Фірмовы кубак нашага выдання 13 лютага атрымала Эмілія Комар. Яна была чытачом-тэсціроўшчыкам старонкі на мінулым тыдні. Міма яе ўвагі не прайшла ніводная прапушчаная коска ці абдрукоўка ў нашых матэрыялах, бо Эмілія — прафесійны філолаг. Падчас навучання ва ўніверсітэце яна мела досвед працы ў рэгіянальных СМІ, таму яе каментары былі грунтоўнымі, а парады — прафесійнымі.

Паводле Эміліі, асноўныя перавагі старонкі ў аператыўнасці, наяўнасці даведак у матэрыялах, добрай афішы гарадскіх падзей і карыснасці інфармацыі. Найбольш цікавымі для яе былі гісторыі пра гродзенцаў і гарадское жыццё. Таму ў топ-3 ад Эміліі увайшлі менавіта такія публікацыі.

«На вуліцы грошы ніхто не збірае: як вызначыць махляра, які нажываеца на хворых дзецях»

«Для мяне — вельмі карысны і актуальны матэрыял. Заўсёды пра гэта задумваюся, калі бачу людзей такіх. Уражанне закончанасці, дастатковага раскрыцця тэмы. Спадабалася».

«Паміж педсаветам і подыўмам. Завуч з гродзенскай школы аказалася модным дызайнерам»

«Цікавы артыкул. Уражанне паўнаты расрыцця тэмы, адказ на ўсе магчымыя пытанні. Добры ілюстрацыйны матэрыял. І ўсё гэта пра завуча школы з Гродна! Вялікая журналісцкая знаходка!»

«Нашу цішотку з надпісам «Я — не гей». Гродзенец кінуў будоўлю і стаў майстрам па педыкюры

«Артыкул файны. Разбурае стэрэатып. Знешні пласт — аповед пра хлопца, які абраў для сябе незвычайную прафесію. Прыхаваная ідэя — мы акружаны гатовымі шаблонамі паводзін. Чалавек, як правіла, вымушаны выбіраць з прапанаванага грамадствам набору.»

Асоба Эмілія адзначыла матэрыялы з акцыі «Малюем з Hrodna.life», што праводзіцца ў падтрымку музея гарадскога быту Януша Паруліса: «Такія акцыі дадаюць сэнсу сайту! Файна»

Меркаваннем Эміліі, на старонцы магла б існаваць асобная рубрыка для гарадскіх чутак. Бо некаторыя навіны, хоць і цікавыя, але не маюць дастатковага абгрунтавання (напрыклад — Burger King можа адкрыцца ў Гродне ўжо гэтай вясной)

Таксама яна параіла дапрацаваць сістэму пошуку на сайце і дадаць туды магчымасць шукаць паводле даты.

«Не хапае праблемных людскіх гісторый. Мне падабаецца, калі СМІ вырашае праблему, прыцягвае ўвагу, змяняе становішча», — адзначыла Эмілія.

Што ж, будзем старацца знаходзіць такія гісторыі і дапамагаць людзям.

Наступным чытачом-тэсціроўшчыкам Hrodna.life будзе Улляна Ляшкевіч.