75 гадоў таму адна з вуліц у Гродне насіла імя амерыканскага інжынера, а пасля і 31-га прэзідэнта ЗША — Герберта Гувера. Герберт Гувер уратаваў ад галоднай смерці каля 20 мільёнаў чалавек, больш за ўсіх у гісторыі чалавецтва. Подзвіг Гувера не меў прэцэдэнтаў. 1914−1924 гадах пад ягоным кіраўніцтвам размеркавана ў Еўропе больш за 33 мільёны 841 тысячу тон дапамогі коштам больш за 5 мільярдаў 234 мільёны долараў.

Калі ў 1921 годзе ў савецкай Расіі пачаўся голад, Гувер, нягледзячы на супраціў бальшавікоў, дамогся права ратаваць ахвяры ў Расіі, Украіне і Беларусі. Гэта было зроблена ва ўмовах вайны і разбурэння, калі ўрады старых і новых дзяржаў былі засяроджаныя на сваіх унутраных праблемах.

Частка І. На тэрыторыі Беларусі, занятай Польшчай

Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера

У выніку наступлення нямецкай арміі ў ліпені 1915 г. рускія вымушаны былі пакінуць Польшчу і заходнія губерні імперыі Раманавых. На беларускай тэрыторыі прымянялася тактыка «выпаленай зямлі». У выніку прапаганды з боку вайсковых колаў і праваслаўнай царквы сотні тысяч чалавек сталі бежанцамі.

Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера
Беларуская сям’я ратуецца ад жахаў вайны
Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера
Апусцелыя вёскі следам палілі казакі
З Заходняй Беларусі выехала тады 1,4 мільёна чалавек. Ад голаду, хвароб і іншых прычын у Расіі загінуў амаль кожны трэці бежанец. У 1918 годзе людзі пачалі вяртацца. Эпідэміі і шалеючая вайна прымусілі ўцекачоў вяртацца на спустошаныя сядзібы ў іншую краіну.
Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера
Бежанцы з Расійскай Імперыі
У 1919 годзе арганізацыя, утвораная з ініцыятывы Гувера — American Relief Administration (Амерыканская адміністрацыя дапамогі), у скароце АРА, — пачала дапамогу Польшчы. Калі хто-небудзь у свеце меў тады патрэбу ў дапамозе, дык гэта жыхары ўсходніх раёнаў Польшчы — заходніх раёнаў Беларусі, якія апынуліся пад уладай Польшчы.
Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера
Герберт Гувер у час яго паездкі ў Польшчу ў 1919 годзе разам з Ігнацым Падэрэўскім, Юзафам Пілсудскім і афіцэрамі WP насупраць Палаца Бельведэр у Варшаве

Хлеб з травы

Чацвёрты рэгіён, дзе падарожнічаў пасланец Гувера — прадстаўнік АРА Уокер, уяўляў сабой лінію фронту ад 5 да 25 міляў шырынёй, ад Дзвінску праз Відзы, Паставы, Мядзел, Свір, Смаргонь, Крэва, Багданаў, Вішнева і да прыпяцкіх балотаў. Там лініі акопаў, дотаў і дзотаў, умацаванняў з калючага дроту і разверненых снарадамі палёў. На гэтую лінію вярталіся тысячы ўцекачоў, каб пачаць жыццё без даху над галавой, свойскай жывёлы, ежы і вопраткі. Тыя, хто не хацеў пакідаць родныя мясціны, хаваліся ў лясах, у зямлянках, дзе і знаходзілі іх супрацоўнікі АРА.

Адмысловы рэцэпт мясцовага хлеба запісаў інспектар АРА Гершэл Уокер, які наведаў у 1919 годзе Ліду:

«У людзей няма мукі, солі, у гэтым рэгіёне яны пякуць хлеб з сумесі травы, верасу і крапівы.

Яны дробна сякуць гэтыя інгрэдыенты, дадаюць нешта для клейкасці і потым пякуць на агні".

Яшчэ напачатку 1920 г. Гувер пастанавіў павялічыць дапамогу менавіта на «Крэсах Усходніх». У маі пачаліся рэгулярныя дастаўкі прадуктаў у пункты харчавання АРА ў Заходняй Беларусі: мука, рыс, бабы, груца, свініна і ялавічына, сухое і згушчанае малако, какава, цукар, алей, рыбін тлушч, соль, галеты. Сотні кухняў АРА адчыніліся каля Наваградка, Баранавічаў, Кобрына, Пружанаў, Нясвіжа, Ліды, Ваўкавыска, Бераставіцы, Ашмян, Багданава, Пінска, Берасця і Гродна.

Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера
Фрагмент карты пунктаў АРА ў Польшчы ў 1922: каля тысячы амерыканскіх кухань дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі

Вопратку шылі з мяшкоў ад мукі

Амерыканская дапамога ў першую чаргу была скіраваная дзецям. Гродзенскія дзеці ўваходзілі ў лік дзясяткаў тысяч сірот вайны, у якіх у перыяд з 1914 па 1920 гады бацькі загінулі на палях бітваў, ці памерлі ў ваенных шпіталях ад эпідэмій і голаду. У першы час пастаўкі адзення ў Гродна былі абмежаванымі, таму вопратку часта шылі з мяхоў, у якіх звычайна перавозілі амерыканскую муку.

Успамінае спадарыня Каханоўская: «Я хадзіла ў школу і нам давалі абеды. І ўсё аказалі: АРА дае. Але мы ўяўлялі сабе, што АРА гэта нешта такое абстрактнае: дае абеды рука нейкая. А што гэта? Гэта ж былі дзеці. Малако добрае было. Давалі добры кубак какава, булачку, і гэта можна было піць колькі хочаш. Бацька ж мой працаваў і прыносіў прадукты таксама — прадукты АРА. Фасоля была такая смачная. Можа якіх дзесяць гатункаў фасолі. І нават былі фасолькі з пражылкамі, з рознымі рысункамі. А смак — ну надзвычайны…»

Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера
Дзеці ў Гродне ў вопратцы з мяхоў, 1919−1920 гг. (Фота з архіву газеты «The New York Times»)
На вуліцы Урыцкага, 26 у 20-я гады працавала лякарня ў рамках амерыканскай гуманітарнай дапамогі паводле плану Гувера.

Гарадскія ўлады вырашылі ў 1922 году перайменаваць вуліцу Іванаўскую ў Гувера. Вуліца Гувера ў Гродне праіснавала да верасня 1940 года. Затым яе перайменавалі ў Тэльмана — у гонар нямецкага камуніста. Гэту назву яна носіць і цяпер.

[irp posts="24 123″ name="Дзе была Златарская, а дзе Паліцэйская. Тэст пра вуліцы Гродна"]

Працягваць працаваць і пад бальшавікамі

Але далей дапамога АРА была спыненая — бальшавікі нанеслі ўдар у адказ, і пачалося імклівае польскае адступленне. Кухні АРА апынуліся пад пагрозай: ніякага пагаднення з саветамі не існавала, трэба было ратаваць складавыя запасы і абсталяванне. Палякі хутка адступалі, часам пагрузка маёмасці АРА заканчвалася, калі бальшавіцкія часткі ўваходзілі ў горад. 11 ліпеня чырвонае войска ўзяло Мінск, 18-га — Баранавічы, 19-га — Гродна, 23-га — Пінск. Бальшавікі рухаліся так хутка, што паўстала пытанне ўжо не ратавання маёмасці, а больш істотнае: ці амерыканскаму персаналу ў Польшчы працягваць працу пасля захопу краіны бальшавікамі.

У дзень падзення Пінску Гувер паслаў кабляграму з Нью-Ёрку ў Еўрапейскі офіс АРА:

«На мой погляд, калі нашыя людзі мяркуюць, што гэта бяспечна, яны мусяць працягваць працу пунктаў харчавання за лініяй, занятай бальшавікамі… Пасля пачатковай сумятні яны, магчыма, змогуць ізноў распачаць працу ў акупаванай бальшавікамі Польшчы ў межах пэўнага пагаднення».

Ежы — на 3,6 мільёна долараў, вопраткі - амаль на мільён

Дзейнасць АРА ў Заходняй Беларусі аднавілася ў лістападзе, калі была падпісана дамова аб перамір'і. Даставы харчу і адзення адразу вярнуліся на даваенны ўзровень, кухні працавалі на поўную моц. Толькі ў Берасцейска-Пінскім рэгіёне штомесяц адпускалі 50−70 тысяч абедаў для дзяцей і дарослых, пераважна ўцекачоў.

Ад траўня 1920 па красавік 1922 польская АРА размеркавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 15 тысяч 300 тон харчовай дапамогі на суму каля 3 мільёнаў 670 тысяч долараў. Таксама дастаўлялася мыла і асобна — адзенне. Было выдадзена 150 тысяч 318 паліто, 133 тысячы 759 пар чаравікаў і 137 тысяч 522 пары панчохаў на суму каля 900 тысяч долараў.

Дзякуй, Амерыка! Чаму пара вярнуць у Гродна вуліцу Герберта Гувера
Дзеці з міскамі з вёскі Дубна на фоне ўдзячнага пісьма. Сотні падобных лістоў слалі ўдзячныя дзеці і дарослыя з Беларусі на адрас АРА

Адрадзіць вуліцу Гувера — правільна і справядліва

Універсітэты Кракава, Варшавы, Львова ганаравалі Гувера званнем доктара, гарадскія ўлады называлі пляцы і прысвойвалі званні ганаровага месціча, скульптары ляпілі бюсты. Менавіта тады вуліца імя Герберта Гувера з’явілася ў Гродне.

У пачатку 1990-х гадоў гродзенскі гісторык Ігар Трусаў выказаўся за вяртанне забытай назвы вуліцы. Яго выказванні ў сваёй працы «Прыгоды АРА ў Беларусі» публікаваў Аляксандр Лукашук:

«Жывуць зараз на нашай зямлі людзі, якіх бы не было, калі б гэты высакародны чалавек Герберт Гувер не спрабаваў накарміць і апрануць галодных людзей у незнаёмай, далёкай, разбуранай вайной краіне. Было б правільна і справядліва калі-небудзь адрадзіць вуліцу названую ў яго гонар». Ці не пара?

Місія ў Польшчы скончылася — пачалася ў савецкай Беларусі

Напачатку 1922 году, калі польская эканоміка выразна пайшла ўгару, апошні кіраўнік АРА ў Польшчы Філіп Болдўін паведаміў польскаму ўраду пра закрыццё місіі ў чэрвені.

Ад 1922 году АРА пачала аперацыі ў падсавецкай Беларусі — Мінску і шасці паветах, з насельніцтвам менш за 2 мільёны чалавек. Асобныя прадстаўніцтвы АРА былі адкрытыя ў Гомелі і Віцебску, якія тады адміністрацыйна належалі РСФСР. Разам у трох беларускіх акругах АРА жыло каля 7 мільёнаў чалавек.

Працяг будзе


Выкарыстаныя матэрыялы:

1. Прыгоды АРА ў Беларусі. Лукашук Аляксандр, Прага, 2005. Выдавец: Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Выдавецкая сэрыя: Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе ISBN: 929 849−07−8

2. Бежанства 1915 года. Беласток. 2000 г. Выдавецтва/ друкарня: Podlaska Spółdzielnia PHU, Białystok ISBN: 83−911 514−4-

3. http://novychas.by/poviaz_casou/haryzont_byu_cyrvony_ad_palaju/

4. http://www.hoover.org/research/herbert-hoovers-grand-parade-warsaw

5. http://www.radyjo.net/4/91/Artykul/175 912