Пераезд сталічных універсітэтаў у рэгіёны ды станаўленне лакальных ВНУ дасць імпульс мясцоваму развіццю, які мае эканамічныя рацыі ды падмацоўваецца сусветным досведам. Прынамсі чатыры нагоды развіваць універсітэты ў рэгіёнах пералічае на сайце «Ідэя» Вадзім Мажэйка.

Мэтанакіраваная дэцэнтралізацыя спрыяе развіццю

Сёння Беларусь — гіперцэнтралізаваная краіна. Блізу 20% насельніцтва жыве ў Мінску, тут адбываецца большасць цікавых падзей, тут сканцэнтраваная самая лепшая інфраструктура. У Мінску засяроджана 54% універсітэтаў і столькі ж адсоткаў студэнтаў.

То бок канцэнтрацыя вышэйшай адукацыі ў Мінску ў два з паловай разы большая нават за канцэнтрацыю тут усяго насельніцтва нашай краіны. Залішняя цэнтралізацыя — гэта транспартны калапс і касмічныя кошты ў сталіцы ды стагнацыя і пустэча ў рэгіёнах. Адзін з прызнаных спосабаў барацьбы з гэтым — выносіць у рэгіёны пункты прыцягнення людзей ды капіталаў: буйныя прадпрыемствы ды дзяржаўныя ўстановы (напрыклад, парламент Грузіі пераехаў у Кутаісі).

Такім пунктам прыцягнення рэсурсаў з’яўляюцца і ўніверсітэты. Моладзь з усёй Беларусі з’язджаецца ў Мінск у тым ліку і таму, што тут можна атрымаць годную адукацыю.


Універсітэты прыцягваюць бюджэтнае фінансаванне, вязуць з сабой грошы і моладзь.


Яны ствараюць попыт на сучасныя побытавыя ўмовы, а бізнес гэты попыт задавальняе. Так развіваюцца клубы ды кінатэатры, піцэрыі ды хіпста-бары, гандлёвыя цэнтры і гэтак далей.

Таму варта не толькі ўзмацняць ВНУ ў рэгіёнах, але і наўпрост выносіць туды ўніверсітэты з Мінска. Гэта вялікі ды доўгі працэс, аднак ён будзе спрыяць раўнамернаму развіццю рэгіёнаў і эканамічным бенефіцыям.

Гэта дазваляе ашчадзіць грошы

У рэгіёнаў хапае эканамічных пераваг перад Мінскам. Зямля там танная і яе наогул болей, таму рэалістычна будаваць новыя навучальныя карпусы ды інтэрнаты без касмічных выдаткаў, прычым побач адно з адным. Гэта не толькі зручна выкладчыкам і студэнтам, але і дапамагае стварыць атмасферу кампуса. Зрэшты, і без інтэрнатаў у рэгіёне можна знайсці сабе кватэру па меншым кошце. Жыццё ў рэгіёнах наогул больш таннае.

Сёння беларуская адукацыя каштуе ўсё болей: і аплата вучобы, і дадатковыя выдаткі накшталт здымнай кватэры. Гэты цяжар робіцца невыносным для сем’яў з тых жа рэгіёнаў, калі дома працы няма, а дзяцей хочацца накіраваць на вучобу ў добры ўніверсітэт.


Пераезд у рэгіёны дазволіць знізіць выдаткі бацькоў і студэнтаў.


Зрэшты, не ў накладзе застаецца і дзяржава. Пераезд універсітэтаў у рэгіёны патрабуе напачатку пэўных выдаткаў, асабліва на будаўніцтва. Але адначасова вызваляцца дарагія будынкі ды зямля ў цэнтры сталіцы. Іх можна як прадаць інвестару пад камерцыйную забудову, гэтак і выкарыстоўваць у якасці сучасных крэатыўных кластараў.

Універсітэты — частка комплекснага развіцця рэгіёнаў

Немагчыма стварыць ва ўмоўных Баранавічах крутую ІТ-акадэмію і чакаць, што з нейкага перапуду туды паедуць класныя выкладчыкі і студэнты — рэформы па развіцці рэгіёнаў мусяць быць комплексныя.

Трэба развіваць транспартныя сувязі (хутчэй, бізнес-лініі Белчыгункі, а не збяднелыя дзяржаўныя аўтапаркі). Варта клапаціцца пра медыцыну (сёння ў рэгіёнах у паўтара раза меней лекараў, чым у Мінску) ды іншыя сацыяльныя паслугі. Дзяржаве тут не варта браць непад’ёмны фінансавы цяжар, разумней будзе ствараць умовы для прыватных ініцыятыў (бо нават развіццё прыватных школ — добрая ідэя).

Менавіта недахопам комплекснасці можна ў значнай ступені тлумачыць мінулыя паразы Беларусі ў розных спробах рэгіянальнага развіцця — ад аграгарадкоў да гарадоў-спадарожнікаў. Швейцарскі цягнік, раён танных панэлек ці сучасны вясковы дом — самі па сабе яны не могуць кардынальна змяніць жыццё ў рэгіёне і прыцягнуць туды людзей ды грошы.


Трэба працаваць сістэмна, а ўніверсітэт — добрая нагода пачаць ды паспрабаваць.


Зрэшты, студэнт разумее, што едзе туды толькі на 4 гады, гэта не доўгатэрміновы выбар, эксперыментаваць так лягчэй.

Сусветны досвед: рэгіянальныя ўніверсітэты могуць добра працаваць

Гарвардскі ды Оксфардскі ўніверсітэты знаходзяцца зусім не ў сталіцах. Але рэгіянальныя ВНУ, да прыкладу, выдатна працуюць і ў блізкіх да Беларусі краінах.

У маленькай Літве таксама хапае праблем з залішняй цэнтралізацыяй (18% насельніцтва жыве ў Вільні), аднак шэсць моцных ВНУ працуюць у Каўнасе; тры з іх уваходзяць у ТОП-6 універсітэтаў Літвы. У Польшчы ўніверсітэты ёсць, бадай, у кожным мядзведжым куце, пра што на асабістым досведзе даведаліся беларускія стыпендыяты праграмы імя Каліноўскага. Трэцяе месца сярод украінскіх універсітэтаў займае Сумскі, чацвёртае — Харкаўскі, моцныя ВНУ ёсць у Львове.


На жаль, патэнцыял беларускіх рэгіянальных універсітэтаў на сёння далёка не раскрыты.


У сусветных рэйтынгах іх пазіцыі жахлівыя: у Webometrics Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт (ГрДУ) займае 3122 месца, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (ГДУ) — 4295, у іншых пазіцыі яшчэ горшыя. Не ратуе і рэйтынг беларускага Міністэрства адукацыі: ГрДУ на сёмым месцы, ГДУ — на дзявятым, Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт — на восьмым. Сярод вучэльняў, у якія паступаюць з найвышэйшымі прахаднымі баламі, адзначыліся таксама толькі ГДУ («Правазнаўства», 363) і Віцебскі медыцынскі («Фармацыя», 333).

Не існуе звестак пра паходжанне студэнтаў рэгіянальных ВНУ, аднак выглядае, што там навучаецца пераважна мясцовая моладзь альбо юнакі ды дзяўчаты з іншых рэгіёнаў, але не са сталіцы. Калі хлопец з Мінска ці Гродна паедзе ў Мазыр — гэта будзе здзіўляльным выключэннем. Але для еўрапейца няма нічога дзіўнага ў тым, каб ехаць з аднаго рэгіёна ў другі дзеля цікавай спецыяльнасці. Гэтак едзе моладзь і ў Каўнас ды Львоў.

Паедуць маладзёны і ў беларускія рэгіёны, калі там будуць даваць годную адукацыю. І гэткі рух можа стаць свежым подыхам, штуршком для развіцця рэгіёнаў.