Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Падпішыся, каб атрымліваць навіны Hrodna.life рэгулярна на сваю паштовую скрыню.

“Беларусы не ўмеюць піць”. Стваральнік Гродзенскай Піўной Лігі пра культуру піцця і страчаныя традыцыі

Кірыл Мішын, адзін са стваральнікаў Гродзенскай Піўной Лігі, расказаў Hrodna.life, чаму мы страцілі нашы традыцыі піваварэння, навошта іх адраджаць і што выбраць у краме, калі ты не прыхільнік крафту.


Гродзенская Піўная Ліга – некамерцыйны праект Кірыла Мішына і Паўла Нічыпарэнкі, які існуе з 2016 года. Ідэя нарадзілася ў час навучання Кірыла на курсах піўнога дэгустатара ў Кіеве. Ліга збірае піўных аматараў, прывозіць добрыя напоі і ладзіць цікавыя мерапрыемствы ў барах горада. Дэгустацыі, канцэрты і кінапаказы праходзяць прыкладна двойчы ў месяц. Былі нават інтэлектуальная гульня Beer Quiz і гарадскі квэст.

Гродзенская Піўная Ліга прывозіла піва з бровараў “Пан Качын”, “Jungle Brewery”, “Двинский бровар”, “Mad Frog Brewery”,  у планах – супрацоўніцтва з “Blood Brothers”, “Талер” і іншымі піваварнямі.


Як мы страцілі традыцыі піваварэння?

У Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай былі вялікія традыцыі піваварэння. У кожнай карчме варылі сваё піва. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у часы Расійскай імперыі, па новым заканадаўстве вырабляць спірт стала эканамічна выгадней. Буйныя мануфактуры сталі пераходзіць на вытворчаць гарэлкі. А ў савецкі час ўсе былі роўнымі і пілі толькі “пралетарскія” гатункі: “Жыгулёўскае”, “Баварскае”, “Венскае”, “Аксамітнае”.

Кірыл Мішын і Павел Нічыпарэнка
Кірыл Мішын і Павел Нічыпарэнка

У Прыбалтыцы ў савецкі час захоўваліся традыцы хатняга піваварэння. У віленскіх піўных можна сустрэць півавара ў сёмым пакаленні. У нас усё было знішчана. У той час, як бельгійцы падалі заяўку на ўнясенне сваёй традыцыі піваварэння ў спіс спадчыны ЮНЕСКА, мы толькі-толькі дайшлі да таго, каб варыць рознае піва.

Якім было наша ранейшае піва?

Ёсць нанаткі падарожнікаў, што бывалі ў ВКЛ і РП. Адзін немец, які ехаў праз Гродна ў Расію, пісаў, што піва тут не горш за нямецкае. Захаваліся некаторыя рэцэпты. Былі нават спробы іх адрадзіць. У 2010 годзе Heineken з дапамогай навукоўца Алеся Белага, які вывучае беларускую кухню, выпусціў “Речицкое Белый Бархат”. Гэта было белае пшанічнае нефільтраванае піва, зваранае паводле рэцэптаў 16-18 стагоддзяў. Добрае па смаку, але не вельмі ўдалае камерцыйна.

А што такое “крафтавая рэвалюцыя”?

У 70-х гадах ХХ стагоддзя амерыканскія півавары вырашылі зварыць нешта новае. Вынік спадабаўся амерыканцам. Кожны півавар вырашыў “заскочыць” на гэтую хвалю і адыйсці ад звыклых традыцый і правіл. Пачалі дадаваць ягады, садавіну і шмат чаго іншага — атрымалася новае піва. Еўрапейцы таксама “ўлезлі” на гэтую хвалю. Некалькі гадоў назад крафтавая рэвалюцыя прыйшла ў Расію, а затым дакацілася і да нас.

Якое піва можна лічыць “крафтавым”?

Крафтавае піва – гэта эксперымент. Крафт – адыход ад традыцый і пераход да чагосьці новага. Крафт увогуле нельга абмяжоўваць: ні півавара, ні аддзел маркетынгу, які прыдумляе этыкетку і прадае піва. Нейкае піва можна падаць з цэлым філасофскім трактатам, які трэба прачытаць, каб зразумець яго. Пакупнік сам вырашыць, было гэта зварана крута ці гэта была няўдалая спроба.

v2p2ATvBzEY

Крафт – гэта маленькія піваварні, невялікі аб’ём, выкарыстанне толькі натуральных інгрэдыентаў. Калі раней адход ад традыцый был нонсэнсам (гэта ж жалезная класіка!), то зараз гэта вітаецца. Півавар – мастак. Калі параўноўваць з жывапісам, то крафт – сюррэалізм. Класіка ёсць і ў жывапісе, і ў піваварэнні. У піве гэта нямецкая “пшанічка”, светлы лагер, англійскі портэр. А ёсць сюррэалізм, ад якога зносіць дах.

Рынак добра ўспрыняў з’яўленне крафтавага піва. Крафт каштуе даражэй, але я гатовы пераплаціць, каб атрымаць якасць.

Як з культурай піцця ў Беларусі?

Яна адсутнічае. Мы не ўмеем граматна піць, не ўмеем пасля паводзіць сябе прыстойна. Мы спажываем за год 50 літраў піва на чалавека — гэта ўзровень Грэцыі, Іспаніі і Італіі – вінных краін. Пра піўны алкагалізм казаць не выпадае, бо немцы спажываюць больш за 100 літраў на чалавека. Але педантычных немцаў ніхто алкаголікамі не абзываў.

У нас людзі сапраўды п’юць. Калі не могуць набыць якасны алкаголь, набываюць кепскі. Псуецца здароўе, адбываюцца злачынствы. Па статыстыцы, 75% забойстваў адбываецца ў стане алкагольнага ап’янення. У нас хутчэй возьмуць таннае піва большай тарай, чым смачнейшае, але меншай.

Як піць правільна?

Нармальнае спажыванне піва – не больш за паўлітра ў дзень і не пад закуску, а пад нейкую страву. У інтэрнэце можна знайсці суадносіны піва і ежы. Напрыклад, бярэцца кававы портэр і дэсерт. Іншыя гатункі піва цудоўна спалучаюцца з вострымі стравамі ці рыбай. Чэшскаму лежаку пасуюць салаты з гародніны.

Ca-nzWg3iew

Півам нельга злоўжываць. У Гродзенскай піўной лізе шмат людзей, якія вядуць актыўны лад жыцця: веласіпедысты, фітнэс-трэнеры. Піва не перашкаджае заняткам спорту. Але гэта алкаголь, які ў вялікіх дозах шкодны для здароўя.

Гродзенская піўная ліга выступае за тое, каб не было двухлітровых бутэлек. Двухлітровая тара – самы вялікі прыбытак піўзаводаў. Пакуль будзе такая тара і цана, чалавек будзе задумвацца: узяць піва даражэй ці ўзяць танней і ў двухлітровай бутэльцы? Мы за добрае піва і невялікія аб’ёмы.

Што выбраць у краме чалавеку, які не хоча траціцца на крафт?

Беларускае піва не дрэннае. Яно проста безаблічнае. Нашы піўзаводы яшчэ некалькі гадоў назад варылі адно і тое ж. Адзіная розніца была ў цане. Зараз яны змяніліся і спрабуюць вылучыцца, залезці на хвалю крафта і зрабіць піва разнастайным. Гіганты выправіліся, а маленькія піваварні працягваюць нас радаваць. У краме ёсць дастаткова якаснага піва розных стыляў.

Мы праводзім сляпыя дэгустацыі. Апошні раз дэгуставілі светлы лагер. Купілі звычайнае светале піва з розных краін і параўналі з беларускім. Аказалася, што беларускае піва ў параўнанні з еўрапейскім вельмі нядрэннае.

Як Гродзенская Піўная Ліга адносіцца да крафтавых эксперыментаў піўзаводаў?

Я трошкі пасмейваўся, але ў гэтай лінейцы выйшла некалькі нядрэнных піў: Australian Bitter і IPA. Астатняе – спроба стварыць масавы крафт для людзей, якія не ведаюць, што такое крафтавае піва. Але гэта спроба разнастаіць наш піўны рынак, як мінімум за гэта лайк. Што атрымалася — можна спрачацца. Australian Bitter стаў сапраўдным прарывам для беларускіх заводаў-гігантаў, бо яны выпусцілі сапраўды добрае ахмялённае піва.

Па азначэнні піўны гігант не можа зварыць крафт. Гэта проста спроба зварыць цікавае піва і месцамі ўдалая. Але я прыхільнік маленькіх піваварняў.

Бар Beerлога атрымлівае сэртыфікат сябра Гродзенскай піўной лігі
Бар Beerлога атрымлівае сэртыфікат сябра Гродзенскай піўной лігі

 

Як правільна дэгуставаць піва?

Невялікай колькасцю. Спачатку ацэньваецца колер і ўзровень мутнасці. Піва павінна адпавядаць заяўленаму стылю. Калі напісана, што гэта светлы лагер, ён павінен быць светлым. Глядзіш на колер, удыхаеш водар. Па водару можна знайсці дэфекты ці іх адсутнасць. Ёсць цэлая табліца, па якой можна вызначыць, які пах ты адчуваеш: свежага сена, сціснутага паветра. Па ёй можна вызначыць, які момант тэхналогіі быў парушаны: захоўванне ці сам працэс піваварэння. Смак дазваляе адчуць нашмат больш.

Якія ў вас план па развіцці гродзенскага піваварэння?

Марай застаецца адкрыць сваю піваварню. А так мы гатовыя падключыццца да любога цікавага руху. Калі знойдзецца спонсар, можна вярнуць да жыцця гродзенскі піўзавод. У нас ёсць шмат ідэй, як варыць піва і прасоўваць. Ёсць людзі, якія маглі б гэтым займацца, але няма фінансаў.

Чытайце яшчэ:  Гродзенец распрацаваў архітэктурны праект рэстаўрацыі піўзавода: з музеем, хостэлам і рэстаранам

У нас няма выбітных асаблівасцей піва, асабліва ў масавым плане. Мы толькі пачынаем вылучацца. Нашы суседзі, палякі і прыбалты, ужо маюць свой стыль. Пакуль рана казаць пра беларускую школу піваварэння, хаця ў нас ёсць майстры вышэйшага ўзроўню.

У Гродне сучаснага піваварэння ўвогуле няма, толькі хатнія півавары. Піўзавод закрыўся, усе традыцыі забыліся. Сёння наш рынак закрываюць іншыя піваварні. Але ж гродзенец хутчэй купіць і прывязе гасцям сваё гродзенскае піва, калі будзе выбар. Нам патрэбна нешта сваё.

Чытайце яшчэ:  Піўзавод у Гродне перадалі дзяржаве, але яго далей ніхто не ахоўвае: ён застаецца ўлюбёным месцам падлеткаў

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments