Як выглядалі гусары ў часы Стэфана Баторыя, чым займаліся, дзе жылі і як хадзілі ў паходы — гэта і многае іншае на працягу выходных паказваюць на тэрыторыі гродзенскіх замкаў госцi з Польшчы. Упершыню ў Гродна прыехала гусарская харугва: больш за трыццаць мужчын з даспехамi і зброяй. Іх суправаджаюць жанчыны, апранутыя ў адзенне XVI-XVII стагоддзяў.

Рэканструктары эпохі росквіту Рэчы Паспалітай прыехалі ў Гродна нездарма — гэта тое месца, дзе жыў і 430 гадоў таму памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. Ён быў венграм са старажытнага роду Баторы.

Вялікая падзея для Гродна

Супрацоўнік гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч з’яўляецца адным з арганізатараў прыезда польскіх гусараў у Гродна. Гісторык адзначае, што прыезд такіх рэканструктараў - важная падзея для горада.

«Калі раней у нас былі невялікія канферэнцыі на тэму Баторыя, то такога роду мерапрыемства ў нашым горадзе праходзіць упершыню за доўгі час. Ды і ўпершыню ў нас на высокім узроўні адзначаецца нейкая дата, звязаная з каралём Стэфанам Баторыем. Прыехаць у Гродна — гэта была ініцыятыва самой арганізацыі гусар, якая існуе ў Польшчы. Яны выйшлі з ініцыятывай на беларускую амбасаду, а яна ў сваю чаргу — на мясцовыя ўлады. А мы як музей дапамаглі арганізаваць увесь працэс у Гродне з перасячэннем мяжы», — адзначыў Андрэй Вашкевіч.

«Стэфан Баторый — гэта наша агульная гісторыя»

Рэканструктары прыехалі ў Гродна па бязвізавым рэжыме, гэта і спрасціла афармленне розных дакументаў. Вось толькi на мяжы гасцям прыйшлося затрымацца на чатыры гадзіны, каб беларускія памежнікі маглі праверыць увесь багаж.

[irp posts="5402″ name=" Беларусь без візы". Польскі блогер Міхал Сікорскі выпусціў відэасправаздачу з паездкі ў Гродна"]

Прыехала каля пяцідзесяці рэканструктараў эпохі XVI -XVII стагоддзяў: як мужчыны, так i жанчыны з дзецьмi. Самі рэканструктары — з розных гарадоў Польшчы, адзін — з Чэхіі.

Рэканструктар Пётр Душа жыве ў горадзе Бельска-Бяла, што недалёка ад Кракава. Ехаў у Беларусь з вялікім задавальненнем.

«Стэфан Баторый гэта наша агульная гісторыя. Цікавасць да гэтай асобы ў нас, у палякаў, вельмі вялікая, так што нам прыемна прыехаць у слаўны горад Гродна, дзе жыў і памёр кароль. Крыху затрымаліся на мяжы, бо памежнiкi ўсё старанна правяралі.

Асабіста я ў Гродне першы раз, да гэтага быў у Мінску, і мне той горад вельмі спадабаўся, спадзяюся і Гродна спадабаецца. Паглядзець Беларусь хочуць многія. У нас адна культура і адна гісторыя, так што мы павінны ездзіць у госцi. А бязвізавы ўезд у краiну — гэта вельмі добра", — адзначыў рэканструктар.

[irp posts="1699″ name="Каб з гвалтаўніка і забойцы не зрабілі героя. Чаму ў Гродне чым хутчэй трэба паставіць помнік Стэфану Баторыю"]

Адразу ж пасля прыезду госці з Польшчы выйшлі да гродзенцаў у сваіх касцюмах. У далейшых планах у іх разбіць лагер, а таксама паглядзець горад, які палюбіў Стэфан Баторый.

«Баторый аб’яднаў лёсы трох народаў»

Сустракалі рэканструктараў і афіцыйныя асобы: польскі консул Яраслаў Ксёнжак і ганаровы консул Венгрыі ў Брэсце Сяргей Нядбайлаў.

«Прыемна бачыць столькі светлых і вясёлых людзей. Хоць і гадавіна смерці Баторыя, але мы памятаем яго дзеі і заслугі. У свой час кароль аб’яднаў лёсы трох народаў - Польшчы, Венгрыі і Беларусі. Мы, сённяшняе пакаленне, павінны памятаць яго як вялікага чалавека і павінны ім ганарыцца», — адзначыў Нядбайлаў.

Помнік Баторыю ў Гродне

На рэканструктараў прыйшоў паглядзець і старшыня гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. На пытанне журналістаў «Калі ў Гродне з’явіцца помнік Баторыю?» старшыня сказаў, што ён не супраць, але гэта пытанне часу.

«Чаму б і не? Да гэтага пытання трэба старанна падысці, трэба падрыхтаваць праект. Вось з польскім консулам Яраславам Ксёнжакам можам гэта пытанне рэалізаваць па трансгранічным супрацоўніцтве».

Сам жа консул сказаў, што польскі бок не супраць такой ідэі і было б сімвалічна паставіць помнік каралю менавіта на плошчы Баторыя (цяперашняя Савецкая).

7

Даведка

У Гродна Стэфан Баторый упершуню прыехаў у 1579 годзе. Горад яму так спадабаўся, што ён жыў і адпачываў менавіта тут, дзе і памёр ва ўзросце 53 гадоў. Каралём Польшчы і вялікім князем літоўскім ён быў на працягу 10 гадоў (1576 — 1586 гады).

Стэфан Баторый, безумоўна, адна з найважнейшых асоб у гісторыі Гродна. Пры ім і пасля яго пачаўся «залаты век» Гродна (першая палова XVII стагоддзя). Па яго распараджэнню пачалося ўзвядзенне ў рэнесансным стылі мураванай Фары Вітаўта. Кароль перабудаваў замак, з яго дазволу ў Гродне з’явілася мураваная сінагога. Гэты легендарны чалавек уваходзіць у тройку самых знакамітых гродзенцаў.