддзення карыстаюцца попытам і ў нас. У адным са старэйшых гродзенскіх атэлье такога кшталту расказалі, што ў месяц да іх звяртаецца каля 100-150 чалавек. Асноўныя заказы тычацца пераробкі дарагіх рэчаў – футраў і скуранак.

eko-moda-berlin-grodno-1

“Для кожнага замоўцы робіцца асабістае лякала менавіта на яго фігуру. Зразумела, што магчымасці дызайну абмяжоўваюцца станам рэчы – пашкоджанымі месцамі, якія ужо немагчыма скарыстаць”, – расказвае загадчыца атэлье Жана Сцепановіч. Тым не менш, прафесійныя закройшчыцы робяць і вельмі цікавыя, па-сапраўднаму дызайнерскія рэчы.

Часам кліенты прыходзяць з фотаздымкамі адзення, знойдзенымі ў інтэрнэце ці ў модных часопісах і просяць зрабіць падобную мадэль. Гэта насамрэч эксклюзіўная работа, што патрабуе ўвагі да кожнага кліента і кожнай рэчы. Але ў нашым грамадстве, са словаў Жаны, гэта не вельмі высока цэніцца.

eko-moda-berlin-grodno-2

Жана кажа, што людзі прывыклі да адзення масавага пашыву, якое “кроіцца насціламі”. Таму не вельмі гатовы аддаць вялікія грошы за аднаўленне старых рэчаў. Часцей на гэта ідуць з меркаванняў эканоміі. Напрыклад, маладыя дзяўчаты даволі часта прыносяць на перашыў футры, што ў маладосці насілі іх мамы.

“Калі распорваем рэч, бачым клеймы, пастаўленыя яшчэ за савецкім часам. Тыя футры трывалыя, маюць добры выгляд. Перашываем іх па сучаснай модзе”.

eko-moda-berlin-grodno-3

Таксама Жана ўзгадвае выпадкі, калі кліенты расказвалі цікавыя гісторыі, звязаныя з рэчамі, ці прасілі аднавіць іх дзеля памяці. Недаўна мужчына прыносіў на перашыў скуранку, якую раней насіла яго маці. Расказваў, што яна некалі працавала ў гэтым самым атэлье, а ён, штодня ідучы са школы, стукаў ёй у вакенца, каб выйшла пагаварыць. Хацелася б захаваць успаміны пра матулю і пра сваё дзяцінства не толькі ў думках.

eko-moda-berlin-grodno-4

Ён быў вельмі задаволены вынікам працы, дзякаваў, што добра атрымалася, што ізноў нібы вярнуўся ў былыя часы.

Чытайце яшчэ:  Стыльныя людзі Гродна: 5 лукаў ад мадэльера, рэкламніка, дызайнера мэблі і іншых мінакоў

“Я аж расчулілася, ледзь не да слёз”, — усміхаецца Жана. Такія выпадкі натхняюць майстроў, дадаюць сэнсу і чалавечага цяпла ў штодзённую руціну.

“Цяжка сказаць, ці акупаецца цалкам такая праца. Кожная рэч – як асобная песня, зусім іншая гісторыя. Заробкі закройшчыкаў у нас не вельмі высокія. Ніякіх датацый атэлье не мае, мы цалкам на самаакупальнасці. Напэўна, на Захадзе такая работа  каштуе больш. У нейкім сэнсе можна сказаць, што ёсць і частка дабрачыннасці ў нашай працы”, – разважае Жана.

Берлін: крама “The Upcycling Fashion Store”

Гісторыя гэтага бізнесу пачалася ў Лондане. У праекце “З міру па нітцы” пазнаёміліся чацвёра маладых людзей, сённяшніх гаспадароў крамы. Лонданская кампанія спецыялізавалася на перапрацоўцы адходаў тканіны брэндавых вытворчасцяў з Італіі. У Берліне маладыя дызайнеры вырашылі паўтарыць падобнае.

eka-moda-berlin-grodna-19

На час адкрыцця яны ўжо мелі пэўны досвед у апсайклінгу — стварылі модны брэнд “Aluc” і шылі мужчынскія рубашкі з абрэзкаў тканіны, адходаў кроя вытворчасці.

“З цягам часу стала ясна, што гэтага недастаткова для далейшага развіцця, — распавяла Арыяна Нікалеці, адна з саўладальніц крамы. – Вырашылі, што хочам наўпрост мець кантакт з кліентамі, высвятляць іх патрэбы. Так у 2011 годзе і была адкрыта крама”.

eka-moda-berlin-grodna-15

Цэны тут заўважна вышэйшыя, чым у месцах продажу новага адзення. Напрыклад, мужчынская рубашка каштуе каля 130 еўра. Але “свой кліент” у краме заўжды ёсць. Гэта тыя людзі, што ўсведамляюць важнасць экалагічнасці і ўстойлівага развіцця. Іх колькасць ў грамадстве, паводле дызайнеркі, будзе і надалей павялічвацца.

“Наша асноўная мэта — зніціць нагрузку на навакольнае асяроддзе. Ідэя не ў тым, каб набываць штосці таннае, а каб купляць рэчы, што змогуць служыць доўгі час.”

eka-moda-berlin-grodna-17

У краме можна пабачыць шмат цікавых прыкладаў моднага апсайклінгу – курткі, пашытыя са спісанага рабочага адзення, абутак і ўпрыгожванні з абрэзкаў скуры, гаманцы і партманэ з аўтамабільных рамянёў бяспекі ці веласіпедных камер ды іншае.

Гродна: анты-барахолка “Склад 95”

Сумяшчэнне склада, майстэрні, арт-прасторы і антыкавярні – прыкладна так бачыць прызначэнне новай пляцоўкі адзін з арганізатараў “Склада 95”, Сяргей Віктараў. Тут збіраюць старыя рэчы – мэблю, тэхніку ці адзенне, што больш не патрэбны гаспадарам.

Пра неабходнасць такой паслугі Сяргей задумаўся ў сувязі з нядаўнім пераездам. Аказалася, што шмат рэчаў не мае сэнсу забіраць з сабой на новае месца, а проста выкінуць – шкада. “Спрабаваў акуратна пакідаць іх каля смеццевых бакаў, але зразумеў, што карыстаюцца з гэтага хіба што аматары выпіць.”

7

Склад пачаў працаваць менш месяца таму, то натуральна, пакуль планаў у арганізатараў больш, чым дасягненняў.

“Зараз галоўная задача – сабраць людзей, умельцаў, што з барахла змогуць нешта зрабіць. Мы ўжо маем кантакты майстроў, што аднаўляюць старую мэблю – рэстаўруюць тое, што захавалася, вырабляюць і “састарваюць” дэталі, якіх не хапае. Адначасова збіраем і саму мэблю – розныя столікі, лямпы, канапы”.

У “спадчыну” ад арэндадаўцаў “Складу 95” засталіся дзве шафы — так званыя “савецкія”, што стаялі раней ва ўсіх канторах. З імі майстры таксама папрацуюць. Савецкая мэбля 60х-70х гадоў блізкая да сучаснага скандынаўскага стылю — нічога лішняга, лаканічна і граматна. Зараз мода на такі дызайн вяртаецца, таму адноўленыя рэчы могуць знайсці свайго спажыўца. Апроч мэблі тут збіраюцца аднаўляць і старыя кнігі. Ужо ёсць дамова на супрацу з майстрам-пераплётчыкам.

16

Што да адзення, каторае пакуль складае большую частку “барахла”, то да супрацы запрашаюць усіх ахвотных гродзенскіх дызайнераў, гатовых працаваць з былымі ва ўжыванні рэчамі. “Мы хочам даць ім магчымасць рэалізаваць свае творчыя задумкі і гатовы аказаць падтрымку. Гэта можа быць арганізацыя модных шоў, дапамога ў пошуку мадэляў для дэманстрацыі калекцый ці фаторгафаў для здымкі партфоліа”, – кажа Сяргей.

11

Разлічваць на фінансавую падтрымку з якога б не было боку праект не будзе. Арганізатары мяркуюць, што рэалізацыя адноўленых рэчаў ды мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у арт-прасторы, дазволяць акупіць фінансавыя ўкладанні і нават даць прыбытак. Да слова сказаць, частку прыбыткаў збіраюцца выдаткоўваць на дабрачыннасць – падтрымку дзіцячага хоспіса, прытулка для бадзялых жывёлаў ды іншых ініцыятыў.

Берлін: фраў Вагнэр: “Купіць можна, але дорага”

Памяць старых рэчаў і творчыя ідэі дызайнераў маюць каштаваць дорага, мяркуе фраў Вагнэр, дызайнерка і ўласніца атэлье і шоў-рума “К-13”.

Чытайце яшчэ:  Як Беларусь развівае турызм і пры чым тут Еўрапейскі Саюз

“Я займаюся арт-перапрацоўкай былых ва ўжыванні прадметаў гардэроба — ператвараю іх у адзенне “ад куцюр” і фармую аўтарскія калекцыі”. Да асаблівасці свайго бізнесу яна адносіць супрацоўніцтва з буйнымі прамысловымі кампаніямі — Volkswagen і Puma, а таксама з Сусветным фондам абароны дзікай прыроды.

eka-moda-berlin-grodna-12

Такую супрацу фраў Вагнер называе “крос-куцюр”. “Разам мы творча пераасэнсоўваем спартыўнае адзенне і прадметы экіпіроўкі. Робім гэта дзела прыцягнення ўвагі да ўстойлівага развіцця ў гэтай сферы вытворчасці”.

eka-moda-berlin-grodna-8

У выніку супрацоўніцтва з’явілася бізнес-мадэль, па якой зараз працуе “К-13”. Тут выстаўляюць свае працы дызайнеры з Берліна,  у асноўным недаўнія выпускнікі ці маладыя спецыялісты. Асабіста для сябе дызайнерка выбрала накірунак, што спалучае крос-куцюр і рукадзелле. “Для сумеснай работы запрашаю жанчын з Берліна, а таксама прадстаўніц іншых народаў, бежанцаў”. Кожная рукадзельніца ўносіць у дызайн элементы  сваёй культуры, тэхнікі, традыцыі, што робіць рэч непаўторнай.

eka-moda-berlin-grodna-13

Такі падыход, мяркуе фраў Вагнер, на масавае спажыванне не разлічаны. Пра створаныя рэчы кажа, што “купіць  можна, але дорага” — большая іх часта існуе ў адзіным экзэмпляры. Набываюць дызайнерскія рэчы часцей добра забяспечаныя людзі, прыхільнікі разумнай эстэтыкі і дбайнага стаўлення да навакольнага асяроддзя.

eka-moda-berlin-grodna-10

Гродна: студэнтка-дызайнерка: “Не для багатых, а для творчых”

Сталых дызайнераў, што пераймаліся б экалагічным спажываннем, у Гродне знайсці не ўдалося. А вось адна з навучэнак Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну, Таццяна Каліневіч, аказалася якраз у еўрапейскім трэндзе. Летась на адборачным туры “Мельніцы моды” яна прадстаўляла модную калекцыю “Second chans” — “Другі шанс”, цалкам пашытую з сэкандхэнд адзення.

“Сёння ў свеце выпускаецца шмат адзення і пра старое, забытае ў шафах, людзі ўсё менш успамінаюць. Менавіта з такіх забытых рэчаў мы і зрабілі нашу калекцыю», — расказала  Таццяна пад час імпрэзы.

eka-moda-berlin-grodna-21

Дзяўчына кажа, што экалагічнае стаўленне да жыцця складае яе “другую натуру”: “Я клапачуся аб прыродзе, не ўжываю мяса, раздзяляю смецце. Лічу сябе не толькі мадэльерам, але і эколагам”.

Са словаў Таццяны, фінансавы бок пытання пры стварэнні калекцыі таксама меў не апошняе значэнне. Пашыць столькі рэчаў з новай тканіны абышлося б у разы даражэй. Для студэнцкага бюджэту гэта было б цяжкавата. А так – нешта знаёмыя аддавалі бясплатна, частку рэчаў набыла ў крамах сэканд-хэнд літаральна за капейкі, недзе выкарыстала свае рэчы, што перастала насіць.

eka-moda-berlin-grodna-26

Такі падыход значна ўскладніў дызайнерскую і тэхналагічную частку працы. З новай тканіны можна было б выкраіць дэталі любых памераў, а тут трэба было прыстасоўваць крой да таго, што ёсць. Праўда, калі ведаць што шукаеш, то можна і ў сэкандах знайсці рэчы, якія дапасуюцца да задумак, упэўнена Таццяна. Адна з сукенак калекцыі пашыта з мужчынскіх джынсаў агромністага памеру. “Некаторыя нават не верылі, што такія вялікія дэталі можна было скраіць з ужыванай рэчы”.

eka-moda-berlin-grodna-23

Дзяўчына і надалей збіраецца працягваць працаваць з адзеннем, што ўжо было ва ўжыванні. Менавіта ў гэтым напрамку плануе і сваю працу па сканчэнні коледжа: “Не бачу сябе мадэльерам, што адшывае новыя калекцыі за шалёныя грошы. Хачу надалей ствараць унікальныя арт-аб’екты са старых рэчаў”.

eka-moda-berlin-grodna-29

Прадаваць рэчы са створанай калекцыі дзяўчына пакуль не спрабавала. Але ўжо зараз мяркуе, што цана дызайнерскага адзення “ад Таццяны Каліневіч”  была б параўнальна са звыклымі цэнамі. “Гэта не было б адзенне для бедных ці для багатых. Сярод сваіх спажыўцоў я бачу найперш людзей творчых — яркіх, неардынарных асобаў. І канечне, нераўнадушных да захавання навакольнага асяроддзя”.


У 2015 годзе берлінскія прыхільнікі зялёнай моды аб’ядналіся ў грамадскую арганізацыю “Futurefashionforworld” (Мода будучыні для свету). “Мы хочам паказаць, колькі нас ужо ёсць”,  — кажа пра гэта Арыяна Нікалеці. З такой мэтай стварылі і гарадскую мапу з модным “зялёным маршрутам”. Ён аб’яднаў каля 20 апсайклінг-прадпрыемстваў горада.

eka-moda-berlin-grodna-7

Падчас Берлінскага тыдня моды арганізавалі некалькі экскурсій па месцах «зялёнай моды» для іншагародніх удзельнікаў мерапрыемства. Пасля да іх сталі часта звяртацца з падобнымі просьбамі. Зараз апсайклінг-экскурсіі праводзяцца ў сталіцы Германіі рэгулярна.

 eka-moda-berlin-grodna-20