Кім быў князь Давыд Гарадзенскі, якому ў 2017 годзе могуць паставіць у Гродне помнік? Насамрэч, мы ведаем пра яго няшмат, таму ён бачыцца хутчэй як паўфэнтазійны персанаж з «Гульні Прастолаў». Гэта і добра, бо кожны зможа ўкласці ў будучы помнік свой сэнс.

На помнік Гарадзенскаму ёсць спонсар

Як адказалі гродзенскія ўлады — помніка Стэфану Баторыю ставіць не плануюць. Маўляў, ёсць вуліца і крама з адпаведнай назвай — і хопіць. Затое хутка пачнецца конкурс эскізаў на помнік Давыду Гарадзенскаму. З ім справа павінна пайсці хутка, бо быццам ёсць спонсар, які гатовы заплаціць за помнік, а ініцыятыву па ўсталёўцы помніка прасоўвае праваслаўная царква.

Давыд Гарадзенскі паводле мастака М.Басалыгі
Давыд Гарадзенскі паводле мастака М.Басалыгі
Кім жа быў той слаўны князь Давыд Гарадзенскі, які, таксама як і Стэфан Баторый, мае ў Гродне ўласную вуліцу (часам нават на шыльдах пішуць «Д. Гарадзенскага», быццам «Гарадзенскі» — гэта ягонае прозвішча).

Давыд Гарадзенскі - унук расійскага супергероя?

Усе крыніцы пра Давыда Гарадзенскага можна падзяліць на блізкія да часу ягонага жыцця і значна пазнейшыя. Першыя — гэта некалькі нямецкіх (прускіх) хронік і пару згадак у Пскоўскіх летапісах. Другія — гэта найперш «Хроніка…» Мацея Стрыйкоўскага, якая хаця і прызнана навукоўцамі сур’ёзнай крыніцай, але напісана больш чым праз 200 гадоў пасля смерці Давыда Гарадзенскага, акурат у часы Стэфана Баторыя.

Менавіта Стрыйкоўскі падае біяграфічны факт аб выданні Гедымінам сваёй дачкі замуж за Давыда Гарадзенскага. Другі ж біяграфічны факт — сыноўства Давыда Гарадзенскага ад Даўмонта-Цімафея (літоўскага князя, які ўцёк у Пскоў пасля ўдзелу ў забойстве караля Літвы Міндоўга) грунтуецца выключна на паведамленні пскоўскага летапіса аб тым, што пскавічы пасылалі ў Літву да Давыда за дапамогай супраць крыжакаў.

Маўляў, пасылалі да сына свайго князя, бо той быў ім найбольш даспадобы. А паколькі Даўмонт быў жанаты з дачкой Аляксандра Неўскага то і Давыд Гарадзенскі аўтаматчына стаў унукам сучаснага расійскага супергероя.

Праўда, чаму пскавічы не маглі запрасіць да сябе проста крутога знаўцу вайны супраць крыжакаў Давыда (такіх на Русі было не так і шмат) і чаму хаця б не напісалі ў сваім летапісе, што ён быў сынам іх любімага князя — невядома.

Гісторыі пра сям’ю, пахаванне і родны маёнтак — прыдуманыя ў ХХ стагоддзі

Усе ж іншыя біяграфічныя факты, накшталт пахавання Давыда Гарадзенскага на Каложскай гары, смерці яго жонкі і дзяцей ад мячоў крыжакаў або наяўнасці ў яго маёнтка Давыдзішкі (пазней Верцялішкі) дадуманыя гісторыкамі нядаўняга ХХ стагоддзя.

Персцень з пахавання на Замкавай гары. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі - мо гэта і ёсць пахаванне Давыда Гарадзенскага. Шкілет вышынёй аж 183 сантыметры. Для таго часу - сапраўдны гігант
Персцень з пахавання на Замкавай гары. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі - мо гэта і ёсць пахаванне Давыда Гарадзенскага. Шкілет вышынёй аж 183 сантыметры. Для таго часу — сапраўдны гігант
Ніжэй прывядзем усе дакладна вядомыя звесткі пра Давыда Гарадзенскага, якія знаходзім у хроніках і летапісах ягонай эпохі.

Давыд не гуляў па правілах

Верасень 1314 г. — крыжакі ідуць у Крывіцкую зямлю каб захапіць Малую Нагардзію (Навагрудак). Такі рэйд вельмі небяспечны для крыжакаў і далекавата — толькі па зямлі Вялікага княства Літоўскага трэба прайсці больш за 200 кіламетраў. І ў тыле застаюцца Нёман і Гродна, Гарта па-крыжацку.

Зброя, знойдзеная гродзенскімі школьнікамі ў 1980-х гг. Паходзіць з часоў барацьбы з крыжакамі
Зброя, знойдзеная гродзенскімі школьнікамі ў 1980-х гг. Паходзіць з часоў барацьбы з крыжакамі
Маршал Генрых пакідае ў сваім тыле некалькі базаў з коньмі і прыпасамі і падыходзіць да Наваградка. У выніку цяжкай бітвы ваколіцы Навагрудка спалены, але сам горад утрымаўся. Крыжакі вяртаюцца да склада і бачаць… 30 трупаў сваіх братоў. Няма ні паўтары тысячы коней, ні хлеба ні пітва. А навокал варожая восеньская пушча. Крыжакі падыходзяць да наступнага склада — тая самая гісторыя.

У выніку з першым снегам да сваіх вяртаюцца толькі некалькі чалавек з вялікага крыжацкага атрада. І яны падобныя да шкілетаў, бо харчаваліся адно тым, што змаглі сабраць у лесе.

Усё гэта было работай кашталяна з Гарты Давыда. Стала зразумела, што крыжакі атрымалі ворага, які не збіраўся гуляць з імі па правілах. Біў па самых балючых месцах.

Страта 50 байцоў - вялікая параза

Вайна з крыжакамі праходзіла галоўным чынам у густых лясах, што адгароджвалі вялікае княства ад ордэна. У 1319 годзе падчас павадка Давыд прабраўся з атрадам у 800 чалавек да Прусіі, але ўвайшоў на яе тэрыторыю маючы толькі 80 чалавек. Мясцовы комтур са сваімі рыцарамі перахапіў адтрад Давыда і забіў у баі каля 50 ліцвінаў, прымусіўшы Давыда кінуць здабычу і, гледзячы па ўсім, ратавацца ўцёкамі.

Мо і не мелі гэтыя гродзенскія атрады кашталяна па 800 чалавек. Якія дзве-тры сотні добра ўзброеных коннікаў маглі выдзеліць на такі рэйд гродзенцы. Такому атраду і пракарміцца было рэальна і застацца незаўважаным. Таму страта 50 байцоў яўна была для Давыда вялікай паразай.

Давыд адпомсціў крыжакам на… мазавецкім біскупе

У 1323 г. «князь Давыд з Літвы» моцна дапамог пскавічам, адагнаўшы вялікае войска ад горада і прайшоўшыся агнём і мячом па землях эстонскіх плямёнаў, якія былі падданымі дацкага караля. Паход яўна ў стылі Давыда з Гарты…

У 1324 г. на вялікі пост крыжакі напалі на маёнтак «алод» Давыда і разрабавалі яго, павёўшы з сабою 38 палонных і 100 коней. Што гэта быў за маёнтак — ці жылі там ягоная гіпатэтычная жонка і міфічныя дзеці - невядома. Магчыма тое была нейкая недалёкая ад Гродна і зручная для вайсковых дзеянняў «база» кашталяна. Нягледзячы на заключаны мір Давыд Гарадзенскі адпомсціўся… на мазавецкім біскупе, разрабаваўшы мясцовыя вёскі і святыні.

Дайшоў да Франкфурта-на-Одэры

У 1326 годзе польскі кароль Уладзіслаў Лакетак пажаніў свайго сына на дачцэ Гедыміна. Яны вырашылі змацаваць саюз вайсковымі справамі і палякі рушылі вайной на нямецкую Брандэнбургію. Разам з арміяй Лакетка ішлі 1200 коннікаў з Вялікага княства на чале з Давыдам.

Войска дайшло да Франкфурта-на-Одэры і пачало рабаванне навакольных вёсак. Былі спалены больш за 100 вёсак, некалькі кляштараў. Славяне асабліва падабалі розныя «свяшчэнныя сасуды, вопратку і іншыя святыні». Магчыма адтуль прывязлі ў Гродна і вядомага каложскага вадалея.

Вадаліў першай паловы ХІІІ ст. захоўваецца ў Музеі гісторыі рэлігіі
Вадаліў першай паловы ХІІІ ст. захоўваецца ў Музеі гісторыі рэлігіі
Храніст расказвае зусім ужо сумную гісторыю як два літвіны паспрачаліся наконт валодання адной прыгожай паланянкай і тады нейкі іх начальнік (мо і сам Давыд Гарадзенскі!) рассёк дзяўчыну папалам, «падзяліўшы» такім чынам здабычу. Праўда тое нейкая зусім ужо біблейская гісторыя.

Давыда забілі ў паядынку адзін-на-адзін

І вось калі войска з тысячамі палонных вярталася назад, адзін польскі рыцар, які «прыкінуўся сябрам паганцаў, але сумаваў па панішчаных хрысціянах» забіў Давыда, кашталяна Гарты, «на вачах у многіх». Відавочна, што забойства Давыда на вачах у ягонага войска не выглядае на подлае забойства падчас сна ў палатцы, як тое адлюстравана ў сучасным беларускім эпасе. Мажа тое быў вынік паядынку адзін на адзін? Таксама крутая гісторыя ўжо ў стылі галівудскага баевіка!

Давыд Гарадзенскі. Смерць з рук Анджэя Госта паводле Сяргея Харэўскага
Подлае забойства Давыда Гарадзенскага Анджэем Гостам паводле Сяргея Харэўскага

Бязлітасны персанаж і адчайны ваяка

Такім чынам бадай усё, што мы ведаем пра Давыда з Гарты, дык гэта тое, што гэта быў адчайны ваяка, які быў абсалютна бязлітасным персанажам і нярэдка ішоў у вагонь і ваду разам з некалькімі сотнямі гродзенцаў, якія вельмі нагадвалі свайго правадыра. Ягонымі ворагамі былі мазуры, проста палякі, крыжакі, немцы з Брандэнбургіі, датчане, пакораныя крыжакамі эстонскія плямёны…

Як гродзенскага кашталяна яго яўна баяліся і лепш хацелі мець за сябра чым за ворага. Чыя кроў, балцкая ці славянская, цякла ў яго венах, на якой мове, літоўскай ці старабеларускай ён гаварыў, быў ён праваслаўным ці збольшага прытрымліваўся паганскіх абрадаў - усё тое пакрыта таямніцай.

Хутчэй за ўсё, што ён, таксама як і ягоныя ваяры, былі адначасова і балтамі і славянамі, і хрысціянамі і паганцамі. Такой у тыя стагоддзі была бадай уся нашая Гродзеншчына. Хрысціянства ўваходзіла ў нашае жыццё марудна, час-почас адступаючы, але пасля адваёўваючы новыя пазіцыі. Цікавы тут яшчэ адзін гродзенскі герой — князь Патрык-Поцірг-Патрыкей, які адганяў крыжакаў ад Гродна не толькі мячом, але і крыжам.

Давыд Гарадзенскі - персанаж для ўсіх

У адрозненне ад Стэфана Баторыя, Давыд Гарадзенскі сёння — гэта такі фолкгістарычна-фэнтэзійны персанаж, амаль што з «Гульні Прастолаў». Персанаж з умоўным наборам фактуры, які можна дапаўняць паводле ўласных фантазій у стылі газеты «Секретные иследования».

Таму кожная па-рознаму арыентаваная частка беларускага грамадства зможа напоўніць гэтага персанажа сваімі ўласнымі сэнсамі. Для кагосці Давыд Гарадзенскі будзе абаронцам праваслаўя і сваяком Аляксандра Неўскага (лічы прыхільнікам адзінства славянскіх народаў), для кагосці адчайным абаронцам незалежнасці Вялікага княства Літоўскага (лічы Беларусі), а для кагосці сапраўдным сімвалам горада над Нёманам.

Памятны знак Давыду Гарадзенскаму. Барэльеф У.Панцялеева. 2004 г.
Памятны знак Давыду Гарадзенскаму. Барэльеф У.Панцялеева. 2004 г.
Няхай будзе так, хай бы з’явіўся ў Гродне хаця помнік гэтаму гродзенцу, бо ўжо 15 (!) гадоў у горадзе афіцыйных помнікаў не ставілі. Паркавая скульптура аля «Гараджанін» насупраць Грамадзянпраекта або «Архітэктар» на беразе Гараднічанкі помнікамі не лічацца, а вось для Давада Гарадзенскага спатрэбіцца адабрэнне на самым высокім, мінскім, узроўні. Але, магчыма, і Мінск знойдзе ў Давыдзе Гарадзенскім нейкі свой сэнс.

Найбольш цяпер залежыць ад мастка

Калі знойдзе мастак-скульптар удалую метафару для адлюстравання таго суровага і страшнага часу, калі пабачым мы не прыгажуна з сонейкам на шчыце ў стылі віцязяў з казак рускіх пісьменнікаў ХІХ ст., а змучанага вайной, зусім не параднага, але перакананага ў сваёй справе чалавека, то Гродна атрымае яшчэ адну турыстычную цікавостку. Можа аўтар помніка неяк выкарыстае той самы акваманіл з музея рэлігіі, гэта ж па-сутнасці адзіны захаваны прадмет, як трымаў у руках гродзенскі кашталян?

Ну, а Стэфан Баторый трохі пачакае. Будзем рухацца па храналогіі!