Гарадзенцам падабаецца казаць пра старажытнасць свайго горада. Але ці ведаюць гараджане, што робіць горад «старым», акрамя замкаў і Каложы? А можа, старая Гародня — гэта хутчэй міф? Ці гатовыя гарадзенцы бараніць сваю старажытнасць ад знішчэння? Ці можна параўнаць гарадское развіццё Гародні і іншых беларускіх гарадоў? Ці мае перавагі наш горад ад памежнага становішча? Андрэй Чарнякевіч распавядае Гродзенскаму Зялёнаму парталу пра Гародню, заахвочвае больш пільна ўглядацца ў горад і быць ягонымі суграмадзянамі.

— Гарадзенцы ганарацца гістарычнасцю горада. Наколькі для сучасных гараджан сапраўды важна яе абараняць?

— Паняцце «старая Гародня» — гэта ўстойлівы стэрэатып, які, па вялікім рахунку, паўстаў на фоне агульнай сітуацыі з культурна-гістарычнай спадчынай Беларусі. То бок у Гародні захавалася не аб’ектыўна шмат помнікаў, а ўсяго толькі трошкі больш у параўнанні з іншымі беларускімі гарадамі.

Гэты стэрэатып нам таксама, у пэўным сэнсе, дастаўся ў спадчыну. Прыкладна тое ж казалі пра Гародню ў міжваенны час, а можа, нават трохі раней, бо тут былі замкі, Каложа, магнацкія палацы, Гарадніца. Тады як, напрыклад, ад старога Брэста не засталося амаль нічога. Гэта паўплывала на сённяшняе ўяўленне пра наш горад.

Але калі прыгледзецца, то робіцца відавочна: у рэальнасці гэтая старасвецкая спадчына нават для большасці жыхароў горада невядомая. Напрыклад, гарадзенцы шмат чулі пра лямус, найстарэйшую драўляную гаспадарчую пабудову наогул у межах Беларусі, аднак знайсці яго і паказаць у стане далёка не ўсе. А можна яшчэ прыгадаць Верхнюю царкву, старыя жыдоўскія могілкі, палац Станіславова, умацаванні часоў Паўночнай вайны, ды шмат чаго яшчэ.

Такім чынам, старая Гародня — гэта, перш за ўсе, міф, які павінен падмацоўваць самакаштоўнасць гарадзенцаў. Маўляў, мы жывем ў старажытным месцы, горадзе «рыцараў і дойлідаў», «каралеўскім горадзе» ды г. д. Вось толькі само па сабе знаходжанне сярод старажытных руін не робіць нас спадкаемцамі ўласна гэтай гісторыі.

Схаваны ад гарадзенцаў і гасцей глыбока ў кляштарным дзядзінцы, драўляны лямус і зараз рэдка трапляе на турыстычныя шляхі
Схаваны ад гарадзенцаў і гасцей глыбока ў кляштарным дзядзінцы, драўляны лямус і зараз рэдка трапляе на турыстычныя шляхі
Рэдкі гарадзенец пазнае ў гэтым перападзе рэльефу між вуліцамі Паўлоўскага і Леніна – валы часоў Паўночнай вайны
Рэдкі гарадзенец пазнае ў гэтым перападзе рэльефу між вуліцамі Паўлоўскага і Леніна — валы часоў Паўночнай вайны
— Ці можна параўнаць гарадское развіццё Гародні і іншых беларускіх гарадоў? Або гарадоў Польшчы і Літвы?

— Ведаеце, гэта вельмі цяжка. У першую чаргу вельмі цяжка параўнаць патэнцыял гарадоў, параўнаць само асяроддзе. Сённяшнія гарады Польшчы і Літвы ўпісаныя ў больш шырокі еўрапейскі кантэкст, ужо толькі таму што гэтыя краіны ўваходзяць у ЕС. Беларусь жа ў выніку геапалітычнай сітуацыі апынулася ў пэўным закутку, а Гародня, магчыма, нават больш, чым іншыя гарады. Можа, з часам нешта зменіцца.

Зараз вялікія спадзяванні звязваюць з развіццём бязвізавага руху. Аднак гэтыя некалькі кіламетраў спрошчанага наведвання іншаземцамі яшчэ не ў стане вярнуць нас на каралеўскі шлях, які ішоў праз Люблін, Брэст, Гародню, Вільню і вызначаў пэўную цывілізацыйную прастору.

Некалі вельмі запатрабаваны шлях Пецярбург-Варшава зараз перарваны шматлікімі дзяржаўнымі межамі. Зараз станцыя Гродна з’яўляецца канчатковай для цягнікоў як з Кракава, так і з Масквы
Некалі вельмі запатрабаваны шлях Пецярбург-Варшава зараз перарваны шматлікімі дзяржаўнымі межамі. Зараз станцыя Гродна з’яўляецца канчатковай для цягнікоў як з Кракава, так і з Масквы
Пакуль мы бачым, што Гародня значна вядзе рэй у Беларусі, калі гаворка ідзе пра гістарычныя даследаванні. Гэта адбылося літаральна за апошняе дзесяцігоддзе. У нас з’явілася велізарная колькасць кніг, артыкулаў. І я бы сказаў, Гародня па некаторых накірунках на першым месцы.

З другога боку, адбываецца яўная дыферэнцыяцыя падыходаў. Каб не быць галаслоўным, прывяду прыклад. Той жа Брэст сёння разглядаецца галоўным чынам праз Брэсцкую крэпасць. То бок усё, што канцэптуальна звязана з развіццём горада, за нейкім выключэннем, гэта найперш крэпасць. Менск ужо падняўся да ўзроўню, калі існуюць праекты лакальнага развіцця, якія разглядаюць асобныя раёны, напрыклад, той жа Верхні горад, Старажоўку і г. д. Віцебск прадстаўляецца праз Шагала, Гомель — праз палац Паскевічаў, Полацак — Сафія.

Вось тут у Гародні ёсць цяжкасці. Быццам і шмат храмаў, але яны з розных эпох. Замкі — патрабуюць рэнавацыі. У лакальным варыянце прагучаў толькі Новы свет. Па-за межамі горада ў лепшым выпадку можна назваць спробы стварыць кальцо «Гарадзенскія фарты», нейкія маёнткі, турыстычны маршрут «Шляхам Ажэшкі» і гэта бадай усё.

Горад атрымліваецца нібы падвешаным у паветры, пазбаўлены твару. Ён, з аднаго боку, маўляў «старажытны» — стары, а з іншага не стварае адчуванне адзінай прасторы, ты прасоўваешся ад помніка да помніка, але не бачыш самой Гародні.

— Гародня ўжо згубіла і далей губляе сваё гістарычнае аблічча. Уратаваць атрымліваецца нямногае. Як можна правільна абысціся з гэтай непажаданай гісторыяй — ці можна памяць пра знесеныя будынкі нейкім чынам упісаць у сучасную Гародню?

— Тут ключавое слова «гісторыя», то бок само разуменне і бачанне гісторыі. Калі мы кажам, што страцілі нешта — гэта песімістычна. Але на гэта можна паглядзець з іншага боку. Мы пабачылі каштоўнасць першай гарадзенскай электрастанцыі, мы пабачылі каштоўнасць той жа кафлярні, каштоўнасць Новага свету. Пабачылі і зразумелі, што больш ні на што, акрамя саміх гэтых ведаў, не здолелі. Часу не засталося, бо самі помнікі — ужо зніклі, ці амаль знішчаны. Веды не ператварыліся ў нешта большае: месца памяці, культурны цэнтр, гарадскі брэнд.

Стары гарадскі млын маладзёны не змаглі абараніць – і вось, 10 гадоў на яго месцы пустэча
Стары гарадскі млын маладзёны не змаглі абараніць — і вось, 10 гадоў на яго месцы пустэча
Першую гарадзенскую электроўню ўжо ніхто і не спрабаваў асабліва абараняць. Гародня паступова губляе цэлы пласт прамысловай архітэктуры
Першую гарадзенскую электроўню ўжо ніхто і не спрабаваў асабліва абараняць. Гародня паступова губляе цэлы пласт прамысловай архітэктуры

У гэтым сэнсе цікавай падаецца праблема захавання савецкай спадчыны. Яна таксама зараз страчваецца, і ў першую чаргу таму, што мы не бачым у ёй гісторыі — каштоўнасці! Паглядзіце, як адбываецца рэканструцыя спальных раёнаў. І тут адзін толькі мой сябра Андрэй Вашкевіч, які спрабуе звярнуць увагу, напрыклад, на пабудову сталінскіх часоў, нічога не зменіць, таму што для большасці гэта ўсяго толькі ўтылітарныя аб’екты. Гэтыя спальныя раёны падобныя да старой скуры, з якой мы ўжо выйшлі. Але калі пройдзе пэўны момант і мы будзем глядзець на іх як на каштоўнасць, ад іх мала ўжо што можа застацца.

Сапраўдны палігон для знішчальнікаў старасвецкай Горадні стаўся раён Новы Свет. Ёсць засцярога, што гэты канструктывістычны драўляны асабняк падзеліць лёс сваіх суседзяў з Залатой Горкі
Сапраўдны палігон для знішчальнікаў старасвецкай Горадні стаўся раён Новы Свет. Ёсць засцярога, што гэты канструктывістычны драўляны асабняк падзеліць лёс сваіх суседзяў з Залатой Горкі

Гэта наогул тычыцца ўсёй страчанай спадчыны. Мы страцілі роўна столькі, колькі паспелі сабе прысвоіць — пабачыць помнік архітэктуры і зразумець ягоную каштоўнасць. Гэткі дзіўны парадокс выдатна можна праілюстраваць на прыкладзе Каложы: яшчэ ў першай палове ХІХ ст. праваслаўная царква ставілася да яе, як да непрыдатнага да службы, без выразных мастацкіх якасцяў будынку. Аднак ужо пасля першай катастрофы, калі частка сцяны царквы абрынулася, у голас загаварылі пра найстаражытнейшы храм, першую праваслаўную святыню! Ці з апошніх падзей: два гады назад на Будзёнага знеслі аднапавярховы дом — нічога асаблівага. Аднак, толькі так шырокае грамадства даведалася аб тым, што горад страціў будынак былой алоўкавай фабрыкі — адну з трох ці чатырох на ўсю Расейскую Імперыю!

Гарадзенцы, нават самыя цікаўныя сярод іх, доўгі час не здагадваліся, што маленькі будынак на вул. Будзённага – старая запалкавая фабрыка. На яго месцы зараз узводзіцца шматкватэрны сучасны дом
Гарадзенцы, нават самыя цікаўныя сярод іх, доўгі час не здагадваліся, што маленькі будынак на вул. Будзённага — старая алоўкавая фабрыка. На яго месцы зараз узводзіцца шматкватэрны сучасны дом

У нашым уяўленні існуюць створаныя вобразы, якія павінны адпавядаць пэўнаму ідэалу ці, худчэй, стэрэатыпу. Той жа Стары замак. Ён менш за ўсё падобны на сярэднявечны замак, як мы яго сабе ўяўляем. Ці палацы ў Станіславова ды Панямуні. На іх павесілі ахоўныя знакі, але самі помнікі не ўражваюць, пакідаюць амаль абыякавымі. З іншага боку, яны ўсё ж існуюць: займаюць месца ў гарадскім ландшафце, і нішто не замінае, напрыклад, нейкім чынам засвоіць тыя парэшткі. Праблема ўзнікае там, дзе само гэтае месца поўнасцю занятае навабудам ці цалкам знішчанае. І нейкага моманту прысваення ўжо ніколі не адбудзецца. Як з занеманскім палацам Радзівілаў, на месцы якога пабудавалі ў свой час завод Карданных валаў, ці з новымі жыдоўскімі могілкамі, што ператварылі ў стадыён…

Стоячы ў чэргах па квіткі, заўзятары хіба ўжо і не здагадваюцца, што іх каманды бегаюць па касцях старых гарадзенцаў – жыдоў
Стоячы ў чэргах па квіткі, заўзятары хіба ўжо і не здагадваюцца, што іх каманды бегаюць па касцях старых гарадзенцаў - жыдоў

І ўсё ж мы павінны адысці ад песімістычнага, алярмнага погляду на гісторыка-культурную спадчыну Гародні. Так, канешне, тое, што адбываецца, не адпавядае нашым жаданням. Аднак няварта пераходзіць на гістэрыку, няварта казаць, што ўсё прапала.

Па-першае, гэта неканструктыўна, калі замест канкрэтных крокаў (напрыклад, складанне заяваў на ўключэнне будынка ў спіс па ахове помнікаў) усё зводзіцца да ўзаемных абвінавачванняў. Па-другое, мае псіхалагічныя наступствы — мы ва ўсім бачым адно толькі знішчэне, абсалютна не ўспрымаем альтэрнатыўных падыходаў (як у выпадку са спробаю рэстаўратараў з дапамогай сучасных матэрыялаў падкрэсліць дабудаваныя пазней аб’ёмы на гэтак званым Гарадскім палацы культуры). Па-трэцяе і самае галоўнае — калі ўспрымаць апанентаў выключна як ворага, агрэсара, ён абавязкова гэткім стане.

Занядбаны, забыты Панямунскі палац апошняга караля чакае адраджэння сваёй велічы – замінае толькі палітычная воля і эканамічная здольнасць
Занядбаны, забыты Панямунскі палац апошняга караля чакае адраджэння сваёй велічы — замінае толькі палітычная воля і эканамічная здольнасць

— Тая старая архітэктура, якая сёння захавалася і якая з’яўляецца помнікамі, для тагачасных грамадзянаў была сучаснай і адпавядала іх патрэбым, адпавядала свайму часу. Ці можна сёння знайсці прыклады новай гарадзенскай архітэктуры, якія некалі будуць помнікамі?

— Яшчэ зусім нядаўна можна было пачуць пра «канец гісторыі» — маўляў, мы ўжо ўсяго дасягнулі і нічога новага не адбудзецца. Усё прадказальна. Прайшло ўсяго два дзесяцігоддзі і сёння прадказальнага амаль нічога не засталося. Калі, напрыклад, аднойчы з усіх гэтак званых хрушчовак застануцца адзін-два будынкі, то гэта ўжо будуць помнікі. Тое самае можна сказаць і пра ўсё астатняе: лядовыя палацы, гіпермаркеты ды г. д.

Прадстаўнік позняй “сталінкі”, нават проста”хрушчоўкі”. Хто ведае, можа праз якіх 50 гадоў іх застанецца ня так многа, і нашыя нашчадкі будуць бедаваць, трацячы кожны такі будынак
Прадстаўнік позняй «сталінкі», нават проста"хрушчоўкі". Хто ведае, можа праз якіх 50 гадоў іх застанецца не так многа, і нашыя нашчадкі будуць бедаваць, трацячы кожны такі будынак

Іншая справа — гэта тыя будынкі, якія ўжо сёння маюць сваю індывідуальнасць. Напрыклад, палац тэкстыльшчыкаў на Савецкай плошчы, у самым цэнтры Гародні. Ён будаваны ў сталінскія часы па тыпавым праекце, але ў межах горада ён — унікальны. Больш за тое, палац надзіва ўпісваецца ў архітэктурны ансамбль плошчы. Да падобных савецкіх помнікаў, але ўжо больш позняга часу, можна аднесці і драмтэатр. Адзінае, што помнік сам па сабе — гэта не заўсёды плюс. Ягоныя каштоўнасці, ягоныя якасці могуць супярэчыць нашаму эстэтычнаму густу. Узгадайма, напрыклад, спіс дзесяці найбольш безгустоўных будынкаў савецкай эпохі на harodnia.com.

Палац культуры працаўнікоў тэкстыльнай прамысловасці ў нечым нават паўтарыў аб’ёмы знішчанай апошняй вайной “Батароўкі”
Палац культуры працаўнікоў тэкстыльнай прамысловасці ў нечым нават паўтарыў аб’ёмы знішчанай апошняй вайной «Батароўкі»

— Сусветныя тэндэнцыі — засвойванне непатрэбных вялікіх прамысловых плошчаў. Ствараюцца хабы, кластары, крэатыўныя прасторы. У Гродне памяшканняў хапае, але яны практычна не асвоеныя творчымі і дзелавымі коламі. Як думаеце, чаму?

— У Гародні акурат нямала прыкладаў засваення старых прамысловых плошчаў. І адзін з яскравых — старыя тытунёвыя склады Шарашэўскага на Будзёнага, выдатны прыклад эклектыкі. Месца ў нейкім сэнсе культавае для інтэлектуальнага асяродку Гародні.

На пачатку 90-х прадпрымальнікі мелі хіба больш густу і павагі да аўтэнтычнай архітэктуры. Былыя склады тытунёвай фабрыкі амаль бясшкодна пераўтварыліся ў офісны комплекс
На пачатку 90-х прадпрымальнікі мелі хіба больш густу і павагі да аўтэнтычнай архітэктуры. Былыя склады тытунёвай фабрыкі амаль бясшкодна пераўтварыліся ў офісны комплекс

Таксама будынак клуба «База» — можа, там не зусім арыгінальна, але прастора выкарыстоўваецца. Частка такіх пляцовак, напрыклад, зараз пераходзіць у сферу культуры, асветы, як новае памяшканне дзяржаўнага гістарычнага архіва на Курчатава, напрыклад.

Іншая справа, што сама па сабе публічная прастора — гэта прастора свабоды. А з гэтым у нас усё яшчэ праблема. Напэўна, маглі б з’явіцца цікавыя праекты, але пакуль Гародня застаецца пад больш пільнай увагай з боку ідэалагічнай вертыкалі, горад губляе шанец ператварыцца ў сапраўдную культурную сталіцу Беларусі. Асобная размова, чаму так сталася, але гэта — нашая рэчаіснасць.

Гародня — гэта наогул цікавае месца, тут і з прамысловымі прадпрыемствамі своеасаблівая сітуацыя. У параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі больш за ўсё прамысловых зон у Гародні было размешчана менавіта ў гістарычным цэнтры. Некаторыя з гэтых будынкаў актыўна выкарыстоўваюцца і зараз. У старым будынку тэкстыльшчыкаў месціцца вышэйшая навучальная ўстанова. Аднак праз дарогу памяшканні былога піўзавода зусім не выкарыстоўваюцца і развальваюцца на вачах. Былая гарбарная пляцоўка таксама стаіць і ўжо прызначаная да зносу, хаця сам будынак можна было б залічыць да помнікаў гісторыі, але гэтага не зрабілі.

Пасля вайны ў былой вайсковай казарме размесцілася суконная фабрыка, зараз тут прыватная ВНУ
Пасля вайны ў былой вайсковай казарме размесцілася суконная фабрыка, зараз тут прыватная ВНУ

Толькі-толькі зараз пачынаецца рух у бок засваення тых прастораў, якія былі пакінутыя ў цэнтры. На месцы старых карданных валаў пабудавалі Еўраопт на Ціміразева, зараз паўстала пытанне пра лёс іншага прадпрыемства побач — Таргмаша. Частка яго тэрыторый аддаецца пад жылыя кварталы і г. д. Усё тая ж самая канцэпцыя — забудаваць спальнымі раёнамі і атрымаць максімальны прыбытак.

У выніку мы ў чарговы раз страчваем магчымасць пераглядзець стратэгію развіцця горада. Зразумела, што калі чалавека паставіць перад выбарам — атрымаць жыллё ў цэнтры горада ці пасяліцца ў Альшанцы, а ў цэнтры стварыць новы парк, то выбар, баюся, будзе не на карысць парку. Акрамя таго, зямля ў цэнтры каштуе шмат, і гарадскія ўлады спрабуюць выціснуць з гэтых праектаў па максімуму. У выніку, фактычна, губляючы рэальную магчымасць пашырыць гістарычны цэнтр ад той жа Савецкай плошчы да Станіславова!

У сярэдзіне ХІХ ст. горад ледзь ня страціў адзін з палацаў Сапегаў – на беразе Нёмана размясціўся гарадзенскі бровар. Вось ужо хутка дзесяцігоддзямі будзем адлічваць, як наш горад пазбыўся ўласнага піва. Але праз нядбайнасць і безгаспадарлівасць у Гародні могуць забыцца як пра Сапегаў, так і багатыя броварныя традыцыі каралеўскага горада
У сярэдзіне ХІХ ст. горад ледзь не страціў адзін з палацаў Сапегаў - на беразе Нёмана размясціўся гарадзенскі бровар. Вось ужо хутка дзесяцігоддзямі будзем адлічваць, як наш горад пазбыўся ўласнага піва. Але праз нядбайнасць і безгаспадарлівасць у Гародні могуць забыцца як пра Сапегаў, так і багатыя броварныя традыцыі каралеўскага горада

Калі вы параўнаеце планы развіцця Гародні за апошнія 60 год, то вы пабачыце, што мяняліся канцэпцыі і кожная з іх бачыла горад вачыма сваёй эпохі. Сталінскі генплан прадугледжваў велізарныя дарогі, ды нават не дарогі, а праспекты для маршаў. Іншы праект — сярэдзіны 70-х гадоў, прапаноўваў асобны бюракратычна-адміністрацыйны цэнтр у раёне Каложскага плато, што само па сабе, магчыма, было някепска.

Сённяшняе горадабудаўніцтва прытрымліваецца канцэпцыі гвалтоўнага капіталізму: грошы на першым месцы, а што станецца праз пакаленне — праблема нашчадкаў.

Атрымаецца выбіць кітайскі крэдыт на рэканструкцую маста праз Нёман — будуць грошы на заробак ды прэміі. А хто і калі стане аддаваць крэдыт, наогул не разглядаецца.

— Наколькі мы правінцыйны горад? Што можна сказаць пра правінцыйнасць горада — гэта кепска ці тут ацэначнасць адсутнічае?

— Нядаўна выйшла кніга калектыву гісторыкаў «Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам». У самой назве ўжо была спроба па-іншаму паглядзець на паняцце правінцыі ды перыферыі. Тут правінцыя — гэта ўжо культурны, гістарычны і эканамічны фенамен, увасабленне пэўнай жыццёвай стратэгіі, якая нясе ў сабе шмат каштоўнага.

Сэнс катэгорыі правінцыя сам па сабе залежыць ад таго, у якім кантэксце вы яго выкарыстоўваеце. Ці вы яго выкарыстоўваеце ў нейкай адмоўнай карціне свету, каб патлумачыць, чаму тут не атрымліваюцца праекты і чаму людзі адсюль з’язджаюць. Ці вы бачыце ў геаграфічна-культурнай аддаленнасці правінцыі ад цэнтра ці ні адзін з галоўных рэсурсаў. І тады вы атрымаеце зусім іншы краявід.

Але вось што цікава: у залежнасці ад таго, які з гэтых поглядаў удасца данесці да грамадства, шмат у чым залежыць які сцэнар — песімістычны ці аптымістычны, мы здолеем рэалізаваць на практыцы, залежыць сама будучыня. Калі мы разглядаем Гародню як трамплін і выкарыстоўваем гэтыя магчымасці, мы будзем мець адну будучыню. Калі Гародня — гэта правінцыя ў сэнсе тонучага карабля, з якога трэба хутчэй збегчы, то і будучыня будзе такой.

— Чаго нам не хапае, каб быць ідэальным горадам, меккай для гасцей і турыстаў? Якія з нашых магчымасцей мы не выкарыстоўваем?

— Адна з першых і галоўных — гэта чалавечы патэнцыял. Гародня як архітэктурная прастора, як месца пагранічча — гэта тыя тэмы, пра якія варта яшчэ разважаць. Але галоўны патэнцыял Гародні сёння — гэта людзі.

Можа, я ў нейкай ступені і наіўны, верачы, што ліберальныя свабоды ў стане змяніць свет, але ў нашым выпадку акурат свабодаў і не хапае. Бо там, дзе яны з’яўляюцца, ужо адбываюцца пэўныя пазітыўныя вынікі. Нам варта сёння паступова рухацца ў гэты бок. Свабода, калі мы кажам пра гісторыкаў, гэта ў першую чаргу абмену думак, магчымасці трансляваць свае веды і ператвараць іх у намацальныя каштоўнасці: турыстычныя аб’екты, брэнды, фестывалі, месца памяці.

Мая ідэальная Гародня — гэта горад, які будзе прыязным у кожным сваім абліччы, горад, які здолее стварыць менавіта грамадскае, чалавечае асяроддзе, дзе ты будзеш адчуваць сябе ў першую чаргу суграмадзянінам. І тут ужо гаворка не толькі пра камфорт тэхнічны, але пра ментальную прастору.

Дазволю сабе скончыць прыкладам. Дзесьці ў адным з гарадзенскіх падвалаў мой калега-краязнаўца Ігар Лапеха робіць макет Гародні для будучага музея. Аднойчы, спадзяюся, досыць хутка, ён пакажа яго на публіцы. Калі не ідэальны горад, дык, прынамсі, горад нашай мары. Магчыма, гэта будзе такі штуршок, каб хаця б частку з таго, што Ігар увасабляе ў сваіх рэканструкцыях-фантазіях, калісьці мы ўбачылі ў рэчаіснасці.

Краязнаўца Ігар Лапеха можа адбудаваць увесь цэнтр Гародні на пач. ХХ ст. Але ці падтрымаюць гэтую ініцыятыву мясцовыя ўлады ці прадпрымальнікі, каб аўтар мог запаліць сваёй марай аб адбудове горада саміх гарадзенцаў?...
Краязнаўца Ігар Лапеха можа адбудаваць увесь цэнтр Гародні на пач. ХХ ст. Але ці падтрымаюць гэтую ініцыятыву мясцовыя ўлады ці прадпрымальнікі, каб аўтар мог запаліць сваёй марай аб адбудове горада саміх гарадзенцаў…