Ад 3 да 9 красавіка чытачом тэсціроўшчыкам нашага партала была Маргарыта Беразюк. Праглядаючы старонку, найбольш увагі яна звярнула на параўнанне рускамоўнай і беларускамоўнай версій старонкі і нават палічыла колькасць артыкулаў кожнага раздзела на розных мовах. А яшчэ — падзівілася працаздольнасці Руслана Кулевіча.

«Выснова — Hrodna.life дыскрымінуе рускамоўных, — піша Маргарыта пасля падлікаў артыкулаў на рускай і беларускай версіях сайта. — Чаму ў рускамоўнай версіі, напрыклад, цалкам адсутнічаюць афіша і блогі?»

Адказваючы на гэта пытанне, трэба зазначыць, што сайт ад самага пачатку быў і застаецца беларускамоўным. Калі яшчэ дакладней, то на сёння гэта адзіны беларускамоўны медыяпартал Гродна. Зрабіўшы выбар мовы на карысць беларускай, мы, канечне, нікога не хацелі дыскрымінаваць. Хутчэй, наадварот — стараліся забяспечыць права і стварыць магчымасць чытаць навіны на роднай мове.

Што да рускамоўнага «люстэрка» старонкі, то яго стараемся падтрымліваць, наколькі хапае магчымасцяў. У ідэале, канечне, колькасць матэрыялаў мае супадаць. А пакуль робім, на што хапае рук і часу. Уласна, вялікай праблемы ў тым, што па-руску публікуецца навінаў менш, не бачым. Мяркуем, што практычна любы з жыхароў Гродна разумее беларускую мову, нават калі сам не размаўляе на ёй пастаянна. І эксклюзіўны аўтарскі матэрыял, напісаны па-беларуску, цалкам даступны рускамоўным гродзенцам.

Што да астатняга зместу старонкі, то, паводле Маргарыты, не хапае матэрыялаў у відэафармаце. «За тыдзень толькі адна відэа-навіна, пра Сусветны дзень настольнага тэніса».

Пры выбары топ-3 Маргарыта найперш звярнула ўвагу на тэмы, звязаныя з дабрачыннасцю.

«Трэба ехаць, трэба дапамагаць». Гродзенец вярнуўся з місіянерскай паездкі ў Кенію і збіраецца туды зноў

У Old City на дабрачыннай акцыі сабралі двухмесячны рацыён кармоў для жывёл з САГа

Дзяўчына захапляецца фота і відэаздымкай, то ацаніла і матэрыял з кліпам аб начным горадзе.

Студэнты з дапамогай відэа паказалі Гродна ў цёмны час сутак

З анонсаў найбольш важным падалася аб’ява пра акцыю «Зробім».

Валанцёрскі рух «Зробім!» шукае актыўных людзей, гатовых арганізаваць уборку ў лясах і зялёных зонах

Таксама Маргарыта не змагла не адзначыць «неверагодную прадуктыўнасць» Руслана Кулевіча. «Як яму ўдаецца быць адначасова ў некалькіх месцах? Ён жа звычайны чалавек, катораму трэба есці, спаць, адпачываць… Як ён усё паспявае?»

Ну, што на тое сказаць? Магчыма, у Руслана ёсць не толькі журналісцкія, але і магічныя здольнасці. Толькі гэта — ужо зусім іншая гісторыя. Пакінем яе ў якасці нашай маленькай рэдакцыйнай таямніцы.

Дыскрымінацыя рускамоўных і магічныя здольнасці Руслана Кулевіча. Што хвалявала чытача-тэсціроўшчыка на мінулым тыдні