Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Чаго не хапае бязвізавым турыстам: 7 заўваг ад гродзенскіх экскурсаводаў

Каля 14 тысяч замежнікаў наведала Гродна і ваколіцы з моманту адкрыцця бязвізавага рэжыму ў кастрычніку 2016 года. Яшчэ 2-3 тысячы чалавек прыязджалі з візамі. І гэта без уліку украінцаў ды расіян, якіх таксама нямала наведвае Гродна. Спрошчаны рэжым перасячэння мяжы працуе, хаця пакуль цяжка казаць, ці набудзе рост турыстаў трывалую станоўчую дынаміку.

Трэба паляпшаць інфраструктуру

Асноўную масу бязвізавых наведвальнікаў горада складаюць літоўцы. Ім цікава глянуць на горад, дзе большасць з іх бывала толькі ў маладосці, і які застаўся такім аазісам савецкай эпохі. Але старэйшых літоўцаў у прынцыпе не так і шмат, а ў адносінах з маладымі літоўцамі непазбежна паўстае праблема моўнага бар’ера.

Чытайце яшчэ:  Амаль 14 тысяч турыстаў з 48 краін наведалі Гродна з моманту ўстанаўлення бязвізавага рэжыму

Іншыя замежныя турысты, нават другія па колькасці пасля літоўцаў палякі, ужо намнога больш пераборлівыя ў плане патрабаванняў да сервісу. Відавочна, што каб бязвізавы рэжым прыносіў гораду большую карысць, трэба працаваць над паляпшэннем інфраструктуры.

Сем праблем, якія трэба вырашыць

Hrodna.life апытаў гродзенскіх экскурсаводаў – якія парады яны гатовыя даць гарадскім і абласным уладам у плане развіцця турыстычнай інфраструктуры горада. Атрымалася сем пунктаў …

1. Адсутнасць дастатковай колькасці нумароў у гатэлях

Гэтую праблему трэба было вырашаць задоўга да ўвядзення бязвізавага рэжыму. Шлях тут не толькі і не столькі ў паўстанні новых прыватных і, як у нас водзіцца, даволі дарагіх гатэляў, а ў рэканструкцыі і пабудове танных гасцініц з маленькімі нумарамі і хостэлаў.

Таму дзіўна, што кітайскія інвестары збіраюцца аб’ядноўваць нумары ў выкупленым імі гатэлі “Гродна” і даваць ім нейкай дадатковай камфортнасці. Больш за 200 існуючых нумароў у “Гродне” напэўна вырашылі бы праблему гатэляў на бліжэйшы час, пакуль жа турысты вымушаныя задавальняцца адносна недарагімі “Амегай” і “Турыстам”. Іншыя гасцініцы нават для сярэднестатыстычных суседзяў задарагія.

Чытайце яшчэ:  Былая гасцініца "Гродна" стане трохзоркавай у кітайскай сетцы гатэляў Echeng

Адкрытым застаецца таксама пытанне, чаму ў нашым горадзе амаль няма хостэлаў, хаця ў Львове ці Вільні іх больш, чым гасцініц.

2. Адсутнасць грамадскіх туалетаў

Група ў 30-40 чалавек мусіць мець на сваім шляху хаця б 1-2 платныя туалеты. Але ўжо некалькі месяцаў зачынены адзіны больш-менш даступны туалет на Савецкай плошчы. Біятуалеты справу абслугоўвання соцень турыстаў вырашыць не могуць.

3. Паркоўкі

Адзіная больш-менш даступная турыстычная паркоўка каля сінагогі часта на 80% занятая прыватным транспартам гродзенцаў. Магчыма, трэба забараніць спыняцца на ёй прыватнаму транспарту.

Наогул трэба сур’ёзна прыслухацца да прапановаў грамадскасці пра прыстасаванне раёну Замкавай цалкам пад пешаходны рух. Машыны на гэтай вуліцы вельмі псуюць яе выгляд.

Чытайце яшчэ:  Замкавая вуліца павінна быць пешаходнай! Як гэта зрабіць, захаваўшы парковачныя месцы

4. Абмен грошай

У цэнтры горада замала абменнікаў. У суботу яны працуюць толькі да 15.00, а ў нядзелю не працуюць наогул. У раёне Савецкай вуліцы і плошчы трэба абсталяваць як мінімум адзін абменны пункт з доступам проста з вуліцы.  Мяняць грошы ў аддзяленнях банкаў доўга і не зручна.

Чытайце яшчэ:  Для турыстаў і гродзенцаў. Дзе ў Гродне абмяняць грошы пасля 19.00?

5. Моўная праблема

У большасці ўстановаў горада персанал не валодае нават суседняй польскай мовай, не кажучы ўжо пра “экзатычную” літоўскую. З англійскай мова сітуацыя таксама не самая лепшая.

6. Аўгустоўскі канал

Канал па-троху развіваецца, але варта звярнуць увагу на нелькі праблем. Катэгарычна патрэбная веладарожка ад канала да Гродна. Бязвізавыя турысты могуць пераехаць мяжу на веласіпедах у Кужынцы на канале, але даехаць да горада ім можна бадай што толькі па досыць загружанай машынамі і адпаведна даволі небяспечнай трасе Сапоцкін – Гродна. Так быць не павінна. Турыст пасля агляду канала павінен месць магчымаць за 1,5 гадзіны камфортна даехаць веласіпедам да горада. Таксама патрэбнае летняе кафэ хаця б на Дамброўцы.

Чытайце яшчэ:  Польскія велатурысты ў бязвізавым Гродне: "Людзі ветлівыя і горад прыгожы, але для велааматараў непрыстасаваны"

7. Доступ да гарадской інфармацыі на розных мовах

Трэба друкаваць больш буклетаў і карт, а пункт турыстычнай інфармацыі або яго філіял размясціць не ў раёне чыгуначнага вакзала, а бліжэй да цэнтра. Гораду таксама патрэбныя больш сур’ёзныя пуцяводнікі па-англійску, па-нямецку і па-польску, ды каб іх можна было набыць у кожнай краме.


Гэта агульныя пажаданні. Самае галоўнае – трэба нарэшце сур’ёзна брацца за аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны – замкі, сінагогу, забудову Гарадніцы, старыя могілкі па вуліцы Антонава… Такія аб’екты давалі б куды большую аддачу, у тым ліку і фінансавую, каб на іх у свой час была звернутая належная ўвага. Ну але лепш позна, чым наогул ніколі.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments