Большую частку працы па рамонту і абсталяванні прасторы ў Гродзенскім дзіцячым хоспісе рабілі валанцёры. Тынкоўка сцен, плітка на падлозе, электрыка, драўляная аздоба ды іншыя рэчы ў памяшканнях зроблены сапраўднымі прафесіяналамі. Адчуваецца, што Аляксей Грошаў, Сяргей Улановіч, Ягор Коткін і шмат іншых добраахвотных памочнікаў не толькі прыклалі тут рукі, але і падзяліліся часткай душы. Як і чаму хлопцы прыйшлі да валанцёрства і што атрымліваюць узамен за працу яны распавялі Hrodna.life.

Аляксей Грошаў: Не заўсёды працаваць трэба за грошы. Часам дастаткова шчаслівай усмешкі

«Патрапіў у валанцёры выпадкова. Знаёмыя папрасілі нешта зрабіць для хоспіса, я меў магчымасць, то зрабіў. Завязалася знаёмства і зараз стала дапамагаю, калі ёсць нешта па маім профілі», — нічога незвычайнага ў сваёй гісторыі Аляксей не бачыць. Свой ўнёсак у аздабленне прасторы безбар’ернага кінатэатра ацэньвае больш чым сціпла: «Насамрэч, нічога звышнатуральнага ці складанага. Пара дробязяў, што зрабіў у перапынках паміж асноўнымі замовамі». Тым не менш, «дробязі» зробленыя яго рукамі, адразу кідаюцца ў вочы: драўляныя сталешніцы, спілы, што аздобілі хол, палічкі - сапраўдная «дзеравяшка» надае прасторы адчуванне цеплыні і надзейнасці.

Аляксей Грошаў, валанцёр хоспіса
Аляксей Грошаў і адна з «дробязяў», зробленая яго рукамі - паліца з дрэва ў выглядзе воза з сапраўднымі даўнішнімі коламі. Колы для інсталяцыі падараваў гаспадар музея гарадскога быту Януш Паруліс. Дызайн паліцы прыдумала валанцёрка хоспіса, дызайнерка Святлана Пінчук

Аляксей рабіў гэта больш для задавальнення, знаходзячы ў творчай працы «аддушыну». З іншага боку, творчыя замовы выклікалі прафесійную цікавасць і давалі шанец самарэалізацыі. «Да мяне ў майстэрню часцей звяртаюцца з шэраговымі замовамі - плот, брама, дзверы, зруб — людзі просяць зрабіць самыя простыя рэчы. На іншае зараз мала хто мае сродкі. Попыту на рэчы ручной работы амаль няма, зарабіць на творчасці не атрымліваецца, таму многія майстры кідаюць любімую справу».

Аляксей кажа, што ў супрацы з хоспісам знайшоў магчымасць творчай рэалізацыі і ад пачатку не чакаў аплаты. «Дастаткова пабачыць усмешкі на тварах людзей, зразумець, што ім спадабалася».

Сяргей Улановіч: вольны час — нагода рабіць добрыя справы

Сяргей Улановіч, валанцёр хоспіса
Сяргей Улановіч, валанцёр хоспіса, які рабіў частку абліцовачных работ. Плітка і лінолеум на падлозе ўкладзены яго рукамі

На той час, калі Сяргей пачаў супрацу з дзяцячым хоспісам, ён скончваў навучанне ў коледжы. Дыплом даваў магчымасць працаваць будаўніком-штукатурам, плітачнікам ці тэхнікам-будаўніком. Але знайсці працу выпускніку без стажу няпроста. Калі Саргей пабачыў у сацсетках аб’яву хоспіса з просьбай дапамагчы на будоўлі, адразу патэлефанаваў.

«Я меў шмат вольнага часу і жаданне працаваць. У хоспісе сказалі, што трэба зрабіць абліцовачныя работы — якраз мой профіль. На наступны дзень я сабраў інструмент і паехаў працаваць».

[irp posts="10 519″ name=""Было б сорамна, каб ведала і не дапамагла". Дызайнерка з дзіцячага хоспіса пра тое, як стала валанцёрам"]

Вялікая частка падлогі ў памяшканнях хоспіса зроблена рукамі Сяргея. У калідоры ён клаў плітку, у сэнсарным пакоі сцяліў лінолеўм. За валанцёрскую падтрымку хоспіса Сяргей, як і астатнія ўдзельнікі праекта, атрымаў падзяку ад старшыні гарвыканкама.

«Тое, што атрымалася зрабіць валанцёрам у хоспісе, паказвае — аб’яднаўшы грамадскія высілкі, можна працаваць нават больш эфектыўна, чым пры наяўнасці прамога фінансавання». Зараз Сяргей працуе рэдактарам на адным з будаўнічых парталаў горада.

Ягор Коткін: прыйшоў дапамагчы і зразумеў, што знайшоў сваё месца

хоспіс безбар'ерны кінатэатр (9)
Ягор Коткін, ландшафтны дызайнер, валанцёр хоспіса. «Чаму дапамагаю? Мне хочацца. А я заўсёды раблю, тое што хачу!»

Пра тое, што ў горадзе ёсць дзіцячы хоспіс, ландшафтны дызайнер Ягор чуў ад знаёмых. Жаданне дапамагчы ён тлумачыць проста «парывам душы».

«Ад першага разу, як прышоў у хоспіс, зразумеў, што знайшоў сваё месца. Тут і праўда была патрэбна мая дапамога і яе гатовы былі прымаць». Ягор узгадвае, як уразіла яго творчая атмасфера і дынамічнасць працы хоспіса, адкрытасць супрацоўнікаў да эксперыментаў і творчых прапановаў. «Так я і застаўся з хоспісам. Потым некалькі сваіх карцін прынёс, сябра прывёў, той для хоспіса мікрахвалёўку падарыў».

Хоспіс, кажа Ягор, проста магічнае слова. Яно адкрывае сэрцы людзей. «Калі нешта прасіў і казаў што для хоспіса, то многія згаджаліся працаваць без аплаты ці ахвяравалі патрэбныя матэрыялы». Зараз Ягор рыхтуецца парадкаваць «Каляровы дворык» ля хоспіса, ужо распрацаваў для яго праект ландшафтнага дызайну.

«Калі дапамагаеш людзям, то і свае цяжкасці вырашаюцца неяк лягчэй, гэта з уласнага досведу ведаю, — дзеліцца Ягор. — Але ж гэта не азначае, што я валанцёру, каб вырашыць свае праблемы. Проста, ведаю, што так ёсць — і працую. А чаму дапамагаю?.. Мне хочацца! А я заўжды раблю тое, што хачу».