Гадзіны часу і спазнення на цягнік каштавала Паўлу Антусевічу паштоўка з Пагоняй, знойдзеная мытнікамі ў асабістых рэчах пры пераходзе мяжы. Студэнт вяртаўся з летняй школы «Руху «За Свабоду». Паведамленне пра інцыдэнт з’явілася на старонцы прэс-сакратара руху Вольгі Быкоўскай каля 15 гадзін 21 ліпеня.

У 16.30 у тэлефоннай размове Вольга паведаміла, што, пратрымаўшы гадзіну і зрабіўшы пільны дагляд асабістых рэчаў, Паўла адпусцілі. Прыцягнула ўвагу мытнікаў паштоўка з выявай Пагоні. З-за гэтага ўвесь багаж праверылі на наяўнасць матэрыялаў экстрэмісцкага кшталту.

«Чаму ў вас Пагоня? — запыталіся ў мяне. — А чаму нельга? — адказаў я» — так коратка Павел распавёў пра дыялог са службоўцамі. Такое здарэнне адбылося з ім упершыню і выклікала здзіўленне: няўжо дагэтуль Пагоню асацыююць з экстрэмісцкімі матэрыяламі?

Праз затрымку на мяжы Павал спазніўся на цягнік. Прыйшлося выехаць дадому на гадзіну пазней аўтобусам.