Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

“Беларускае золата” ўзростам больш за 200 гадоў: саламяныя Царскія вароты са Старога замку

Гэты экспанат патрапіў у музей адным з першых. Вароты доўгі час захоўваліся царкоўна-археалагічным камітэтам і ляжалі на хорах Барысаглебскага манастыра. У 1924 годзе, па просьбе стваральніка і першага дырэктара музея Юзэфа Ядкоўскага, іх перадалі сюды. У музеях Беларусі арыгінальных саламяных варот толькі двое. Яшчэ адна такая рэліквія зхоўваецца ў Раўбічах. У Нацыянальным музеі ў Мінску ёсць падобны новадзел.

Пра асаблівасці і лёс гродзенскага артэфакта расказаў загадчык аддзела гісторыя краю Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Яўген Махнач.

staryi-zamak-salamyanyiya-varotyi-21

“Саломапляценне — гэта адметная рыса беларускай матэрыяльнай культуры, – адзначае гісторык. – У іншых краінах яно таксама было. Але менавіта ў нашай краіне дасягнула такога віртуознага ўзроўню”.

Гродзенскі скарб паходзіць з Палесся

У Беларусі саломапляценне было найбольш распаўсюджана на поўдні, бліжэй да Палесся. Адтуль паходзяць і вароты, што зараз захоўваюцца ў Гродне. У фонды царкоўна-археалагічнага камітэта яны патрапілі з сённяшняй Брэстскай вобласці – вёскі Лясковічы Іванаўскага раёна.

Перадачы варот у музей паспрыяў адзін з чальцоў царкоўна-археалагічнага камітэта Уладзімір Манасевіч. З Юзэфам Ядкоўскім іх звязвалі прыязныя адносіны і навуковыя даследванні. Пачаткова было запісана, што гэта вароты з уніяцкай царквы. Насамрэч, немагчыма дакладна сцвярджаць – уніяцкія яны ці праваслаўныя.

staryi-zamak-salamyanyiya-varotyi-2

Перажылі вайну і «падраслі» пасля рэстаўрацыі

Салома не адрозніваецца высокай трываласцю. Натуральна, што датаваныя канцом ХVIII – пачаткам XIX стагоддзя вароты ў савецкі час былі ў нездавальняючым стане. Таму ў 1970 годзе ў Гродна запрасілі майстарку саломапляцення, рэстаўратарку Ларысу Лось. Гэта яе рукамі рэліквія была адноўлена літаральна па крупіцах. Са словаў майстаркі, салома часам развальвалася ў руках, даводзілася выкарыстоўваць новы матэрыял. Па ходу працы яна і сама вучылася, асвойвала гістарычную тэхніку пляцення. На той час верхняя частка варот ужо была страчана. Яе Ларыса Лось аднаўляла ўжо на аналогіях, з выкарыстаннем тых самых тэхнік.

staryi-zamak-salamyanyiya-varotyi-3

Маюць сімвалічную «геаметрыю»

Асаблівасцю гэтым царскіх варот з’яўляецца тое, што саламяныя часткі ўзораў інкруставаны кавалкамі тканіны чырвонага, зялёнага, блакітнага і сіняга колераў. Да драўлянай рамы саламяныя элементы прымацаваны льнянымі ніткамі. Большая частка ўзораў выканана ў тэхніцы аб’ёмнага пляцення.

staryi-zamak-salamyanyiya-varotyi-14

“Асноўныя фігуры, з якіх складаецца ансамбль варот – гэта ромбы, квадраты і кругі, — патлумачыў Яўген Махнач. – Яны сімвалізуюць сонца. А хвалістыя лініі – гэта сімвал вады”.

У абразах — гісторыя Збавіцеля

Створкі варот падзелены на шэсць квадратаў. На кожным з іх месціцца абраз. Іконы напісаны алеевымі фабамі па дрэве. У верхніх квадратах паказаны архангел Гаўрыіл, што абвяшчае нараджэнне збавіцеля, і Дзева Марыя.

У чатырох квадратах ніжэй месцяцца выявы евангелістаў побач з адметнымі сіваламі. Матвей намаляваны з анёлам, Марк са львом, Лука з быком, Ян з арлом. У хрысціянскай традыцыі гэтыя сімвалы таксама атаясамляюцца з вобразам Хрыста. Яны азначаюць, што будучы па прыродзе анёлам, Хрыстос памёр, як ахвярная  жывёла – бык, потым паўстаў, як леў, і ўзнёсся на нябесы, накшталт арла.

Уражваюць нязменна

Паводле Яўгена Махнача, унікальнымі з’яўляюцца не толькі самі вароты, а і той факт, што ўдалося захаваць іх да нашых дзён. У музей і зараз часта прыязджаюць майстры-рамеснікі, каб вывучыць спосабы і прыемы традыцыйнага саломапляцення ці паглядзець на рэдкі твор народнага мастацтва. Ды і наведвальнікаў, як з нашай краіны, так і з-за мяжы, экспанат нязменна ўражвае.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments