Гэты дом прыцягвае да сябе ўвагу нават пасярод шэрага ладных дамкоў Савецкай вуліцы ў Гродне. Цікавы па стылю, ён не падобны да даходных дамоў пачатку ХХ ст. і мала пацярпеў падчас войнаў. Гісторыя ж у яго такая багатая, што, спыніўшыся побач, можна распавядаць як мінімум паўгадзіны.

Шляхціц з незвычайным бізнесам

Дом гэты пабудаваў шляхціц Севярын Мікалай Ромер (1820−1885) — ураджэнец недалёкай ад Гродна Губінкі. Як і многія прадстаўнікі шляхты таго чагу, Ромер не толькі знаходзіўся на дзяржаўнай службе — быў маршалкам шляхты Гродзенскага павета, але і спрабаваў сябе ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Від дзейнасці быў выбраны для шляхціца незвычайны — гатэльны бізнес.

Ад “Гатэля паўстанцаў” да “Пяльменнай”: дом Севярына Ромера з вялікай гісторыяй і зусім без шыльдаў
Самая старая выява гатэля Ромера, зробленая Напалеонам Ордам. 1860-я гг.
Ромер сам запраектаваў будынак і ўзвёў яго напрыканцы 1850-х гг. з дапамогай мясцовых будаўнікоў. Так Гродна атрымаў самы лепшы свой гатэль, які сярод гараджан атрымаў назву «Гатэля Ромера» або прасцей «Дома Ромера».

Касір паўстанцаў

Хто ведае, як бы склаўся прадпрымальніцкі лёс шляхціца, калі б не паўстанне 1863 г. Пасля пачатку паўстання Севярын Ромер заняў пасаду касіра паўстанцкай арганізацыі ў Гродзенскім павеце.

У красавіку ці маі 1863 г. у гатэлі Ромера адбыўся сход членаў гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі па раскладцы падаткаў на памешчыкаў пад кіраўніцтвам Станіслава Солтана. Спачатку сабраліся ў нумары Юндзіла, які тут жыў: Солтан, Камінскі, Багатка, князь Чацвярцінскі, Э. Заблоцкі. Юндзіл здаў сабраныя 3000 рублёў срэбрам ваяводскаму касіру Багатцы.

У сходзе ўдзельнічалі, акрамя вышэй названых: Мілевіч, Ромер, Рэдых, Вайсятыч, Дашкевіч, Сільвестровіч. Паводле пазнейшых паказанняў Ромера браў удзел у гэтым сходзе і Кастусь Каліноўскі. Такім чынам — гатэль Ромера — гэта яшчэ адно месца на карце нашага горада, дзе бываў наш нацыянальны герой.

Высланы ў Томскую губерню

Жонка Севярына Ромера Тэадора кіравала жаночай арганізацыяй, збірала сродкі і медыкаменты для паўстанцаў. Відавочна, што такі актывізм маршалка шляхты не выклікаў захаплення ў царскіх уладаў. Ромер быў пазбаўлены ўласнасці (у тым ліку і дома) і высланы ў Томскую губерню. Тады ж улады ліквідавалі і саму пасаду «маршалак шляхты», замяніўшы гэты «перажытак» часоў Рэчы Паспалітай агульназразумелым «предводитель дворянства».

Жонка Ромера была адпраўлена ў Казанскую губерню (у параўнанні з Сібірру — вельмі камфортнае месца), аднак паехала за мужам. Ромеры жылі ў Табольску, адкуль праз шмат гадоў вярнуліся на радзіму.

Пахаваны Севярын Ромер у мястэчку Лішкава на тэрыторыі сучаснай Літвы, зусім недалёка ад Друскенікаў.

«Гатэль паўстанцаў»

Гатэль Ромера, канфіскаваны і праданы ўладамі, хаця і называўся «Маскоўскі», аднак сярод гродзенцаў яго доўга называлі «гатэлем Ромера», або «гатэлем паўстанцаў». Камяніцу набылі Моўша і Ліза Ясяноўскія, якія пераназвалі гатэль у «Пецярбургскі» і адкрылі тут краму рэйнскіх вінаў і каланіяльных тавараў. У пачатку ХХ ст. будынак належаў Юдэлю і Таўбе Рыманам. Яны перабудавалі гатэль, пашырыўшы яго да 33 нумароў. Тады ён атрымаў назву «Маскоўскі».

Ад “Гатэля паўстанцаў” да “Пяльменнай”: дом Севярына Ромера з вялікай гісторыяй і зусім без шыльдаў
Вуліца Саборная ў гады Першай сусветнай вайны. Гатэль Ромера добра бачны

Ад “Гатэля паўстанцаў” да “Пяльменнай”: дом Севярына Ромера з вялікай гісторыяй і зусім без шыльдаў
Немцы ўваходзяць у Гродна. За нямецкімі вазамі - дом Ромера. 1915 г.

Апошняе прыстанішча Рады БНР

У сакавіку-красавіку 1919 г. тут працавалі Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская павятовая рада, Цэнтральная беларуская рада Гродзеншчыны, клуб «Беларуская хатка», Грамада беларускай моладзі, курсы беларускай мовы, адбываліся беларускія вечарыны, працавала рэдакцыя газеты «Беларусь».

Можна сказаць, што гэты будынак быў апошнім прыстанішчам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на беларускай зямлі, паколькі тут вясной 1919 г. адбываліся яе паседжанні.

Нямецкая мытня

Пасля таго, як горад быў акупіраваны немцамі ў гады Другой сусветнай вайны, для аховы зноў створанай мяжы паміж тэрыторыямі «Белосток» і «Остланд» на адрэзку Гродзенскага раёна ў кастрычніку 1941 г. было створана Галоўнае мытнае ўпраўленне ў складзе Вярхоўнага фінансавага ўпраўлення Усходняй Прусіі.

Ад “Гатэля паўстанцаў” да “Пяльменнай”: дом Севярына Ромера з вялікай гісторыяй і зусім без шыльдаў
У гады апошняй вайны ў гатэлі Ромера знаходзілася нямецкая мытня
З дамовы паміж оберпрэзідэнтам фінансаў Усходняй Прусіі з гаспадаром дома ад 16 лютага 1942 г. вынікае, што апошні здае ў наём «на карысць Рэйха для жылых і службовых мэтаў наступныя памяшканні: 9 жылых памяшканняў, 14 кабінетаў, 2 склады, 1 прыёмную і 5 гаражоў» пры ўмове штомесячнай арэнднай аплаты ў памеры 195,1 рэйхсмарак.
Ад “Гатэля паўстанцаў” да “Пяльменнай”: дом Севярына Ромера з вялікай гісторыяй і зусім без шыльдаў
Вуліца Савецкая ў 1940 годзе.

Карпюк, антысавецкая арганізацыя і «Пяльменная»

У другой палове 1940-х тут мясціўся інтэрнат Гродзенскага педагагічнага інстытута, у ім у гэты час жыў будучы знакаміты гродзенскі пісьменнік Аляксей Карпюк. Тут жа ў той самы час дзейнічала падпольная студэнцкая беларуская антысавецкая арганізацыя, разгромленая НКУС. Адным з яе кіраўнікоў быў студэнт гродзенскага педагагічнага інстытута Уладзімір Кісель, бацька вядомага беларускага актывіста 1990-х гг. і журналіста газеты «Пагоня» Зміцера Кіселя.

У ліпені 1947 г. у будынак перасяліўся апарат гродзенскага гарвыканкама з усімі аддзеламі. У 1961 г. на цокальным паверсе адчынілася «Пельменная».

Тое адно з легендарных месцах грамадскага харчавання ў нашым горадзе. Некалькі відаў пельменяў, закускі і нават алкаголь лёгка маглі задаволіць густ і студэнта, і камандзіровачнага і нават мясцовага чыноўніка.

Ад “Гатэля паўстанцаў” да “Пяльменнай”: дом Севярына Ромера з вялікай гісторыяй і зусім без шыльдаў
У 2007 г. дрэвы на Савецкай вуліцы спілавалі

Столькі гісторый і аніводнай шыльды

У іншым горадзе сцены гэтага будынка былі б завешаныя мемарыяльнымі шыльдамі, якія нагадвалі б гродзенцам пра важныя старонкі беларускай гісторыі, што тут адбываліся. Пакуль жа толькі шыльда харчэўні «Семафор» запрашае ўсіх, хто хоча, пакаштаваць дранікаў са смятанай.